HUMANS для людзей: гісторыя самабытнага варшаўскага фотапраекта
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 13.09.2018
- 10255
Аповед Яўгена Міронава, які спрабуе змяніць стаўленне палякаў да нестандартнай фатаграфіі.
Яўген Міронаў – фатограф, які апошнія 4 гады жыве ў Варшаве. Нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся там на праграміста, а ў выніку праз каледжны КВЗ трапіў у мясцовую газету «Вячэрні Магілёў», дзе і захапіўся фатаграфіяй. Затым – пераезд у Варшаву, пошукі сябе і рашэнне зрабіць фатаграфію фултайм-справай.
HUMANS – фотапраект, у рамках якога Яўген робіць партрэты цікавых яму людзей («у мадэлі павінна быць “разыначка”»). Праект існуе без фінансавага моманту: ён не бярэ з гераінь/герояў грошы за фотасесіі, таму што інакш «усё ператворыцца ў звычайную працу».
Як запусціць фотакар'еру з нуля, чаму важна заставацца верным мастацтву і што не так з сучаснай польскай аўдыторыяй – Жэня адказаў на пытанні пра сябе і фатаграфію. Ну і заадно – шмат фота ад HUMANS.
– З чаго пачалося тваё захапленне фатаграфіяй?
– У Магілёве я вучыўся ў тэхналагічным каледжы на праграміста-тэхнолага. З першага курса нас абавязалі ўдзельнічаць у КВЗ. Я, як чалавек, які правёў усё свядомае жыццё за камп’ютарам, не разумеў, што такое «грамадскае жыццё», – прыйшлося сябе неяк перамагаць. Адзінае, на што мяне хапіла, – гэта роля вядучага. Я вельмі моцна саромеўся сябе, але пачаў уцягвацца і на трэцім курсе педагог-арганізатар спытала мяне: навошта мне наогул гэтая тэхнічная спецыяльнасць, калі ў мяне ёсць талент да нечага больш творчага? Яна прапанавала напісаць аповед. Спачатку я ўспрымаў гэта як жарт, але ў адну з бяссонных начэй стварыў свой першы тэкст. Пару месяцаў гэтая пісаніна ляжала ў нататніку, але ў выніку я пачаў рассылаць яе знаёмым і ў адказ атрымліваў станоўчы фідбэк: «Пішы яшчэ».
Пачаўся паток нейкіх мастацкіх апавяданняў, пасля чаго я адправіў тэкст у «Вячэрні Магілёў» – у той час яны былі рады маладым людзям, гатовым працаваць бясплатна. Мяне туды ўзялі, і там я пачаў вельмі добра камунікаваць з галоўным (і адзіным) фатографам, які ўвесь час паўтараў мне, што журналісту абавязкова патрэбная камера. Як я потым зразумеў, ён проста спрабаваў прадаць мне сваю старую камеру, але мяне фатаграфія не цікавіла – я хацеў пісаць, нават прыглядаўся да журфака БДУ. Але пазнаёміўся з Машай, сваёй будучай дзяўчынай, і стаў фатаграфаваць яе ў парку на камеру, якую пазычаў у сваёй сяброўкі. У выніку я зразумеў, што мне падабаецца фатаграфаваць. Мне хацелася капацца ў фатаграфіі: пазнаваць, на што здатная камера, як працуе «люстэрка» і г.д. І чым больш я ўвязаў у фатаграфіі, тым больш рэчаў, якія не датычыліся фатаграфіі, пачалі валіцца з рук. Тая ж журналістыка мяне больш не цікавіла.
«Сучаснае мастацтва ў прынцыпе не прэтэндуе на нешта новае, бо нешта новае – гэта добра стыранае старое»
– Як з'явілася ідэя стварэння праекта HUMANS?
– Яна прыйшла да мяне года паўтара таму, калі трэба было нешта мяняць. Над назвай праекта я думаў хвілін пяць: хачу рабіць партрэты – ну добра, будзе HUMANS. Я не шукаў нейкую мудрагелістую назву: я проста чалавек, які проста фатаграфуе людзей.
Я інтэнсіўна баразніў Instagram, прагледзеў вялікую колькасць фатографаў: мне трэба было чымсьці натхняцца. Стаў чэрпаць нейкія фішкі і штукі, якія мне падабаюцца. Сучаснае мастацтва ў прынцыпе не прэтэндуе на нешта новае, бо нешта новае – гэта добра стыранае старое.
– Як прайшла першая фотасесія?
– Я фатаграфаваў дзяўчыну, з якой пазнаёміўся на нейкай п'янцы. Мы дамовіліся аб фотасесіі, але я вельмі моцна засаромеўся і не сказаў ёй, што яна будзе аголеная. Мы прыйшлі дадому, і я максімальна нясмела спытаў: «Слухай, ты не магла б зняць свой станік»? А яна такая: «Так, окей, чаму б не». Усё так проста, без якой-небудзь кроплі сумневаў!
Было вельмі нязвыкла: мала таго, што я фатаграфаваў гэтую дзяўчыну без станіка, дык яна яшчэ і была абмазана алеем для цела – такое класна выглядае на фота. Было максімальна няёмка, але вынік атрымаўся крутым. На той момант я атрымаў выдатны фідбэк. Пасля таго як я заліў гэтыя фатаграфіі з хэштэгам, мне пачалі пісаць палякі: вельмі крута, хацелі б у цябе нешта такое зрабіць. Наступная фотасесія была з хлопцам з Кракава, і неяк пайшло так, што здымаеш адных – гэта бачаць іншыя, і гэтыя іншыя самі пішуць табе з нагоды фотасесій.
– У HUMANS ёсць нейкі падтэкст ці гэта проста прыгожыя фотаздымкі?
– Калі чалавек не ўкладвае нейкі таемны сэнс у фатаграфію, у яго не выйдзе нічога тлумачальнага. Чалавек без мэсэджу асуджаны на правал – гэта ўжо пройдзена, я не раз спатыкаўся на гэтых памылках.
Сутнасць HUMANS у тым, каб паказаць нейкі іншы, «супрацьлеглы» бок чалавека. Паказаць сумесь натуральнасці і дзікасці, даказаць, што гэта не нейкі цёмны бок, а натуральныя, сумленныя эмоцыі.
Сумленнасць вельмі важная. Калі мне не падабаецца нейкая частка цела чалавека ці яна проста не ўпісваецца ў кадр, я прашу яе на фіг закрыць – і яны слухаюць, разумеюць, ім гэта падабаецца. Чым я праўдзівей з мадэллю, тым лепш атрымліваюцца фатаграфіі.
«Сутнасць HUMANS у тым, каб паказаць нейкі іншы, “супрацьлеглы” бок чалавека»
– Большасць мадэляў у праекце – дзяўчаты. Чаму так?
– З хлопцамі складана працаваць, таму што фотасесія з хлопцам не дае магчымасці паказаць вытанчанасць, грацыёзнасць аголенага цела. У мяне неяк была платная фотасесія з хлопцам: яму было некамфортна абмазваць сябе алеем, няўтульна. Да таго ж ён захацеў фатаграфавацца з нажом, а для атмасферы ён уключыў сваю музыку: нейкія скандынаўскія аркестры, падобныя да песень вікінгаў. Пры гэтым здымалі мы ўсю гэтую справу ў пад'ездзе – гэта было максімальна дзіўна.
– Чаму ты не хочаш зрабіць свой праект «народным» і дазволіць удзельнічаць усім жадаючым, але за грошы?
– Мы не ідзем камерцыйным шляхам з-за таго, што фатаграфія – гэта ў першую чаргу мастацтва. Калі фатаграфія становіцца асноўнай крыніцай прыбытку, яна перастае быць творчасцю і ператвараецца ў звычайную працу. Таму і мадэляў шукаем самі, і грошы з іх не бярэм – мы не хочам «прадацца», згубіўшы творчы бок HUMANS. Мы не хочам прадаваць свае фатаграфіі, каб яны красаваліся на банках з ёгуртам. Хочацца захаваць душу праекта.
– Чым HUMANS адрозніваецца ад іншых фотапраектаў з аголенымі дзяўчатамі?
– На тэрыторыі Польшчы другога такога праекта няма. Ёсць пераймальнікі, але іх у разлік не бярэм.
Гэты стыль фатаграфіі вельмі моцна развіты ў Англіі – адтуль я таксама ўзяў тоўсты кавалак натхнення. Там гэты стыль так папулярны з-за таго, што ўся культура Англіі была культурай пратэсту: скінхэды, панкі і хіпі выступалі супраць сістэмы, і зараз гэты стыль з'яўляецца «адгалоскам» таго пратэсту.
У Польшчы ўсё не так. Для палякаў нешта нестандартнае – гэта альбо выходзячае з шэрагу прэч, альбо нешта абсалютна недарэчнае, нязвыклае. Таму HUMANS застаецца непаўторным праектам. Не хочацца выхваляцца, але на такім узроўні тут ніхто не працуе. Людзі любяць «стандартную» фатаграфію, яна тут добра прадаецца. Каб паказаць людзям прыгажосць нестандартнай фатаграфіі, сыходзіць вельмі шмат часу і сіл. Можа быць, менавіта з-за гэтага за паўтара года існавання HUMANS не прадаўся як новая частка мастацтва. Людзі тут прывучаны да стандартнага мыслення і стандартных густаў.
«Мы не хочам прадаваць свае фатаграфіі, каб яны красаваліся на банках з ёгуртам»
– Ты можаш забяспечыць сябе з дапамогай фатаграфіі?
– Цяпер так. У жыцці кожнага ёсць пераломны момант – для мяне ім стала аўтамабільная аварыя.
Я займаўся маркетынгам, працаваў у сетцы рэстаранаў: прыдумляў розныя конкурсы, прыцягваў людзей і рабіў усё, каб прадаць умоўную талерку макароны. Займаўся гэтым на працягу года, усё ішло добра, але пасля аварыі я трапіў у бальніцу. Лекары сказалі, што, калі цяпер яны не зробяць усё магчымае, я застануся інвалідам. Такі вось паварот лёсу.
Гэта былі найцяжэйшыя месяцы ў маім жыцці, усе адкладзеныя сродкі пайшлі на рэабілітацыю. Пры гэтым я даўно хацеў кінуць працу і цалкам прысвяціць сябе фатаграфіі. Раней былі нейкія ўнутраныя страхі, але пасля аварыі я зразумеў, што ў мяне ёсць велізарная падтрымка з боку блізкіх. Я даў сабе слова, што не буду працаваць на «звычайнай» працы, а буду займацца творчасцю. Зараз я прытрымліваюся гэтага слова. У жыцці кожнага чалавека, які нешта хоча, павінен наступіць момант, пасля якога ты перастаеш баяцца. Я перастаў баяцца і паверыў у сябе з-за таго, што ў мяне паверылі іншыя.