Як адзначыць Дзень Волі дома?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.03.2020
- 5973
Пагойсаць з бчб на святочнай імпрэзе з нагоды Дня Волі сёння не атрымаецца. Але святкаваць 102-ю гадавіну абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі выключна чаркай на кухні – варыянт так сабе.
«Каманда БНР100» з улікам сітуацыі анансавала анлайн-свята. У «Годным Дні Волі» возьмуць удзел вядомыя дзеячы культуры і грамадскія актывісты. Арганізатары святкавання распавялі Euroradio, што плануюць «з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках Зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў».
Далучыцца да трансляцыі можна ў 18 гадзін на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацсетках.
Вядома, Дзень Волі без Вольскага нават уяўляць сабе не хочацца. Таму ў 20:00 урубай трансляцыю электрычнага анлайн-канцэрта Лявона Вольскага з пустога Lidbeer-бара. Музыка абяцае «лепшыя песні і адмысловы сюрпрыз».
Таксама на каранціне нарэшце можна дачытаць кнігу Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР», паглядзець белсатаўскі цыкл «Гісторыя пад знакам Пагоні», пераслухаць усе альбомы N.R.M запар.
Ну і ўспомні, як Менск гуляў на 100-годдзе БНР каля Опернага: вось тут фотарэпорт Касі Сырамалот.