Як замежніку зрабіць рэгістрацыю ў Беларусі?

Збіраешся запрасіць сваіх замежных сяброў у госці? Мы, як заўжды, гатовыя дапамагчы разабрацца з бюракратычнай машынай: 34travel сабраў усю галоўную інфармацыю пра рэгістрацыю замежнікаў у Беларусі.

 

Што такое рэгістрацыя замежнікаў і навошта яна патрэбна?

Усім замежнікам (пра нешматлікія выключэнні чытай ніжэй), што наведваюць нашу гасцінную Беларусь, трэба на працягу пяці працоўных дзён (нядзеля і афіцыйныя святы не залічваюцца) зарэгістравацца анлайн ці ў Аддзеле па грамадзянстве і міграцыі па месцы фактычнага пражывання. Калі замежнік вырашае змяніць кватэру, увесь працэс трэба зрабіць яшчэ раз ужо на новым месцы – і зноў на працягу пяці працоўных дзён. Трохі прасцей тым, хто збіраецца правесці свой час у Беларусі ў гатэлі, санаторыі альбо «суб'ектах аграэкатурызму» – у Аддзел па грамадзянстве і міграцыі ісці не трэба, адказваць за рэгістрацыю будзе сам гатэль ці санаторый.

 

Ці абавязкова рабіць рэгістрацыю ўсім?

Калі ў замежніка пашпарт Латвіі, Літвы, Казахстана, Расіі ці Украіны – можна расслабіцца і быць у Беларусі да 30 дзён без рэгістрацыі (у выпадку Расіі – 90 дзён). Тое ж самае тычыцца тых, хто прыязджае на тэрмін менш за пяць дзён. Трэба памятаць, што дні прыезду і ад'езду таксама лічацца цалкам: калі ты, напрыклад, прыязджаеш у Беларусь у 23 гадзіны вечара – гэта ўжо залічыцца за цэлы першы дзень. Пра астатнія выключэнні (прадстаўнікі дыпламатычных місій і іншыя) шукай тут.

 

Як зрабіць рэгістрацыю?

З 2 студзеня 2019 года замежнікі могуць рэгістравацца ў Беларусі праз партал portal.gov.by і афармляць усё анлайн.

Парадак дзеянняў такі:

1.    Заводзім асабісты кабінет на portal.gov.by.

2.    Выбіраем ва ўкладцы «Даступныя паслугі» катэгорыю «Грамадзянства і міграцыя».

3.    Заказваем паслугу рэгістрацыі, запаўняем заяву і адпраўляем яе.

4.    Атрымліваем паведамленне аб паспяховай рэгістрацыі па заяўленым адрасе знаходжання (захавай яго).

Працэдура рэгістрацыі праз інтэрнэт бясплатная. Яна даступная кожнаму, хто прыбыў у Беларусь праз любы з пунктаў пропуску. Таксама зарэгістраваць замежніка на адзіным электронным партале можа яго прадстаўнік са свайго асабістага кабінета.

 

Ёсць выпадкі, калі аформіць рэгістрацыю праз інтэрнэт нельга?

Так. Каб падоўжыць тэрмін рэгістрацыі або зарэгістравацца, прыехаўшы ў Беларусь праз мяжу з Расіяй, прыйдзецца асабіста з'явіцца ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ). Гэта платна.

 

Як аформіць рэгістрацыю праз АГіМ?

Для пачатку шукай патрэбны АГіМ, спіс раённых аддзяленняў і час іх працы ёсць тут (шукай у канцы старонкі). Звярні ўвагу, што ў панядзелак у аддзяленнях выходны, але ён усё роўна ўваходзіць у тыя самыя пяць дзён, за якія трэба паспець зрабіць рэгістрацыю, – так што не пакідай гэтую справу на апошні момант.

 

Для рэгістрацыі спатрэбяцца:

заява аб рэгістрацыі,

пашпарт,

страхоўка (пра патрабаванні да яе можна пачытаць тут),

міграцыйная картка (яе павінны выдаць на мяжы),

квітанцыя аб аплаце дзяржаўнай пошліны (0,5 базавай велічыні, рэквізіты ёсць тут),

дазвол на малы памежны рух, калі замежнік знаходзіцца ў Беларусі менавіта з гэтай нагоды.

Усё будзе гатова за дзень, а ў міграцыйную картку павінны паставіць адзнаку аб рэгістрацыі – картку трэба будзе здаць на мяжы пры ад'ездзе з Беларусі. Страта міграцыйнай карткі таксама можа выліцца ў неблагі штраф на мяжы, так што стаўся да яе з павагай.

 

Што рабіць, калі прапускаеш тэрмін рэгістрацыі?

Трэба ўсё ж такі зарэгістравацца і заплаціць штраф – і лепш зрабіць гэта яшчэ ў Беларусі, чым на мяжы. Адпраўляемся ў АГіМ, робім усё тое ж, што і для звычайнай рэгістрацыі, але акрамя гэтага цябе чакае яшчэ пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У некаторых выпадках, калі гэта першае парушэнне, справа можа скончыцца толькі папярэджаннем, але моцна на гэта не разлічвай. Хутчэй за ўсё, трэба будзе аплаціць штраф ад 2 да 10 базавых велічынь (BYN 46-230, € 23-110). Штраф чакае як замежніка, так і чалавека, па адрасе якога ён павінен быў зарэгістравацца. Аплаціць рэгістрацыю можна карткай або наяўнымі ў банкаўскім тэрмінале адразу ў АГіМ, а вось каб пагасіць штрафы, трэба абавязкова выпраўляцца ў банк і плаціць наяўнымі. Гэта трэба зрабіць на працягу 30 дзён і занесці квітанцыю зноў у АГіМ. Увесь працэс у АГіМе можа цягнуцца некалькі гадзін – прыходзь адразу ў час адкрыцця. Паўторны (на працягу года) штраф будзе яшчэ большым (да 30 базавых велічынь), так што лепш рабі ўсё своечасова.

 

Ці ёсць шанец на змены ў працэсе?

Ёсць! У МУС ужо падрыхтаваны законапраект аб павелічэнні колькасці дзён, якія можна правесці ў Беларусі без рэгістрацыі, да 10 – і гэта можа здарыцца ўжо ў 2019 годзе. Вельмі чакаем!

 

Дзе ёсць уся афіцыйная інфармацыя пра рэгістрацыю?

Чытай Правілы знаходжання замежнікаў у Беларусі (ёсць таксама на англійскай мове) і пра адказнасць за парушэнне гэтых правілаў.

 

Ілюстрацыя by Sheeborshee