Сем новых фільмаў пра жыццё ў Беларусі
- 03.12.2020
- 7107
З 8 па 14 снежня пляцоўкі Ок16 і «Корпус» прымаюць фестываль кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus 2020. Сёлетняя праграма аб'яднаная агульнай тэмай «Паважаныя грамадзяне» і складаецца пераважна з новых рэлізаў. Расказваем, якія гісторыі ўпершыню прэзентуюць на вялікіх экранах беларускія аўтары і што яшчэ цікавага варта не прапускаць.
Тры гісторыі ад Андрэя Куцілы, Кацярыны Маркавец і Максіма Шведа. Усе тры – пра тое, што здарылася ў Беларусі адразу пасля выбараў, і пра людзей, якія апынуліся ў эпіцэнтры трагічных падзей: журналістку нацыянальнага ТБ, псіхолага, які на валанцёрскіх пачатках працуе з ахвярамі гвалту, і рэжысёра, якога затрымалі ў Менску падчас здымак фільма, збівалі і здзекаваліся, а потым адправілі на «суткі» ў Жодзіна.
Яшчэ адна праца Максіма Шведа. Рэжысёр здымае двух таксістаў з прынцыпова рознымі поглядамі на падзеі перад выбарамі і іх размовы з пасажырамі, сярод якіх можна пазнаць папулярных на Facebook лідараў меркаванняў. Гісторыя завяршаецца кадрамі таго, як героі адпраўляюцца галасаваць на свае ўчасткі. Як мы ўсе цяпер разумеем, фінал аказваецца толькі пачаткам.
Аліса Іода ўдзельнічае ў конкурсе з роздумам аб тым, ці можа мастацтва існаваць у строгіх рамках, у несвабодзе. Пра гэта можаш усе 27 хвілін кіно паразважаць і ты. Каб падрыхтаваць глебу, чытай нашы матэрыялы пра беларускія тактыкі арт-пратэсту і кіпенне ўнутры дзяржаўных культурных устаноў.
«Лебедзі»
«Лебедзі» – пазыўны брыгады хуткай дапамогі ў Светлагорску. Пад музыку «Касіяпеі», саліст якой цяпер знаходзіцца на «сутках», тытулаваная рэжысёрка дакументальнага кіно Галіна Адамовіч запрашае гледача даць нырца ў трагікамічную рэальнасць беларускай правінцыі.
Увесну Аляксандра Дынько атрымала ўзнагароду «Гонар журналістыкі» і ўлетку не раз пацвердзіла гэта званне – шмат якія з яе стрымаў стануць гістарычнымі. На Belarus WATCH DOCS пакажуць яе фільм пра падзеі, якая здарыліся не ўчора, аднак для беларускай рэальнасці паказальныя. Фільм – пра тое, што было пасля вечарынкі, на якой ад перадазіроўкі экстазі памерла 19-гадовая дзяўчына. Тады яе сябры не адразу вырашыліся заклікаць хуткую, бо ім пагражаў праславуты артыкул 328, па якім можна сесці на 25 гадоў. Сёння пяцёра маладых людзей спрабуюць аднавіць кантроль над сваім жыццём, разабраўшыся з пачуццямі віны і несправядлівасці.
Чатыры трансгендарныя чалавекі даверылі Раману Раманаву свае гісторыі жыцця ў Беларусі і распавялі пра тое, як гэта – жыць у чужым целе, будучы чужым у грамадстве і ва ўласнай сям'і. На жаль, не кожнага персанажа чакае хэпі-энд.
14-хвілінная замалёўка жыцця транзітных бежанцаў, якія знаходзяцца ў Берасці ў надзеі здабыць прытулак у Польшчы. Таццяна Свірэпа злучыла гісторыі тых, каму ўдалося з'ехаць, і тых, хто завіс у Беларусі. Фільм пакажуць не ў рамках конкурсу, а на кінаночы, якая пройдзе з 13 на 14 снежня і змесціць чатыры розныя гісторыі.
Поўная праграма WATCH DOCS Belarus 2020
Насамрэч кожны фільм WATCH DOCS Belarus 2020 варты тваёй увагі – знойдзеш шмат таго, што адгукаецца ў Беларусі сёння, нават калі гэта гісторыя пра настаўніцу з Венесуэлы або мараканскага паралімпійца. Фестываль можна і варта падтрымаць на «Талацэ», тым больш што там прапануюць паштоўкі ад Уладзіміра Цэслера.