Як пратэстуе дзяржкультура?

  • 03.09.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 1803

Па чыстую пацеху cардэчна запрашаем у цырк, дзе «на манежы спрытныя мядзведзі на гіраскутары, адзіная ў свеце малпачка-жанглёр на восліку, кудлатыя сабакі-акрабаты, атлеты-асілкі і гарэзлівыя клоўны». А вось вялікае мастацтва – яно пра тое, каб біць у самы нерв, па-мастацку асэнсоўваць рэальнасць і задаваць пытанні. Не важна, ствараецца гэтае мастацтва ў гаражы ў прыватным сектары або на падмостках дзяржаўных тэатраў. Паглядзі, як рэагавалі дзяржаўныя культурныя ўстановы на падзеі лета-2020.

 

Беларуская дзяржаўная філармонія

Белдзяржфілармонія 13 жніўня абвесціла страйк. Хор выйшаў на ганак з лозунгам «У нас скралі голас» і выканаў гімн беларускага нацыянальнага руху «Магутны Божа». У наступныя дні рэпертуар пашыраўся: на акцыях салідарнасці каля філармоніі спявалі «Купалінку», «Тры чарапахі», «Перемен».

 

 

Гісторыя працягнулася флэшмобамі ў гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і перонах метро.

 

 

І здаецца, людзі сталі часцей спяваць галоўныя нацыянальныя хіты на мітынгах і шэсцях.

 

 

 

Купалаўскі тэатр

У Купалаўскім разгарнулася драма без рэжысёра. 16 жніўня трупа запісала відэазварот у падтрымку пераменаў, а на наступны дзень дырэктар тэатра Павел Латушка быў звольнены. Услед за ім заявы на звальненне масава аформіў калектыў. Юбілейнага 100-га сезона ў тэатры не будзе. Заслона. 34 пагаварыў з купалаўцамі пра будучыню і нагадаў сабе і ўсім, чым такі круты найстарэйшы тэатр краіны.

 

 

 

Коласаўскі тэатр у Віцебску

Коласаўцы падтрымалі заўсёды блізкіх ім па духу купалаўцаў плакатамі-цытатамі «Усе мы разам ляцім да зор», «Людзьмі звацца», «Толькі мы самі сваёй долі кавалі». І таксама звярнуліся да чыноўнікаў.

 

 

 

Тэатр «Лялька»

Заслужаны калектыў з Віцебска сказаў сваё «досыць» гвалту і несправядлівасці. Мірныя пратэстоўцы з гумарам падхапілі гэтую навіну, якая з’явілася на фоне рэгулярных заяваў чыноўнікаў пра замежных лялькаводаў, што кіруюць пратэстамі: «Ну нарэшце лялькаводы выказаліся!»

 

 

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

РТБД адклаў адкрыццё сезона, а ў дзень вялікага маршу 16 жніўня каля тэатра сабралася вялікая група неабыякавых з велізарным бел-чырвона-белым сцягам. Спевы тут таксама былі:

 

 

 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Калектыў запісаў свой моцны відэазварот да ўлады. Падчас «хапуна» на нешмалюдным шпацыры-экскурсіі ў Магілёве быў затрыманы актор і рэжысёр тэатра Уладзімір Пятровіч, яго асудзілі на трое сутак. А з афіцыйным адказам пракуратуры на зварот можна азнаёміцца па спасылцы.

 

 

 

Музей імя П. В. Масленікава

Магілёўскі абласны музей выказаў салідарнасць з культурнай супольнасцю і накіраваў свой зварот на імя начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама. Адказ управы – звальненне замдырэктара музея Аляксандра Балберава.

 

 

 

Вялікі акадэмічны тэатр оперы і балета

14 жніўня оперны зладзіў імправізаваны канцэрт на сваёй жывапіснай пляцоўцы. Прагучала «Інтэрмецца» з оперы «Сельскі гонар» П'етра Масканьі, фрагмент серэнады для струнных Чайкоўскага, фрагмент «Тарэадоры» з оперы Жоржа Бізэ «Кармэн», а таксама хор «Va, pensiero» з оперы Вердзі «Набука».

 

 

 

Нацыянальны мастацкі музей

14 жніўня супрацоўнікі музея выйшлі на акцыю супраць гвалту з плакатамі «Нам таксама балюча», «Мы супраць гвалту» , «Генацыд». Нагадаем, што яшчэ да выбараў з музея звольніўся мастацтвазнаўца Мікіта Моніч – ён адмовіўся выдаліць з асабістай старонкі ў FB верш, прысвечаны «справе Белгазпрамбанка». Канчаецца верш так: «Мы Вам простим, что вы приравняли к хлеву // Нашу страну, но, пожалуйста, оставьте Еву».

 

 

 

Гістарычны музей

Гістарычны музей выйшаў на вуліцу са словамі «Мы супраць гвалту. Зброя – толькі ў музейнай калекцыі». Гэта здарылася яшчэ да таго, як Аляксандр Лукашэнка ўзляцеў над Менскам з аўтаматам Калашнікава.

 

 

 

Горадзенскі драматычны тэатр

Тут зварот да ўладаў падпісалі амаль 70 супрацоўнікаў, у тым ліку галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт. 15 жніўня над будынкам паднялі бчб-сцяг.

 

 

 

Нясвіжскі замак

Бчб нейкі час лунаў і над Нясвіжскім замкам. Дырэктар Сяргей Клімаў патлумачыў СМІ, што «калектыў музея-запаведніка такім чынам выказвае сваю нязгоду з тым падманам і гвалтам, якія пануюць у нашай краіне пад афіцыйным чырвона-зялёным сцягам». Раней калектыў выходзіў на акцыю салідарнасці.

Цікавы факт з сацсетак Нясвіжскага пад хэштэгам #СядземЗкнязем: «Ці ведалі вы, што князь Мацей Радзівіл у юнацкім узросце адсядзеў 15 сутак за распаўсюд лістовак у падтрымку Салідарнасці?»

 

Фота на галоўнай: flejtmotiv