Як стварыць петыцыю, што мае шанс спрацаваць?
- 19.06.2020
- 6806
На чарговым вэбінары How-to курсу для актывістаў і актывістак Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекта «Зручны горад. Petitions.by», распавёў, на што трэба звярнуць увагу, каб паспяхова вырашыць праблему праз петыцыю. 34mag зрабіў інструкцыю па матывах выступу.
Абірай правільны заканадаўчы інструмент
Petitions.by працуе ў рамках закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», а ён мае свае абмежаванні. Напрыклад, немагчыма змяніць праз петыцыю тое, што датычыцца крымінальнага кодэксу ці судовага рашэння.
Калектыўнае лепш за адзіночнае
Пісьменна складзеныя калектыўныя электронныя звароты нашмат лепей за адзіночныя. Калі чыноўнік(-ца) бачыць вялікую колькасць подпісаў, ён (яна) разумее, што праблема можа вырасці ў нейкі пратэст, таму падобны зварот разгледзіць болей уважліва.
Да таго ж бяздзейнасць чыноўніка(-цы) можа мець для яго (яе) прававыя і кар’ерныя наступствы:
Прававыя: калі з-за бяздзейнасці чыноўніка ўзнікла праблема. Напрыклад, на петыцыю пра разбітую дарогу чыноўнік адказаў адпіскай, а потым на гэтай дарозе здарылася ДТЗ. Пасіўнага слугу народа ў такім выпадку могуць прыцягнуць да адказнасці.
Кар'ерныя: калі незадаволеных грамадзян шмат – значыцца, чыноўнік дрэнна працуе на месцы. З-за гэтага трэба задзейнічаць больш высокія ўзроўні, а рабіць гэтага ніхто не хоча. Менавіта таму добра аформленыя петыцыі з вялікай колькасцю подпісаў падштурхоўваюць вырашэнне праблемы.
Подпісы афармляй у адпаведнасці з законам
На petitions.by гэта робіцца аўтаматычна: трэба запоўніць усе электронныя палі, каб пакінуць подпіс. А вось галасы, якія збіраюцца на change.org, не маюць юрыдычнай сілы. Калі такі зварот трапіць да чыноўнікаў, яны могуць проста выкінуць яго ў сметніцу.
Менш крэатыву, больш аналізу
Добры аналіз праблемы – гэта аснова. Лепш адразу разабрацца, што за праблема, чаму яна склалася, чые інтарэсы закранутыя, хто і як спрабаваў яе вырашыць, чаму не атрымалася. Пасля гэтага можна рухацца далей.
Абавязкова шукай прычынна-выніковыя сувязі. Кожная прычына з’яўляецца наступствам, якое з’явілася з іншай прычыны. Такім чынам можна выбудаваць іерархію праблем і наступстваў, каб цалкам разабраць сітуацыю. У выніку будзе прасцей пісаць электронны зварот з патрабаваннямі і падмацоўваць іх нормамі закона ды правамі чалавека.
Прыклад: жыхары пасёлка Ласосна стварылі петыцыю, каб замяніць грунтоўку ў кірунку да горада асфальтаванай дарогай. Прычына праблемы не ў наяўнасці грунтоўкі ці асфальту, а ў тым, што жыхарам нязручна дабірацца з пасёлка да горада, а ім важна туды дабірацца з шэрагу патрэбнасцей.
Не прасі
Пазіцыя просьбы няверная ў корані. У чыноўніка не трэба прасіць зрабіць дарогу. Нашмат правільней пісаць тэкст звароту і спасылацца на закон. Любую праблему можна раскласці на складнікі і суаднесці іх з правамі чалавека. А потым паглядзець, якія правы чалавека абараняе наша заканадаўства. Насамрэч шмат. Вось так ад агульнага да прыватнага можна прыйсці да пісьменнага тэксту патрабаванняў са спасылкамі на заканадаўства.
Напрыклад, калі ў пасёлку няма школы і садка, бацькі павінны падводзіць дзяцей да навучальных устаноў у горадзе. Тут закранаецца права дзіця на доступ да адукацыі – адно з фундаментальных правоў чалавека. Адсутнасць асфальтаванай дарогі парушае правы дзіця.
Рабі карту патрабаванняў
Пасля аналізу варта зрабіць табліцу з чатырох слупкоў. І запісаць у ёй мэты, адрасатаў, патрабаванні і тэкст звароту.
Мэты – чаго вы дабіваецеся, навошта гэта робіце і па якіх індыкатарах сочыце за зменамі.
Навошта асфальтаваць дарогу? Каб малодшых школьнікаў маглі давезці да школы, а старэйшыя маглі самі нармальна дайсці да прыпынку грамадскага транспарту, каб ДТЗ з удзелам пешаходаў было менш.
Адрасат – напрыклад, кіраўнік райвыканкама.
Напісаць тэкст петыцыі можна двума спосабамі:
1. Кожнае патрабаванне – абзац. Пералічыць патрабаванні, абгрунтаваць іх і казаць пра тое, каб у пэўны тэрмін нешта прывялі ў адпаведнасць з законам.
2. Выкарыстаць шаблон з паслядоўных пытанняў, адказваючы на якія прапісваць тэкст:
Для каго гэтая ініцыятыва? — Для жыхароў пасёлка Ласосна...
Якая ў іх патрэба? — ...якія не могуць дабрацца да іншага горада.
Які ў вас варыянт рашэння праблемы? — Неабходная асфальтаваная дарога...
Якія ад яе выгады? — ...якая забяспечыць хуткую і бяспечную транспартную сувязь са школай і паліклінікай.
Якія патрабаванні да рашэння? — Асфальтаваная дарога павінна ўключаць асвятленне, праезную частку, вела- і пешаходныя дарожкі.
Якія паказчыкі яно палепшыць? — Дарога дазволіць знізіць колькасць ДТЗ на 20%, павялічыць хуткасць пад’езду да школы і паліклінікі на 70%.
Чым сітуацыя будзе адрознівацца ад існуючай? — У адрозненне ад існуючай, асфальтавая дарога стане надзейным шляхам у любую пару года і панізіць забруджванне прылеглай тэрыторыі пылам.
Што трэба зрабіць носьбітам абавязкаў? — Просім кіраўніка райвыканкама: (пералічваем патрабаванні па пунктах).
Аналізуй зацікаўленыя бакі
Да іх адносяцца любыя асобы ці групы людзей, інтарэсы якіх могуць быць закранутыя, калі рашэнне будзе ці не будзе рэалізаванае. Спачатку іх трэба ўсіх выявіць і пералічыць.
Аўтамабілісты, якім патрэбна дарога добрай якасці. Бацькі, зацікаўленыя, каб дарога была арганізавана інакш і дзеці на яе не выбягалі. Бацькі, якім трэба давозіць дзяцей да паліклінікі, да школы і садка. У гэтым кейсе побач ёсць воінская частка. І ваенныя таксама зацікаўленыя ў гэтай дарозе, але са знакам «мінус», бо ім лепш, каб іх машыны і танкі ездзілі па грунтоўцы.
Пасля ўсе зацікаўленыя бакі трэба класіфікаваць.
1. Першы спосаб: табліца саюзнікі / праціўнікі / партнёры / тыя, хто вагаецца.
Партнёры – хто будзе разам з вамі тапіць за ідэю, падпісвацца, шарыць у сацсетках. З імі трэба каардынаваць працу і дабівацца вынікаў.
Саюзнікі – хто не ў вашай камандзе, але на вашым баку і гатовы вас падтрымаць. У нейкі момант яны могуць вам дапамагчы. Іх трэба інфармаваць і падключаць, калі неабходна.
Праціўнікі – хто не зацікаўлены. Актывісты вельмі часта акцэнтуюць сваю ўвагу на праціўніках. І гэта не зусім слушна. Праціўнікаў ні ў якім разе нельга актывізаваць, іх трэба нейтралізаваць і супакоіць. Самае галоўнае, каб яны не перашкаджалі. Іх не трэба пераконваць. Ты страціш шмат сіл, і не факт, што нешта атрымаецца. Нашмат больш выйгрышная стратэгія – тлумачыць праціўнікам, што твая праца ніяк іх інтарэсы не закране, а калі закране, яны пра ўсё даведаюцца своечасова.
Людзі, якія вагаюцца, – самая вялікая група, каля 60-80%. З імі найбольш важна працаваць. Яны яшчэ не прынялі рашэнне, як ставіцца да гэтай петыцыі, таму іх меркаванне сфармаваць нашмат лягчэй. Ты проста тлумачыш, што ёсць такая сітуацыя і людзі з-за гэтага пакутуюць, а ты можаш на гэта паўплываць.
2. Другі варыянт аналізу: матрыца ўлада-інтарэс.
Усіх зацікаўленых можна падзяліць на тых, хто мае вялікую/маленькую ўладу і вялікі/маленькі інтарэс. Гэта дае магчымасць расставіць прыярытэты, з кім працаваць у першую чаргу.
Ключавыя гульцы – тыя, у каго шмат улады і вялікая зацікаўленасць. Шмат улады будзе ў носьбітаў абавязкаў – чыноўнікаў розных узроўняў, іншых людзей з боку ўлады. Інтарэс у іх можа быць, а можа і не быць.
Напрыклад, у ДАІ ў дадзенай сітуацыі інтарэс невялікі. Ім усё адно, якая дарога. Але, калі іх запэўніць, што колькасць ДТЗ скароціцца, то іх гэта зацікавіць дзеля статыстыкі і, магчыма, перацягне на наш бок.
Няшмат улады часцей за ўсё ў носьбіты правоў – мясцовых жыхароў, уразлівых груп.
Калі зацікаўленасць высокая, а ўлада нізкая – гэта часта тыя, хто вагаецца. З людзьмі, у якіх мала ўлады і інтарэсу да праблемы, увогуле працаваць практычна не трэба.
Палітыцы – не, скандалу – так
Беларусь – краіна прэтэндэнтнага скандалу. Калі скандал быў і нехта ў ім перамог з дапамогай петыцыі, то вельмі шмат людзей змогуць напісаць па гэтай праблеме ўласныя петыцыі ў сваіх рэгіёнах і таксама перамагчы, бо будуць спасылацца на гэтую гучную гісторыю.
Яшчэ вельмі важна, каб петыцыя мела непалітычны характар. Чыноўнікі вельмі баяцца палітызацыі любой тэмы. І з-за гэтага яны могуць скінуць ліст ідэолагам, ад якіх ты атрымаеш толькі адпіскі. Трэба пераробліваць тэкст такім чынам, каб у ім было менш палітыкі.
Зрабі медыяплан
Апісваць праблему ў петыцыі трэба такім чынам, каб кожны ўбачыў у ёй сваю гісторыю. Паводле даследавання аўдыторыі платформы petitions.by, 87% карыстальнікаў аддаюць свае галасы за тое, што лічаць актуальнай праблемай, 41% – хочуць падтрымаць аднадумцаў. Пры гэтым аўдыторыя гендарна нейтральная.
Каб зрабіць медыяплан, трэба зноў вылучыць мэты, зацікаўленых асоб, змены, якія павінны адбыцца пасля прачытання паведамлення. У любога тэксту (у сацсетках ці СМІ) можа быць тры мэты: праінфармаваць, запэўніць (змяніць цэнасную рамку), заахвоціць на рэальнае дзеянне (паставіць подпіс, прыйсці на сход, падтрымаць грашыма).
Яшчэ неабходна вызначыць сродкі камунікацыі. Петыцыя – толькі адзін з інструментаў. Можна яшчэ ўплываць на праблему праз асабісты прыём, артыкул у прэсе, сход пасёлка, гутарку з мясцовым дэпутатам ці дэпутатам у парламенце ад акругі.
А таксама прадумай само паведамленне, якое хочаш убачыць у СМІ. Напрыклад, фотарэпартаж з мурзатымі дзецьмі побач з грунтоўкай.
Камунікуй з аднадумцамі
Аўдыторыя сацсетак у большай ступені – гарадскія жыхары 25-45 гадоў. Май гэта на ўвазе. Сацсеткі, у прыватнасці Facebook і ВКонтакте, пры добрым вядзенні кампаніі часам нават выйграюць у буйных медыяпарталаў. Медыяпарталы добрыя тым, што ствараюць рэзананс і чыноўнікі вымушаны чытаць і апраўдвацца. А праз сацсеткі больш людзей пераходзяць падпісаць па спасылцы. Трэба працаваць і з аднымі, і з другімі.
Друкаваныя СМІ выкарыстоўваць бессэнсоўна. Яны спрацуюць, толькі калі твая аўдыторыя – гэта людзі 60+, якія жывуць у вёсках і райцэнтрах. Яшчэ добры варыянт дастукацца да старэйшага пакалення – «Аднакласнікі». З гэтай сацсеткай амаль ніхто не працуе, і, калі закідваеш туды нешта цікавае, там лавінны інтарэс.
Поўная версія вэбінара:
How-to курс для актывістаў і актывістак ладзіць ініцыятыва «СалідарныЯ». Наступны вэбінар пройдзе на платформе Zoom 22 чэрвеня. Ён будзе прысвечаны арт-актывізму. Вядоўца – Марына Напрушкіна. Цікава? Рэгіструйся па спасылцы.
Фота: palasatka