Дзе распавесці пра свой арт-праект?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.05.2023
- 5056
Новенькая куратарская платформа Maramora запрашае творцаў дасылаць свае праекты для публікацыі. Так у мастакоў, фатографаў, дызайнераў, пісьменнікаў ды іншых талентаў з’яўляецца яшчэ адна магчымасць выйсці на сваю аўдыторыю.
Прапанаваць свой фотапраект, тэкст ці нешта ў іншым фармаце на любой зручнай мове можна на пошту maramora.info@gmail.com. Найлепшае адбіраюць і публікуюць кожныя два тыдні. У раздзеле «media» на сайце можна для прыкладу глянуць праекты Ліліі Грынь і Nino Khundadze.
Аднак Maramora – гэта не вітрына для прыгожых творчых практык, а паўнавартасны адукацыйны праект. Тут выпускаюць арыгінальныя экспертныя курсы, лекцыі, гайды ды іншыя карыснякі для артыстаў у розных галінах. Курсы дапамагаюць набыць важныя скілы і атрымаць інспірацыю. Іх можна глядзець, слухаць і аналізаваць у любы час, калі тое зручна. Вось тут можна чэкнуць курсы, што ўжо ёсць, і запісацца, напрыклад, на курс візуальнай мовы і сторытэлінгу. Кажуць, у распрацоўцы цяпер – адразу 8 адукацыйных праектаў. Нешта новае будзе з’яўляцца штомесяц.
«На працягу некалькіх гадоў наша каманда даследавала ўплыў мастацтва на дабрабыт (well-being) грамадства. Мы стваралі адукацыйныя фарматы для невялікіх суполак у часы крызісу і знайшлі, што адукацыя ў галіне мастацтва з'яўляецца моцным інструментам для падтрымкі ў перыяды нявызначанасці», – кажуць у Maramora.
Тым, у каго ёсць ідэя ўласнага курса, прапануюць грукацца на пошту maramora.info@gmail.com. Кожны новы курс праходзіць рэдактуру, адаптацыю, рэцэнзію. Пра ўмову з адукатарамі дамаўляюцца індывідуальна.