У Гданьску адкрыецца галерэя з беларускімі мураламі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.10.2024
- 1164
19 кастрычніка ў старым трамвайным дэпо ў Гданьску, у раёне Dolne Miasto, адкрыецца галерэя муралаў.
Арт-варушняк ладзяць мастацкая майстэрня Dzivine і Інкубатар суседскай энэргіі. Удзел узялі заснавальніцы майстэрні Ксенія Лагавая і Яна Каспяровіч, беларускія і польскія мастакі і жывапісцы.
Адмыслова для праекта артысткі і артысты стварылі 12 муралаў у розных тэхніках, але аб’яднаных сутнасцю месца. Трамвайнае дэпо тут лакацыя не выпадковая. «Горад прапанаваў гэтае месца, бо майстэрня знаходзіцца ў гэтым раёне, які цяпер рэвіталізуюць, – расказала каманда галерэі. – А паколькі трамвайнае дэпо грае важную ролю ў гісторыі Дольнага мястэчка, то канцэпцыя праекта мусіла быць звязанай з трамвайнай тэматыкай, можа, нават з узгадваннем нумароў маршрутаў, якія раней адсюль выходзілі».
На адкрыцці ўдзельнікі культурнага праекта падпішуць свае работы, раскажуць пра кожную, а таксама прапануюць гасцям стварыць адну сумесную работу. Пасля можна будзе наведаць майстэрню Dzivne, абмеркаваць будучыя культурныя праекты для Гданьска і магчымыя калабарацыі, карацей, культурна панэтворкаць.
Калі: адкрыццё – у 15:00 19 кастрычніка.
Дзе: Kurza 1.