Стартуе чэлендж «зняць кіно за 48 гадзін»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.11.2023
- 3087
Віленская каманда CreateCulture запрашае рэгістравацца на чэлендж КінаКаляды48 і зняць уласны калядны фільм. Удзельнікаў чакаюць з любых гарадоў.
КінаКаляды48 – гэта магчымасць для аматараў кіно прыдумаць і змантаваць гульнявую стужку за 48 гадзін у кампаніі такіх самых энтузіястаў. Тут можна пакрэатывіць з любым узроўнем падрыхтоўкі і або ўпершыню напісаць сцэнар, або ўзяць актыўны ўдзел у здымачных працэсах, або выпрабаваць свае акторскія таленты, або папрацаваць над гукам і мантажом.
Вось як гэта адбывалася летась:
Усе падрыхтаваныя фільмы трапяць у альманах і будуць паказаныя на вялікім экране – у кінатэатры Pasaka ў Вільні, а таксама ў іншых гарадах. Прафесійнае журы адгледзіць усе стужкі, абярэ топавую і ўзнагародзіць пераможцаў грашыма. Прызавы фонд КінаКалядаў48 складаецца з унёскаў удзельнікаў: спачатку каманды ўкідаюць у агульны кацёл мінімум па € 50, а потым па выніках чэленджу аўтары найлепшага кіно забіраюць «касу». Больш каманд – больш і грошай.
Уліцца ў чэлендж можна афлайн у Вільні або анлайн з любога месца ў свеце. Калі няма з кім згуртавацца ў каманду, можна будзе знайсці сваю crew падчас нэтворкінгу, што адбудзецца да чэленджу.
Рэгістравацца трэба па спасылцы да 15 снежня (раннія пташкі залятаюць па меншых стаўках). Здымкі пройдуць 15–17 снежня.
Дарэчы, сёлета каманда арганізатараў чэленджу атрымала прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі 48HourFilm Project у Варшаве. Гэтыя рабяты маюць вялікі досвед у кіношных справах.