Пісьменніца Ганна Янкута прачытае анлайн-лекцыю пра беларускую жаночую літаратуру
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.05.2025
- 85
Пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута прачытае анлайн лекцыю пра беларускіх літаратарак – нашых сучасніц і зорак ХХ стагоддзя.
«Імёны беларускіх пісьменніц – Цётка, Канстанцыя Буйло, Яўгенія Янішчыц, Святлана Алексіевіч і многія іншыя – добра знаёмыя чытачам, аднак ці ёсць у беларускіх аўтарак свая гісторыя, свая літаратурная традыцыя і сувязь паміж пакаленнямі? – задаюцца пытаннем арганізатары сустрэчы. – У лекцыі Ганна Янкута прадставіць сваё бачанне беларускай жаночай літаратуры ХХ – пачатку ХХІ ст. як захапляльнай гісторыі, гераіні якой здольная насуперак усяму ствараць цуды».
Лекцыя, якая дапаможа больш комплесна зірнуць на беларускую жаночую літаратуру, адбудзецца 25 траўня ў 20:00 па менскім часе. Далучыцца могуць усе жадаючыя – праз Zoom.
Ганна Янкута – аўтарка беларускіх перакладаў раманаў «Пыха і перадузятасць» Джэйн Остэн, «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура, «Нармальныя людзі» Салі Руні і шмат якіх іншых. Паэтка. Стварае прозу пра дзяцей – у прыватнасці кнігі пра ката Шпрота. У 2023 годзе выдала аўтафікшан «Час пустазелля», з якім узяла другое месца прэміі Ежы Гедройца.