У Менску пройдзе кніжны фэст «Горад і кнігі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.04.2019
- 6413
У навуковай бібліятэцы БНТУ пройдзе вялікі кніжны івэнт – тут і лекцыі, і праграма для дзяцей, і зорныя госці, галоўная з якіх – пісьменніца Марыам Петрасян.
19 і 20 красавіка ў навуковай бібліятэцы БНТУ пройдзе пяты фестываль «Горад і кнігі», прысвечаны сучаснай беларускай і не толькі літаратуры.
У двухдзённай праграме: чытанне ў арыгінале ўкраінскай паэзіі і «Байцоўскага клуба», абмеркаванне ролі краўдфандынгу ў літаратуры (ад каманды Ulej), круглы стол з абмеркаваннем запатрабаванасці літаратуры беларускімі медыя і многія іншыя івэнты.
Адна з галоўных падзей фестывалю – сустрэча з армянскай пісьменніцай Марыам Петрасян, якая напісала «Дом, у якім...» – адзін з лепшых рускамоўных раманаў 21 стагоддзя, што сабраў ворах прэмій і быў перакладзены на 10+ моў. У цэнтры фэнтэзійнага сюжэта – сацыяльны лад у інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў.
Не прапусці таксама сустрэчы з беларускімі аўтарамі.
Людміла Рублеўская абяцае адказаць на ўсе пытанні ў зоне літаратурнай гарбаты і аўтографаў ад Kali Laska.
Ганна Севярынец правядзе экскурсію па сваёй кнізе «Гасцініца Бельгія».
Аляксей Карлюкевіч у рамках экспертнай пляцоўкі адкажа на пытанні пра прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце.
Вера Бурлак прачытае сваю кнігу «Фантазюркі». Гэта, між іншым, свежанькая пераможца прэміі Цеткі!
Міхаіл Валодзін незвычайна прэзентуе новую кнігу «Прапетая біяграфія». Гэта будзе чытанне са спевам або спевы з чытаннем, нешта такое.
Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак прапануюць пагаварыць пра булінг і гвалт на прыкладзе сучасных кніг.
Надзея Ясмінска правядзе інтэрактыўныя чытанні па сваёй кнізе «Пацэркі і кроплі», ілюстрацыі і тэксты з якой выкарыстоўваюцца ў афармленні фестывалю.
Расклад усяго фестывалю глядзі вось тут.
А калі хочаш неяк дапамагчы фестывалю, «Горад і кнігі» заўсёды для гэтага адкрыты і падрабязна распісаў, як і чым яго можна падтрымаць.