10 прычын пераехаць жыць і працаваць на вёску

  • 15.05.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 9084

У святле апошніх падзей думка пра тое, каб з'ехаць на вёску – бліжэй да прыроды, – ужо не здаецца рамантычным трызненнем. Разам з арганізатарамі праграмы «Настаўнік для Беларусі» мы знайшлі як мінімум дзесяць прычын сабраць валізкі проста цяпер.

 

1. Адчуваць геній месца

Ну, вядома, яно – пяшчотнае «ўлонне прыроды», без якога ода вёсцы як быццам не ода зусім. Насамрэч сэнс не ў палях, лясах ды іншых буколіках (хоць у іх таксама), а ў тым, што навакольны свет нарэшце становіцца табе суразмерным. Самы высокі аб'ект тут – гэта векавая хвоя, а не мапідаўская свечка, што ад'ядае прыстойны кавалак зорнага неба. Па гарызанталі погляд можна кідаць на кіламетры наперад, не ўтыкаючыся ў сцены ці чалавечыя фігуры. Усе заходы і світанкі цяпер твае.

 

2. Слухаць цішыню

У вёсцы лёгка пабыць аднаму(-ой). Пакапацца ў сваіх успамінах, жаданнях, марах. Тут менш шуму ва ўсіх сэнсах: батлы канапавых экспертаў у Facebook становяцца такімі ж далёкімі, як Казахстан.

 

3. Бачыць цуды

Тут кожны дзень адбываецца нешта неверагоднае. Заляцеў у акно майскі жук. Гарышча засялілі ластаўкі. У колер бурштыну афарбаваўся месяц. Зоі Міхайлаўне з вуліцы Кастрычніцкай прыйшла паштоўка з Канады – ад унукаў.

 

4. Менш спажываць

У вёсцы ніхто не моліцца на брэнды і не просіць патлумачыць за шмот. Калі тут чымсьці і мераюцца, то гарбузамі. Тут лёгка быць класным(-ай) сваімі справамі, а капітал – хоць даляравы, хоць сацыяльны – не мае рэальнай вагі. Дадатковы плюс: менш спажываеш – менш смеціш. Калі ў горадзе экалагічнасць – гэта штодзённая барацьба («мне латэ ў свой кубак», «трубачку не трэба», «дзе здабыць малако ў разліў?»), то ў вёсцы гэта адзін з кітоў, на якім стаіць мясцовая філасофія (яшчэ два: «keep calm» і «вялікае – у малым»). Ты выдатна зэканоміш, купляючы толькі тое, што табе рэальна патрэбна, а кайфаваць ад рэдкіх пакупак будзеш больш.

 

 

5. Дзяліцца

Аднойчы на Вялікдзень у цябе на стале апынецца з дзясятак розных кулічоў. І ты зразумееш. І вельмі хутка таксама пачнеш дзяліцца – часам, рукамі, ідэямі – і атрымліваць задавальненне ад таго, што дапамагаеш. Суседзі ў хрушчоўках даўно ходзяць адно да аднаго па соль толькі ў кіно, а ўсе з'явы ад слова «шэрынг» у горадзе – платныя. У вёсцы тэма часцей працуе. Вядома, пры ўмове, што ты хочаш наладзіць адносіны з суседзямі (яны спачатку будуць да цябе асцярожна прыглядацца). Напрыклад, нашаму знаёмаму маладому настаўніку фізры ляпіць шпалеры ў адзіноце не прыйшлося, а падчас яго ад'езду мясцовыя накалолі сюрпрызам дроў. На вёсцы ён апынуўся праз «Настаўніка для Беларусі». Разам з дзвюма іншымі ўдзельніцамі распавёў 34 пра тое, як гэта класна – дапамагаць малым раскрываць іх патэнцыял, вучыць быць самастойнымі, актыўнымі, смелымі.

 

6. Быць сапраўдным(-ай)

За вылікам штучных стымулаў пачынаеш разумець, што ты ёсць. І табе раптам можа спадабацца гэты чалавек. Хай ён не бяжыць па кар'ернай лесвіцы праз прыступку, не валодае сталёвым прэсам, любіць спаць да абеду, размаўляе з коткай, піша першы музычны альбом занадта павольна. У вёсцы сціраецца непатрэбная рытуальнасць: каб выйсці з хаты, табе не патрэбныя офіс, выстава або забраніраваны столік. Ты проста выходзіш. І калі ты прыбіраешся ў шаўковую кашулю, то робіш гэта ў першую чаргу сабе ў задавальненне.

 

7. Будаваць глыбокія зносіны

Мастацтва смол-токаў у вёсцы таксама ў парадку («абяцаюць маразы на травеньскія», «пачым цукар брала?», «калі дзеці прыедуць?»), але наогул тут атрымліваецца камунікаваць глыбей і ўдумлівей. Пасля пераезду кола зносін перабудоўваецца само сабой. Непатрэбныя людзі да цябе проста не прыедуць, патрэбныя – будуць гасцяваць абавязкова.

 

8. Здабываць запал

У вёсцы любы крэакл вольны рэалізаваць даўнюю мару: папрацаваць рукамі. Можна высадзіць рукалу з падаконніка ў грунт, напілаваць дроў для лазні, сабраць табурэтку, прыгатаваць сыр. А калі сяброўства з лобзікам і шурупакрутам не заладзіцца, што ж: інтэрнэт правялі ўсюды, а вясковыя ціктокеры сягоння ў топе. У вёсцы можна граць на музычных інструментах настолькі гучна, наколькі вытрымліваюць твае вушы. Можна здымаць лясны хорар на тэлефон. Завесці вялікага сабаку.

 

 

9. Рэалізоўвацца

Сапраўды лепш быць першым тут, чым другім у Рыме. А каб стаць першым, па галовах ісці не прыйдзецца. Свабодных ніш поўна, займай любую. Той жа вясковы настаўнік – усё яшчэ не самая прэстыжная прафесія, але тут многае ў тваіх руках. Дзяліцца ведамі, досведам і атрымліваць наўзамен энергію розуму, не закаламучанага лжывымі мэтамі, – гэта велізарны прывілей. Зусім выдатна, калі на гэтым шляху табе дапамогуць вопытныя эксперты і ментары.

 

10. Спазнаваць сілу кам'юніці

Любое месца, дзе ты жывеш, можна і трэба рабіць лепшым. У вёсцы прастора для манеўру велізарная. Ты можаш сублімаваць лішак энергіі ў які-небудзь рух. Разбіць зімовы сад, пабудаваць вераўчаны гарадок, зладзіць тэатр пад адкрытым небам – чаму б і не? У гэтым ахвотна возьмуць удзел усе, хто глядзіць на жыццё так жа актыўна, як ты.

 

 

«Настаўнік для Беларусі» працягвае новы набор. Запрашаюць у тым ліку людзей не са спецыфічна педагагічнай адукацыяй. Калі пройдзеш сіта заявак – прапампуешся на летнім інтэнсіве і адправішся на два гады ў школу ў невялікім горадзе ці вёсцы. Па-над стаўкай табе прадаставяць стыпендыю, разруляць пытанне жытла, акажуць ментарскую падтрымку – створаць усе ўмовы, у якіх твайму таленту раскрывацца будзе прасцей. Праграма «Настаўнік для Беларусі» рэалізуецца з 2019 года мясцовым адукацыйным фондам «Новая Школа», заснаваным «БПС-СБЕРБАНК» у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Даведацца больш аб праграме і аформіць заяўку можна па спасылцы.

 

Фота: palasatka