Як выжыць без працы. Дапаможнік для змагароў з сістэмай
- 22.07.2019
- 4792
«На работе платят бабло, / Но работать надо на ней», – спяваў класік. Калі гонар і лянота не дазваляюць табе араць на дзядзьку дзеля стабільнага акладу і ты гатовы(-ая) па-панкаўску паслаць капіталістычную сістэму – вось табе наш туторыял па бесклапотным беспрацоўным жыцці. Дзе жыць. Што есці. Чым зарабляць. Спалі працоўную і санітарную кніжкі – яны табе больш не спатрэбяцца.
Большасць з тых, хто прынялі рашэнне не хадзіць на рынак працы са сваім пакетам, вельмі хутка сутыкаюцца з праблемай «ЖХГ». Жыллё, харчаванне, грошы – вось тры вершнікі апакаліпсісу для любога лайдака. Разгледзім кожнага з іх бліжэй.
Жыллё
Сапраўдны змагар з сістэмай, зразумела, павінен жыць з бацькамі. Або акупаваць жылплошчу сваёй дзяўчыны/хлопца. Тады пытанні з харчаваннем і грашыма вырашаюцца самі сабой, а выдаткі на пражыванне, нават пры самых горшых раскладах, будуць абмежаваныя аплатай камунальных паслуг.
Яшчэ адзін, больш нестабільны варыянт, які патрабуе творчага падыходу, – жыць у сяброў і знаёмых. У народзе такіх бадзяг называюць качэўнікамі. Існуе павер'е: калі качэўнік з'явіўся на парозе і просіць даць прытулак на тыдзень – бліжэйшыя пару месяцаў матрац можна не прыбіраць.
Творчасць гэтага падыходу складаецца ва ўдасканаленні акцёрскіх навыкаў. Адказы на пытанне: «Калі ты нарэшце з'едзеш/знойдзеш працу?» – кожны раз павінны быць рознымі, але аднолькава пераканаўчымі. Уменне ў патрэбны момант зліцца з інтэр'ерам дапаможа і зусім гэтых пытанняў пазбегнуць. Качэўнікі, якія авалодалі дзэнам, прымудраюцца наогул тыднямі жыць у чужых апартаментах употай ад гаспадара. Для гэтага трэба проста застацца ў вялікім доме пасля шумнай вечарынкі. Пакуль цябе знойдуць у адным з дальніх пакояў, час для праліку наступнага кроку будзе выйграны.
Што рабіць, калі вышэйапісаныя варыянты ўжо выпрабаваныя і вычарпалі свой ліміт? У такім выпадку прыйдзецца абвясціць часовае перамір'е з капіталізмам і ўсё-ткі знайсці ўдалы варыянт кватэранайму.
Наша мэта – пакой у панэльцы на ўскраіне горада, у любым раёне, адкуль да цывілізацыі мінімум дваццаць хвілін на тралейбусе. Калі ты з Менска, то пакой у Сухараве ці дзесьці на Ангарскай знойдзеш па цане ад 60 да 100 у.е. за месяц. Але памятай: чым ніжэйшая цана, тым больш шанцаў, што з жылплошчай нешта не так. У суседнім пакоі можа жыць сусед, які няшчадна п’е, ці таго горш – гаспадыня-пенсіянерка, якая за зніжку ў 10-20 даляраў папросіць за сабой даглядаць. Гэта зусім не варыянт для класавага змагара. Ты і за сабой даглядаць не здольны(-ая).
Харчаванне
Ва ўмовах жорсткай эканоміі на паліцы ў прадуктовай краме пачынаеш глядзець зусім іншым позіркам. На прадукты з цэннікам даражэй за 5 р. у цябе аўтаматычна ўключаецца Adblock – іх перастаеш заўважаць на падсвядомым узроўні. Затое табе адкрываецца дзіўны свет танных паўфабрыкатаў і локшыны хуткага прыгатавання.
Вось ты ведаў(-ла) раней, што брыкетнага супу «Лідкон» за 80 капеек хапае на цэлых пяць порцый? А калі ўліць у яго зэканомлены на днях «Соус са смакам ялавічыны» з Big Bon за 1 р.20 кап. – дарагі суп харчо з грузінскага рэстарану нервова запаліць у баку.
Пры наяўнасці фантазіі і дзіцячага жадання «паўгараць» з прадуктаў класу эканом можа быць адноўленая самая пафасная страва. Галодныя мастакі часам нараджаюць шэдэўры накшталт пасты карбанара з «Ролтана», «Траецкіх» сасісак і грыбной падліўкі, набытай па чырвоным цэнніку. Сабекошт такой стравы не перавышае 1,5 р. за порцыю. Затое асалода ад чарговай перамогі над буржуа неацэнная.
Яшчэ адзін выратавальны круг для беспрацоўных – дэгустацыі ў супермаркетах. Ніколі не прапускай іх! Малако там ці каўбаса – смела падыходзь да выставачнага стэнда і бяры ад жыцця ўсё. Галоўны выкрут такіх промаакцый у тым, што часцей за ўсё сумленне не дазваляе абывацелю прадэгуставаць больш за адну-дзве канапкі з прадуктам. Мы ж прапануем табе са спакойным выглядам, упэўнена і не спяшаючыся абгрызці абсалютна ўсе зубачысткі. Гэта цалкам законна!
Дарэчы, на падобных дэгустацыях можна нават падзарабіць. Даволі часта маркетынгавыя кампаніі наймаюць фокус-групы для тэставання нейкага новага прадукту. Плацяць у сярэднім 20 рублёў, а само мерапрыемства доўжыцца каля 2-3 гадзін. Пасля пробы табе прыйдзецца крыху напружыць звіліны і апісаць свае адчуванні ў анкеце, але ў цэлым гэта не вялікая ахвяра. Мінус у тым, што вельмі часта ты не ведаеш, які прадукт прыйдзецца тэставаць сёння: прыязджаеш у надзеі перакусіць, а замест гэтага табе даводзіцца паліць новыя цыгарэты з дзвюма кнопкамі або набіваць кішэні пробнікам крэму. А зрэшты: «Я не палю, але 20 рублёў – гэта 20 рублёў».
Грошы
Існуе вялікая колькасць спосабаў падзарабіць, не маючы працоўнай кніжкі. Аднак калі прыбраць з гэтага спісу незаконныя, то ён заўважна скароціцца. Мы распавядзем табе толькі пра легальныя варыянты падзаробку – астатнія катэгарычна не раім. Добрыя рабяты не бамбяць па начах на дзядулевай «шасцёрцы» і пакідаюць закладкі толькі ў кніжках!
1. Здавай кроў/сперму/яйкаклетку
Дзякуючы здольнасці да рэгенерацыі тваё цела можа рэгулярна прыносіць нядрэнныя грошыкі. Так, за аднаразовую здачу крыві цяпер плацяць 100 рублёў 81 капейку, а за здачу плазмы – 120 рублёў 97 капеек. Яшчэ зусім нядаўна першая данацыя заўсёды праводзілася на бязвыплатнай аснове, але цяпер бясплатнай з'яўляецца другая здача крыві, а за першую ты гарантавана атрымаеш узнагароджанне. Трэці і наступныя разы зноў будуць аплачвацца. Плюс донарам заўсёды прадастаўляецца бясплатны сняданак, што для цябе таксама маленькая перамога (гл. пункт «Харчаванне»).
Суцэльную кроў можна здаваць 3-5 разоў на год з інтэрвалам у 3 месяца. Асабліва не разгуляешся. Затое больш дарагую плазму здаюць да 12 разоў на год з мінімальным перапынкам у 2 тыдні. Справа ў тым, што пры заборы плазмы тваю кроў вернуць назад у цела, аднаўленне арганізма пройдзе хутчэй. Нам гэты варыянт пасуе ідэальна. Поўны прайс-ліст донара можна паглядзець тут, атрымаць адказ на ўсе звязаныя з працэсам здачы крыві пытанні – тут.
Хлопцы могуць паспрабаваць здаваць таксама сперму. Камрад, дарма ты сумеўся! Беларускія мужчыны і так залішне сарамлівыя – на ўсю краіну збярэцца крыху больш за дзясятак добраахвотнікаў, якія рэгулярна дзеляцца патаемным з пластыкавым слоічкам. І гэта дзіўна, улічваючы, што ўмовы вельмі павабныя: за адну порцыю эякуляту, ласкава ахвяраванага Радзіме, ты атрымаеш роўна 100 рублёў і права на жарт: «Глядзі, мама, а ты казала я не змагу зарабляць любімай справай!»
Звычайна ў дамове прапісана, што донар можа здаць сперму не больш за 5 разоў. Затое ніякіх часавых абмежаванняў, як з крывёю, няма – можаш хоць цэлы тыдзень хадзіць у цэнтр ЭКО, як на працу. Тут усё ў тваіх руках.
У дзяўчат сітуацыя ў фінансавым плане яшчэ лепшая. За аднаразовую здачу яйкаклеткі можна атрымаць 1500-2500 рублёў – выдатныя грошы! Праўда, і сама працэдура не такая прыемная, як у мужчын.
Ёсць толькі адна загваздка. Патрабаванні да стану здароўя донараў спермы і яйкаклетак практычна як у касманаўтаў. У першую чаргу гэта тычыцца жывучасці і актыўнасці іх біяматэрыялаў. Яйкаклеткі прымаюць толькі ад жанчын, якія нараджалі дзіця, а патрабаванні па паказчыках спермаграмы штучна завышаныя на цэлых 20% ад нормы. Не кожны мужык здольны прайсці такі жорсткі адбор. Зроблена гэта з цалкам зразумелых прычын: працэдура ЭКО дарагая, таму лекары аддаюць перавагу выключна «жыўчыкам», каб не даводзілася марнаваць грошы і час.
2. Грай музыку на вуліцы
Падняць за некалькі гадзін 30-50 рублёў больш чым магчыма – праверана асабіста аўтарам. Ды і міліцыя цяпер куды радзей ганяе музыкаў. Шмат у чым на гэта паўплываў праект «Пешаходка», у рамках якога вулічную музыку ў Менску быццам узаконілі. Цяпер кожны можа падаць заяўку і атрымаць афіцыйны дазвол спяваць свае серэнады на адной з 12 лакацый: ад пераходаў метро да Карэтнага дворыка. Але, у прынцыпе, ты можаш і па-старому, без усялякіх дазволаў выйсці з гітарай у пераход і палабаць там да першага міліцыянта.
Улічы, што канкурэнцыя ў гэтым асяроддзі даволі моцна вырасла: прасіпеўшы «Батарэйку» ці «Трох чарапах», ты цяпер нікога не здзівіш. У лепшым выпадку з такім падыходам ты не заробіш нічога, у горшым – пі*дзюлін. Таму што ніхто не ацэніць такую пашляціну, асабліва калі ў суседнім пераходзе грае джаз-квартэт, а на вуліцы валіць бітбоксер з луп-станцыяй. Праяві вынаходлівасць, дай людзям шоу! Можаш хоць Марсельезу на гумцы ад майткаў сыграць – галоўнае будзь цікавым(-ай).
Дарэчы, без жартаў: ігра на вуліцы можа даць старт тваёй музычнай кар'еры. Яшчэ ў 2010-м Эд Шыран граў свае песні ў лонданскім метро і лічыў пені ў чахле.
3. Кастамі і прадавай старыя рэчы
Самы лёгкі шлях – прадаць на анлайн-барахолцы нешта з непатрэбнага. Пашарудзі шафу на прадмет рэчаў, якія ты рэальна больш не надзенеш. Адключы жаль, забудзься на тое, што гэты швэдар з аленямі падарыў табе твой спачылы дзядуля, – у нас няма часу на сентыментальнасць, нам трэба нешта есці. Зрабі добрыя фатаграфіі і смела выкладвай. За адну такую вычыстку гардэроба можна лёгка зарабіць 100-200 рублёў.
Можаш пайсці ад адваротнага – займіся скупкай і перапродажам брэндавага адзення. Стань навалай сэканд-хэндаў, уступай у шэрагі менскіх рэсэйлераў. Справа гэтая даволі прыбытковая. Крамам, якія прадаюць вопратку на вагу, абсалютна пляваць, што перад імі – старая маміна алімпійка або рарны айтэм. Яны кладуць на прылавак усё ўперамешку. І тут з'яўляешся ты і адшукваеш у гары «абібасаў» амаль новенькую куртачку Stone Island або дарагія джынсы Levi's. Купляеш усё за бясцэнак, выкладваеш фоткі знаходак у супольнасць "toptovar" у VK (храм менскага рэсэйлу) і разоў у пяць падымаеш цэннік.
Мінус у тым, што ты не адзін(-на) такі(-ая) разумны(-ая). Раніцай у дзень завозу новых рэчаў перад сэкандамі збіраецца цэлая банда такіх жа хадакоў за брэндамі. І калі дзверы адчыняюцца – пачынаецца бітва памацней, чым у Вэстэросе. Да таго ж наяўнасць сапраўды дарагіх і рэдкіх рэчаў у кожным завозе ніхто табе абяцаць не можа. Так што ні аб якой стабільнасці заробку гаворкі не ідзе. Рэсэйл – гэта, хутчэй, латарэя.
Самы творчы спосаб зарабіць на вопратцы, які мы раім табе мацней за ўсё, – гэта яе самастойны кастамайзінг. Стварай унікальныя дызайнерскія рэчы са старога хламу і прадавай іх знаўцам хэндмэйду. Вывары мятую майку ў адбельвальніку, зрабі крутую сумку з пацёртых вельветавых штаноў, забацай клёвы малюнак на татаву джынсоўку – увогуле дай волю фантазіі.
Сапраўды добры хэндмэйд у цябе адарвуць з рукамі, будзь упэўнены(-ая). Спытайся ў рабят Random Bedroom – самага крутога самапальнага брэнда дызайнерскага адзення Менска. У іх талстоўках ганяюць Kipah і Косця Баяндзін, а распісаныя ўручную джынсоўкі і кашулі разыходзяцца за лічаныя дні. Сярэдні цэннік за адну рэч – 100-150 рублёў.
4. Зарабляй анлайн на камп’ютарных гульнях
Зарабляць «гуляючы» можна нават не з'яўляючыся кіберспартсменам. Напрыклад, ты можаш займацца прапампоўкай персанажа іншага гульца за асобную плату. Працэс зарабляння новых узроўняў у анлайн-гульнях бывае нудным і аднатыпным. Многія гульцы хочуць ад пачатку мець моцнага і крутога гнома з афігенна рэдкім мячом і гатовыя выкласці за гэта прыстойныя грошы. На гэтым ты і можаш зарабіць. Калі табе, вядома, самому(-ой) не лянота сядзець 200 гадзін у якім-небудзь віртуальным падзямеллі дзеля рарнага клінка і ты гатовы(-ая) днямі напралёт мачыць оркаў, прапампоўваючы некаму эльфа. Часцей за ўсё падобным чынам прадпрымальныя геймеры зарабляюць у гульнях жанру MMORPG (World of Warcraft, Dota 2, Linage 2 і г. д.), знакамітых беларускіх «танчыках» World of Tanks і несмяротнай «стралялцы» нашага дзяцінства Counter-Strike.
Памер заробку цалкам залежыць ад твайго гульнявога скілу, рэпутацыі ў гульнявой супольнасці і колькасці часу, якое ты гатовы(-ая) выдаткаваць на гульню. Па запэўненнях людзей, якія зараблялі такім чынам, як мінімум $ 100-150 пачатковец-«трэнер» персанажа цалкам можа выводзіць у рэальны свет штомесяц.
З часам, зарабіўшы рэпутацыю і кліенцкую базу, ты зможаш атрымліваць усё больш і больш і, верагодна, нават адкрыеш сваю ўласную анлайн-краму гульнявой валюты, прадметаў і паслуг. Гэта лічыцца вяршыняй кар'еры любога трэнера.
5. Пішы артыкулы ў часопісы за ганарар
Адзін з самых цікавых спосабаў халтурыць. Зарабляючы журналістыкай, ты маеш магчымасць атрымліваць новы экспірыенс, знаёміцца з людзьмі, прымяраць на сябе новыя ролі і прафесіі літаральна кожны тыдзень, ды яшчэ і зарабляць на гэтым грошыкі. А ганарарная, дагаворная аснова гарантуе, што ніхто не можа прымусіць цябе пісаць пра тое, што табе не цікава. Усе тэмы для матэрыялаў ты прыдумляеш самастойна.
Афіцыйнае ўладкаванне для гэтага не патрабуецца. Журналіст-фрылансер можа адначасова супрацоўнічаць адразу з некалькімі выданнямі, пры гэтым нідзе не лічыцца «па паперках».
Адукацыя не такая важна. Распавядаць гісторыі – гэта ўсё ж не збіраць ракеты. Калі за цябе будуць казаць тэксты, ніхто не стане пытацца пра дыплом. Што сапраўды важна, дык гэта ўменне добра пісаць, знаходзіць цікавых герояў і пастаянна прыкмячаць дзіўнае і незвычайнае вакол сябе.
Цэннік за адзін матэрыял у менскіх часопісах вар'іруецца ад 40 да 100 рублёў, у залежнасці ад аб'ёму, складанасці і фармату тэксту. Добрыя часопісы заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых аўтараў, так што, калі ты і напраўду круты(-ая), знайсці сабе месца будзе нескладана.
Пачаць пошукі можаш з 34mag: дасылай сваё міні-рэзюмэ і 4-5 цікавых ідэй для публікацыі на нашу рэдактарскую пошту 34editors@gmail.com, і калі ўсё складзецца – вэлкам у дружную сям'ю 34! У нас няма пячэнек. Але ёсць віно.
Фота: palasatka