Як мастацтва можа рэагаваць на тое, што адбываецца вакол?
- 25.06.2020
- 7008
34 завітаў на вэбінар How-to курсу для актывістаў і актывістак «Арт-актывізм як “эфектыўная сіла”», дзе абмяркоўвалі, як рэалізаваць выставу падчас пандэміі і чаму ў Беларусі актуальныя размалёўкі, зробленыя амаль дзесяць год таму. Мастачка Марына Напрушкіна паказала на ўласных праектах у Беларусі і Германіі, як рабіць арт-паведамленне заўважным.
На думку актывісткі, мастацтва заўсёды мае палітычны кантэкст, паколькі ў пэўнай ступені гэта рэакцыя на абставіны, у якіх мы ўсе жывём. І ў гэтым кантэксце ў мастацтва ёсць добрыя прыёмы для камунікацыі.
У 2013-м Марына Напрушкіна заснавала ініцыятыву «Новае суседства ў Маабіт» (раёне ў цэнтры Берліна), прысвечаную бежанцам, да наплыву якіх улады Германіі не падрыхтаваліся. У тым годзе побач з яе домам адкрыўся адзін з першых інтэрнатаў для такіх іншаземцаў. Першай актыўнасцю стала майстэрня для жыхароў інтэрнату. Потым гэтая ініцыятыва разраслася ў вялікую асацыяцыю са сваім памяшканнем. Туды прыходзяць людзі з розным вопытам і кажуць пра тое, што іх хвалюе.
Першы праект часткова з’явіўся дзякуючы гэтай ініцыятыве.
Жанчыны і закрытыя граніцы
Асабліва моцна сітуацыя з каранавірусам ударыла па культурным сектары, яшчэ больш – па жанчынах, якія ў ім працуюць. Увесь даход згубіўся, плюс закрыліся школы і дзіцячыя садкі, таму дома клопатаў дадалося. Жанчынам-мастачкам важна было падтрымліваць адна адну ў такі няпросты час, нават праз закрытыя граніцы. Такім чынам нарадзіўся праект з плакатамі, які цяпер экспануецца ў цэнтры Берліна.
Паколькі галерэі і музеі былі зачыненыя, выставу вырашылі рабіць на гарадской ратушы, якая ўжо паўгода на рамонце. Мастачкі і актывісткі надрукавалі на будаўнічай сетцы больш за 30 плакатаў, кожны памерам адзін на два метры, і развесілі на рыштаванні.
Сам працэс па атрыманні дазволу ад ратушы быў даволі бюракратызаваным, а пасля таго, як паперы былі атрыманыя, праварадыкальная партыя спрабавала забараніць выставу на падставе таго, што ратуша павінна быць нейтральнай да розных меркаванняў. Але ж галерэі ў многіх выпадках з’яўляюцца такімі ж дзяржаўнымі ўстановамі: чаму ў іх можна выстаўляцца, а тут не? Выстава атрымала добрае асвятленне ў прэсе і спадзяецца спакойна дажыць да канца экспазіцыі.
Да таго ж мастачкі запусцілі анлайн-марафон: кожны дзень хтосьці з удзельніц робіць пасты на тэму граніц і гендару. Такім чынам расце архіў вакол гэтай экспазіцыі.
Фармат плакату добры, бо танны і яго можна шматразова ўзнаўляць. Ён вельмі радыкальна дэмакратычны: цяпер з’явілася шмат плакатных праектаў, дзе мастачкі хутка рэагуюць на сітуацыю вакол.
Салідарнае адзенне
У гэтай ініцыятыве актывісткі перашылі рэчы з сэканду: сумясцілі форму для працаўнікоў і працаўніц са звычайным хатнім адзеннем. Праект паказвае салідарнасць, дапамогу іншым праз веды. Сёння кожны чалавек павінен мець веды адразу ў некалькіх прафесіях, умець рабіць шмат рэчаў. Плюс на ўсялякіх мерапрыемствах такое адзенне дапамагае мастачкам вылучыцца як адной групе, таму яны апранаюць яго на акцыі.
Падтрымка падчас пандэміі
Гэты праект таксама яшчэ жыве ў горадзе. У першыя тыдні, калі каранавірус прыйшоў у Германію, мастакі і мастачкі не мелі магчымасці сустракацца ў памяшканні. Трэба было неяк падтрымліваць адно аднаго ў сацыяльнай ізаляцыі і не згубіцца. Тады нарадзілася чарговая акцыя з плакатамі на тэму таго, што цяпер адбываецца. Свае пачуцці і думкі можна было рэалізоўваць у любой форме: выявы, пытання, каментара і гэтак далей. Потым плакатамі заклеілі вокны – атрымалася альтэрнатыўная выстава.
«Тут галасуюць усе»
Такія налепкі распаўсюджваліся ў Берліне ў 2017 годзе перад выбарамі. У Германіі 8 мільёнаў чалавек, якія там жывуць, але галасаваць права не маюць. Магчымасць выбраць свайго кандыдата – адзін з самых асноўных момантаў, каб адчуць сабе часткай гэтага грамадства. Ідэя была ў тым, каб у дзень выбараў адкрыць сімвалічна ўчастак для галасавання для ўсіх у незалежнасці ад грамадзянства. За некалькі месяцаў да гэтага пачалася падрыхтоўчая праца, бо бежанцы вельмі скептычна адносіліся да ідэі: яны адчувалі сабе поўнасцю залежнымі ад палітычнага рашэння «зверху». З-за гэтага асабліва не цікавіліся палітыкай і не ведалі палітычных партый. На працягу трох месяцаў актывісты штовечар сустракаліся з людзьмі і абмяркоўвалі палітычныя праграмы, запрашалі да іх кандыдатаў у дэпутаты. Гэта быў доўгі працэс, каб паказаць інструменты дэмакратычнага ўплыву, якімі можна карыстацца нават у бягучай сітуацыі. У выніку працы актывістаў на галасаванне прыйшло вельмі шмат людзей, і яны ўжо ведалі, за каго хочуць галасаваць.
А ў нас выбары ўсё тыя ж
Разам з рознымі арганізацыямі Марына Напрушкіна рэалізавала некалькі арт-праектаў і ў Беларусі. Адзін з выпускаў газеты «Белорусское самоуправление», якая друкавалася ў 2011–2012 гадах, быў прысвечаны жанчынам. Размова ішла пра выбары: падчас кампаній шмат жанчын актыўна ў іх удзельнічаюць і падтрымліваюць рух, але, калі справа даходзіць да нейкіх пасад, іх выціскаюць зноў. Газета рабілася для таго, каб паказаць дзейнасць жанчын і падтрымаць іх.
Мой тата міліцыянер
Міжнародны цэнтр грамадскіх ініцыятыў «Наш дом» у 2011 годзе выпусціў размалёўку «Мой папа милиционер. Что он делает на работе?». Яны выйшла ў межах кампаніі «Асцярожна, міліцыя!». Актывісты і актывісткі сустракаліся з жанчынамі, якія расказвалі пра гвалт з боку міліцыі. Іх расказы дапаўнялі чорна-белыя малюнкі. Размалёўка павінна была распаўсюджвацца для сем’яў міліцыянераў, бо дома чалавек можа быць клапатлівым бацькам, а на працы – паказваць сабе з зусім іншага боку. Калі яна з’явілася анлайн – разляцелася па ўсім інтэрнэце. Была рэакцыя нават з боку рэгіянальных дэпутатаў. На некаторых людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, была заведзена крымінальная справа. Праз гэта Марына Напрушкіна раіць мастакам заўсёды працаваць з дасведчанымі актывістамі ці арганізацыямі, якія ведаюць, як правільна распаўсюджваць інфармацыю, і змогуць у сітуацыі з затрыманнямі абараніць і сябе, і мастака.
Поўная версія вэбінару тут:
How-to курс для актывістаў і актывістак ладзіць ініцыятыва «СалідарныЯ». Наступны вэбінар пройдзе на платформе Zoom 26 чэрвеня. Ён будзе прысвечаны валанцёрству. Вядоўца – праваабаронца Наста Лойка. Цікава? Рэгіструйся па спасылцы.