Перш за ўсё трэба асэнсаваць, што мы ўсе – прадстаўнікі адзінага чалавечага роду, адрозніваемся прыроджанымі і сацыяльнымі характарыстыкамі: пол, раса, клас, узрост і інш. Самае галоўнае – гэта не дае падставы для варожасці. Таму, калі ты пішаш пра ЛГБТ-людзей, не варта падзяляць усіх на «мы» і «яны», бо гэта тыя ж самыя людзі з трывогамі, клопатамі і жаданнямі.
Рабі акцэнт на сэксуальнай арыентацыі героя толькі тады, калі гэта з’яўляецца падставай для дыскрымінацыі, для парушэння правоў. І тое трэба падкрэсліваць, што былі парушаныя правы чалавека, а не правы гея ці лесбіянкі. Гэта знізіць залішнюю сэксуалізацыю медыйнага вобраза ЛГБТ і зніме з парадку дня прэтэнзіі аб прапагандзе гомасэксуальных каштоўнасцяў.
Не пішы пра лесбіянак, геяў або трансгендарных людзей як пра хворых. У 1990 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць з міжнароднай класіфікацыі хвароб, якая выкарыстоўваецца і ў Беларусі. Таму ствараць вобраз ЛГБТ-людзей як ахвяраў сваёй арыентацыі – маветон. У першую чаргу звяртай увагу на законы, традыцыі і практыкі, што дыскрымінуюць чалавека і робяць з яго ахвяру.
Таксама пазбягай залішняй гераізацыі і рамантызацыі ЛГБТ, бо гэта стварае нагоду для новых стэрэатыпаў, што прыводзіць да дыскрымінацыі ўнутры супольнасці: «Ты не такі гей, якім павінен быць гей».
ЛГБТ-супольнасць не аднародная. Яна ўключае ў сябе геяў, лесбіянак, трансгендарных мужчын, трансгендарных жанчын, асэксуалаў, інтэрсэксуалаў, пансэксуалаў і інш. Абагульняючы, ты можаш абразіць адных людзей, гаворачы пра іншых. Таму перш чым пісаць на гэтую тэму, разбярыся ва ўсёй разнастайнасці ЛГБТ-кам’юніці. Калі ты цытуеш ЛГБТ-актывіста, дакладна называй арганізацыю, да якой ён належыць.
Выкарыстоўвай «гомасэксуальнасць» і «гомасэксуал/ка» замест «гомасэксуалізм» і «гомасэксуаліст/ка». Бо апошнія, па-першае, доўгі час існавалі ў сэнсе медыцынскага дыягназу, па-другое – маюць адценне ідэалогіі. Ні тым, ні другім гомасэксуальнасць не з’яўляецца.
З пункту гледжання гісторыі няслушна казаць «нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя». Гомасэксуальнасць і бісэксуальнасць існавалі ва ўсе часы і ва ўсіх культурах, а значыць, яны такія ж традыцыйныя, як і гетэрасэксуальнасць.
Тое ж самае тычыцца «нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў», «нетрадыцыйнага шлюбу» і «нетрадыцыйнай сям'і». У тых выпадках, калі гэта магчыма, не вылучай гомасэксуальнасць пар ці сем'яў, як гэта не робіцца ў дачыненні да гетэрасэксуальных пар або сем'яў. У іншых – можна казаць «аднаполы шлюб» і «аднаполыя сем’і».
Пішы «сэксуальная арыентацыя» замест «сэксуальная перавага», бо гомасэксуальнасць і бісэксуальнасць – гэта не тое, што чалавек абраў у выніку свядомага выбару, а зразумеў у сабе як рысу.
«Блакітныя», «ружовыя» і «натуралы» – гэта мінулае стагоддзе.
Пра трансгендарных людзей лепей казаць, што яны робяць пераход ці карэкцыю пола, чым яго змену. Бо трансгендарны пераход – гэта не разавае мерапрыемства, а комплексны працэс, які ўключае камін-аўт, новую гендарную ролю, змену дакументаў і часам (але не заўсёды) медыцынскія працэдуры.
Пытайся ў трансгендарнага чалавека, якое імя ён або яна выкарыстоўвае, не забудзься таксама пра займеннік. Калі чалавек робіць пераход ад мужчыны да жанчыны, правільна пісаць «трансгендарная жанчына», і наадварот.
Лепей пісаць «ЛГБТ» або «ЛГБТ-супольнасць» замест «сэксуальныя меншасці», бо ў ЛГБТ уваходзяць не толькі сэксуальныя, але і гендарныя меншасці. Таксама пераносіцца акцэнт з сэксуальнасці групы на праблему яе дыскрымінацыі і здымаецца пытанне меншасці як чагосьці няважнага і нявартага ўвагі.
ЛГБТ-актывісты патрабуюць не «асаблівых правоў», а роўных правоў, што гарантуецца 22-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».
Чытай, як можна ўсталяваць пандус, які ён мусіць быць і хто за гэта павінны плаціць.
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
Разбіраемся, як рэагаваць на «лісты шчасця» ад падатковай.
«Літаратура пра адчуванне часу тых, каго мы заўчасна страцілі».
Больш сінтоў і яскравыя калабы.
КАМЕНТАРЫ (1)