Што глядзець ды рабіць на івэнтах «Women in action»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.08.2018
- 10751
З 5 па 30 верасня ў новай залі галерэі «Арт-Беларусь» на Казлова, 3, пройдуць івэнты праекта «Women in action». Мы стварылі міні-гайд, каб ты разумеў(-ла), чаго ад праекта чакаць. І пагутарылі з арганізатаркай, каб зацягнуць цябе як мінімум на адкрыццё.
Аня Лок:
адна з арганізатарак «Women in action»
«Я шмат гадоў працую з тэмай гендару, таму фемінісцкі парадак заўсёды быў вельмі важным для мяне. Пасля таго як я пазнаёмілася з мастачкай Настассяй Колас [адна з гераінь праекта. – заўв. рэд.], якая нарадзілася ў Беларусі, працавала і жыла ў ЗША, а нядаўна пераехала ў Канаду, мне здалося натхняльным прадэманстраваць як мага больш прыкладаў такіх жа класных беларусак, якія могуць быць паспяховым і на лакальным, і на міжнародным узроўні, і пры гэтым не адмаўляць сваіх каранёў. Я лічу, важна казаць больш пра паспяховых жанчын. І не толькі ў бізнэсе або IT, але і ў гуманітарных сферах. Для беларускіх жанчын і не толькі жанчын гэта, безумоўна, будзе цікава».
Выстава «Пярэварацень»
5 верасня адкрыецца выстава Настассі Колас «Пярэварацень» і будзе доўжыцца аж да 30-га. Пабачыцца з мастачкай асабіста ды абмеркаваць выставу запрашаюць 7-га.
Каб табе было пра што запытацца, матай на вус: з дапамогай прасторавых інсталяцый, скульптуры і лінзавых прыстасаванняў Настасся адсочвае трансфармацыю вобразаў. У сваіх працах яна разглядае, як прадукты глабалізавання эстэтычнай вытворчасці ўплываюць на людзей і грамадства, а таксама як яны засвойваюцца ў асяродку розных мясцова сфармаваных супольнасцяў.
Сустрэча з мастачкай Эвелінай Домніч
12 верасня цябе клічуць на сустрэчу з мастачкай Эвелінай Домніч. Домніч працуе ў жанры science art, што аб'ядноўвае мастацтва, натуральныя навукі і незвычайныя філасофскія практыкі. З табой ды іншымі наведвальнікамі(-цамі) яна падзеліцца сваім поглядам на нявырашаныя праблемы сучаснай навукі.
Дыскусія «Акселерацыя. Страта часу = Страта сэнсу?»
15 верасня філосафка Вольга Шпарага і прадпрымальніца Дар’я Мінскі пагутараць пра акселерацыю ў Беларусі як яскравую прыкмету сучаснасці.
Нагадаем табе, што спадарыня Шпарага вядомая тым, што кіруе канцэнтрацыяй «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» ў ECLAB, а спадарыня Мінскі «трымае» гарадскія сайты kyky.org, the-village.me, rfrm.io ды развівае свой IT-стартап.
Дыскусія «Эка vs. Эга»
Экаабаронца і журналістка Таццяна Новікава працавала і пісала пра экалогію для шматлікіх вядомых табе рэсурсаў: «Навіны», «Беларускі клімат» і «БелаПАН» – і аб’яднанняў «Зялёная сетка» ды «Экадом». Свой вопыт яна сабрала ў адзіны вялікі матэрыял для дыскусіі.
Падчас мерапрыемства ты даведаешся пра дзве канцэпцыі ўзаемадзеяння навакольнага асяроддзя і чалавека. Не марнуй шанец паслухаць пра антрапацэнтрызм з пазіцыі «Чалавек – мера ўсяго» і біяцэнтрызм – «Зямля не належыць нікому».
Дыскусія «Гібрыдная ідэнтычнасць – аснова прафесійнай эмпатыі»
Яўгенія Андраюк, дыскусія з якой адбудзецца 27 верасня, скончыла тры ўніверы, мае ступень магістаркі па гуманітарным праве і правах чалавека. Цяпер яна жыве і працуе ў Кіеве. Цябе яна заклікае на дыскусію пра тое, як праца з уразлівымі групамі ўплывае на яе прафесійную і асабовую ідэнтычнасць.
КАМЕНТАРЫ (1)
Ідэі тэм праекта паўсталі з галоўных кантэкстаў працы Настассі Колас: акселерацыя, гібрыднасць, разделеная экасістэма. Гэтыя тэмы, распрацаваныя самой Настассяй і філосафкай Вольгай Шпарагай, былі аформлены ў буклет, які можна будзе знайсці на выставе і на асабістым сайце мастачкі (http://anastasiakolas.com/)».