Як не застацца без грошай на пенсіі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 21.02.2020
- 8429
Калі табе ўжо ёсць 20, то траціна шляху да пенсіі пройдзеная. І было б класна ў 58 (жанчынам) або 63 (мужчынам) памахаць ручкай сваякам і паехаць у круіз на заслужаны адпачынак. Але ж на дзяржаўную пенсію разлічваць не асабліва даводзіцца, а калі ты яшчэ і фрылансер(-ка), у нас для цябе не дужа добрыя навіны. Мы паспрабавалі разабрацца, на што можна разлічваць з боку дзяржавы і як самастойна накапіць і жыць доўга і шчасліва.
Працоўная пенсія набіраецца з выплат у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Калі ў цябе на працы пыталі пра страхавое пасведчанне – гэтую зялёную картку з такім жа нумарам, як і ідэнтыфікацыйны нумар у пашпарце, – тады, хутчэй за ўсё, твае справы ў парадку. Але ж ёсць нюанс: арганізацыя можа быць даўжніком фонду. Калі ведаеш, што на працы не ўсё гуд з грашыма, варта праверыць, ці не ўваходзіць працадаўца ў гэты спіс. Па стане на 1 студзеня ў ім знаходзіцца больш за 1000 арганізацый. Калі ўзносаў няма, то і пенсія табе не крапае.
Пенсіі ўвогуле бываюць працоўныя і сацыяльныя. Працоўныя пенсіі падраздзяляюцца на песіі па ўзросце, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай.
У працоўны стаж ідуць толькі гады, якія палічаны афіцыйна. Каб атрымаць пенсію, звычайна неабходна да 60 / 58 гадоў набраць страхавы стаж не менш за 25 гадоў для мужчын і не менш за 20 гадоў для жанчын.
Пенсіі па ўзросце налічваюцца ў памеры 55 % сярэднямесячнага заробку, але не менш за мінімальны памер пенсіі (BYN 245,12). Пры гэтым пенсія яшчэ змяняецца ў залежнасці ад агульнага стажу. У яго залічваецца не толькі выхад на працу, але і час вучобы ва ўніверсітэце ці прафесійна-тэхнічнай вучэльні, службы ў войску, дэкрэту, догляду за дзіцём да 18 гадоў, хворым на ВІЧ ці СНІД, за дзіцём з інваліднасцю, за састарэлымі, якім патрэбны пастаянны догляд, атрымання дапамогі па беспрацоўі, знаходжання ў месцах пазбаўлення свабоды звыш тэрміна, назначанага пры пераглядзе справы… Аднак звярні ўвагу, што гэтыя пункты ўваходзяць у агульны стаж, але не ўваходзяць у працоўны (страхавы).
Страхавы стаж дае права на атрыманне працоўнай пенсіі, а ад агульнай колькасці адпрацаваных гадоў залежыць яе памер. Яшчэ перад тым як атрымаць фінальную лічбу, пенсіі праходзяць карэкціроўку. Гэты каэфіцыент лічаць у залежнасці не толькі ад тваёй працоўнай кармы, але і ад сярэдняга заробку па рэспубліцы.
Каб было прасцей, Мінпрацы прыдумаў калькулятар для пенсіі. Але ж, каб ім карыстацца, трэба ведаць свой індывідуальны каэфіцыент заробку. Каб вывесці яго самастойна, неабходна вельмі моцна пракачацца ў лічбах, бо для гэтага варта палічыць, як твой заробак суадносіцца да сярэдняга заробку па рэспубліцы ў кожным працоўным месяцы. Карацей, прасцей ад наяўнасці калькулятара не стала.
Калі ты жыў(-ла) у кайф, дасягнуў(-ла) 65 / 60 гадоў і не маеш дастатковага ні агульнага, ні страхавога стажу, табе можна налічыць сацыяльную пенсію – 119,94 рублі. Памеры выплаты залежаць ад памеру бюджэту пражытачнага мінімуму. Апошнія змены прымяніліся з 1 лютага 2020-га.
У законе ёсць асобныя артыкулы для людзей з карлікавасцю, для людзей з інваліднасцю, для тых, хто заняты на небяспечных вытворчасцях, для шматдзетных матуль і гэтак далей. Глядзі раздзел II Закона «Аб пенсіонным забеспячэнні».
Не дзіўна, што самастойна разабрацца з гэтым усім складана. І часам па выхадзе на пенсію атрымліваецца мем «чаканне – рэальнасць».
У сувязі са зменамі ў пенсійным заканадаўстве апошніх пяці год шмат дарослых людзей трапіла ў «пастку страхавога стажу»: калі ты не можаш атрымаць ні працоўную, ні сацыяльную пенсію.
Кейс № 1. Святлане споўнілася 57 гадоў. Яна разлічвала, што ў яе будзе пенсія за 22 працоўных года. Але налічылі толькі восем, таму цяпер ёй трэба чакаць яшчэ тры гады, каб пачаць атрымліваць хаця б сацыяльную пенсію. Пасля школы жанчына пайшла працаваць у МУС, адслужыла там 14 гадоў, потым сышла, каб даглядаць за матуляй. У выніку гэтых гадоў для працоўнай пенсіі стала не дастаткова. Для супрацоўнікаў МУС трэба мець не толькі не менш за 10 гадоў службы (гэта ёсць), але ж яшчэ на працягу 10 гадоў плаціць страхавыя ўзносы і ў выніку мець не менш за 20 гадоў працоўнага стажу. Але жанчына брала яшчэ два дэкрэты (якія трапілі толькі ў агульны стаж, а не ў страхавы). І ў выніку засталася ў такім становішчы.
Кейс № 2. Іншая гісторыя паказвае, што часам рэальна змяніць сваё становішча, падключыўшы суд, і не адзін! Такія мітрэнгі прайшла доктарка-анколаг адной з мінскіх бальніц. Спачатку ёй назначылі пенсію па ўзросце з асаблівымі ўмовамі працы. А праз два гады адмянілі гэтае рашэнне і перавялі на звычайную. Камісія па назначэнні пенсій патлумачыла гэта тым, што яе дакументы не пацвярджаюць тое, што яна поўны працоўны дзень мела справу з хіміятэрапеўтычнымі прэпаратамі і праводзіла аперацыі. Доктарка не здалася і абскардзіла такое рашэнне спачатку ў камітэце па працы, занятасці і сацахове Мінгарвыканкама, а потым – у судзе Савецкага раёна сталіцы. У абедзвюх установах скаргу палічылі неабгрунтаванай і пенсію пакінулі як ёсць. Але ж судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда адмяніла рашэнне суда Савецкага раёна, прызнала скаргу жанчына абгрунтаванай, а рашэнне камітэта Мінгарвыканкама – неправамерным. Але на гэтым пасяджэнні ў судовай зале не скончыліся. Да вырашэння падключылася Генпракуратура, якая палічыла, што праўда ўсё ж такі на баку суда Савецкага раёна і жанчыне трэба плаціць звычайную пенсію. Разабрацца змог толькі Вярхоўны суд. У выніку ён не задаволіў пратэст ад прадстаўніка Генпракуратуры і аднавіў лекарцы выплату пенсіі за працу з асаблівымі ўмовамі.
Для фрылансераў і фрылансерак ёсць добрая і дрэнная навіна. Добрая: калі ты працуеш за мяжой і маеш афіцыйную дамову з нейкай арганізацыяй, ты можаш звярнуцца разам з яе копіяй і пашпартам у раённы аддзел Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва і самастойна аплачваць узносы. Такім чынам будуць накоплівацца і стаж, і пенсія, і, калі што, дадуць бальнічны.
Дрэнная навіна: пакуль твой калега, працуючы афіцыйна ў Беларусі, будзе аддаваць фонду 1%, ты будзеш адлічваць не менш за 35% ад мінімальнага заробку, то-бок цяпер гэта 131,25 рублёў на месяц. Даволі верагодна, што гэта будзе не самы выгадны варыянт.
Падлічыць самастойныя ўзносы ў Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва для індывідуальных прадпрымальнікаў ды самазанятых можна на афіцыйным сайце ФСАН.
Пенсійнае страхаванне ў нас не дужа распаўсюджанае: толькі дзве арганізацыі прапануюць адкрыць такі рахунак – «Стравита» і «Приорлайф». Прынцып такі: кожны месяц ты адлічваеш пэўную суму на рахунак у рублях/доларах/еўра, а пасля 63 / 58 кампанія табе выплачвае штомесяц пенсію. Ёсць дадатковыя магчымасці: забраць усю суму адразу, улічыць рызыку атрымаць інваліднасць або дачасна памерці, але гэта залежыць непасрэдна ад прапаноў канкрэтнай кампаніі.
Калі палічыць такое пенсійнае страхаванне, то выходзіць наступнае. Для прыкладу, ты дзяўчына 20 год, кожны месяц гатовая адкладваць 50 беларускіх рублёў на пенсію. Пасля 58 ты хочаш атрымліваць дадатковыя выплаты штомесяц на працягу 10 год. Атрымліваецца, за 38 гадоў ты ўнясеш на рахунак 22 800 рублёў. Але ж дзякуючы магіі доўгатэрміновага дэпазіту на 58-ы дзень народзінаў зможаш адразу забраць 126 822.40 рублёў або атрымліваць 1578.28 рублёў штомесячна да 68-мі. Вось гэтая матэматыка выглядае больш прывабна. Акрамя аднаго: ты ведаеш паспяховы фінансавы праект у Беларусі, які б цягнуўся 30-40 год? Мы, шчыра кажучы, не. Што будзе ў нашай дзяржаве за гарызонтам некалькіх дзесяцігоддзяў, прагназаваць цяжка, таму варта разглядзець яшчэ некалькі альтэрнатыўных варыянтаў накапленняў.
Як яшчэ можна збіраць на пенсію самастойна?
Адкладаць дома пад падушкай не лепшая ідэя: улічваючы інфляцыю, пакуль ты дажывеш да пенсійнага ўзросту, не менш за трэць накопленых сродкаў згарыць.
Самастойна завесці дэпазітны рахунак і класці туды грошы пад працэнты больш прыбыткова. Пры гэтым тэрмін дэпазіту абмяжоўваецца некалькімі гадамі. То-бок калі ён, напрыклад, праз пяць год скончыцца, ты можаш забраць грошы і перавесці іх у іншы банк, дзе будуць новыя больш прывабныя ўмовы.
Каб грошы зараблялі грошы – гэта не мара, а інвестыцыі. Адразу скажам, што гэта варыянт для тых, у каго ўжо ёсць нейкая фінансавая падушка бяспекі. Рызыкаваць апошнімі грашыма і ўкладаць іх у інвестыцыі не варта. Але ж накапіць пэўную суму і набыць акцыі, каштоўныя паперы і аблігацыі даволі рэальна. Каб укладваць у акцыі беларускіх кампаній, трэба будзе шмат гугліць. Паколькі рынак каштоўных папер у нас слаба развіты, знайсці нешта прыбытковае цяжкавата. Тым не менш можна прыглядзецца, напрыклад, да акцый «Пеленга», «Аліварыі» ці «Кераміна». Можна пашукаць і нешта больш цікавае, як то «Пухавічынафтапрадукт». Па выніках 2018-га, дывідэнды на акцыю склалі 5,84 рублёў пры цане 13 рублёў. То-бок даход – 45%. Але што будзе сёлета з усімі прадпрыемствамі, завязанымі на нафце, цяжка прагназаваць. Таму будучы ўладальнік акцый павінен крыху глядзець у будучыню і ацэньваць усе рызыкі.
Для тых, каго такі варыянт цікавіць, але ж разбірацца ва ўсіх нюансах набыцця і продажу няма жадання, ёсць спецыяльная прапанова – давернае кіраванне грашовымі сродкамі. Такім чынам, дарэчы, можна набыць і акцыі замежных кампаній. Летась гэтым кірункам займаліся восем беларускіх банкаў. Схема выглядае так: ты прыходзіш у банк з грашамі, якія хочаш кудысьці ўкласці. Калі ты не ведаеш куды, банк сам абірае стратэгію і фармуе партфель. Звычайна гэта шлях для тых, хто мае свабоднымі пару тысяч долараў і чакае прыбытку праз некалькі гадоў.
Што ж. Збіраць на пенсію доўга, цяжкавата і крыху сумна. Аднак стратэгіі «да пенсіі трэба яшчэ дажыць» ці «ну, дзеці дапамогуць» зусім не ок. Заплануй, колькі ты хочаш назбіраць, і смела спрабуй адкладваць. Калі ў цябе не так шмат грошай, каб набыць адразу акцыі Google, мабыць, тое нават лепш. Паспрабуй розныя варыянты накапленняў, рызыкуючы малымі сумамі. Так ты зразумееш, што да чаго, і, калі ў цябе з’явяцца ўжо больш сур’ёзныя грошы, будзеш ведаць, куды іх укласці, каб не прагадаць.
Дарэчы, ёсць класны калькулятар, які ўлічвае інфляцыю і даходнасць. Ён падкажа, колькі штомесяц трэба адкладваць, каб сустрэць пенсію не на працы, а на адпачынку, і дапаможа назбіраць яшчэ і на іншыя карысныя рэчы.
Карысныя спасылкі
Закон «Аб пенсійным забеспячэнні»
Падкаст пра фінансавую пісьменнасць
Праверыць, ці не ўваходзіць арганізацыя ў спіс даўжнікоў ФСАН
Калькулятар, які дапаможа назбіраць не толькі на пенсію
Цікавая інфаграфіка пра пенсію ад Беларускага Хельсінкскага камітэта
Iлюстрацыя Sheeborshee