Тактыкі арт-пратэсту: ад фільтраў у інсце да перформансаў пад кулямі

Беларускі пратэст неверагодна разнастайны, жвавы, рухомы. Як толькі адна «карцінка» пачынае дакучаць, у чыёйсьці галаве тут жа нараджаецца ідэя, якая асвяжае лепей за грэйпфрутава-агурочны ліманад – і вось мышцы супраціву зноў наліваюцца моцай. 34mag прапануе табе рэтраспектыўны агляд тактык арт-пратэсту ў Беларусі-2020, які мы зрабілі на базе лекцыі ілюстратаркі Дар'і Sheeborshee Сазановіч для Action Institute.

 

Калажы: «Свабоду Еве!»

Адным з самых яскравых сімвалаў пратэсту задоўга да выбараў стала «Ева» Хаіма Суціна – карціна, што была канфіскаваная Камітэтам дзяржкантролю разам з іншымі шэдэўрамі з калекцыі «Белгазпрамбанка» ў межах справы супраць экс-кіраўніцтва таго самага банка. Многія дзеячы мастацтваў абурыліся фактам «арышту» карціны – хутка з'явіўся арт на гэтую тэму. Напрыклад, рэжысёр «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін калажаваў «Еву» ў турэмнай робе, а акторка Юлія Шаўчук – з «факам».

 

 

 

Лайтовы вандалізм: 3%

Усю перадвыбарчую гонку суправаджаў мем пра 3%, што нарадзіўся з інтэрнэт-апытанак, якія спачатку паказвалі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў радыусе гэтай лічбы, а потым чамусьці былі забароненыя. Лічба стала з'яўляцца на нялюбых гараджанамі «табакерках», у ліфтах, на асфальце, на сценах, на цішотках, у інстаграм-фільтрах і наогул усюды.

 

 

 

Сімвалы: «Верым! Можам! Пераможам!»

Тут з варыянтам «Любім! Можам! Пераможам!». Аб'яднанне трох штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў з выхадам на сцэну «трыумвірату баявых сябровак» – Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала – натхніла беларусаў на беспрэцэдэнтную актыўнасць падчас мітынгаў, ну а мастакі бадзёра візуалізавалі сімвалы, сярод якіх кожнаму знойдзецца той, што бліжэй. Вось варыянты Антаніны Слабодчыкавай, Дашы Сазановіч і Сяргея Шабохіна.

 

 

 

Містыфікацыя: ромбакубактаэдр з народам?

Напярэдадні выбараў сеціва абляцела відэа, на якім Нацыянальная бібліятэка, якая заўсёды ўспрымалася сімвалам лукашэнкаўскага праўлення, раптам замест рэкламы свежай рыбы ды касметыкі пачала трансляваць надпіс «Любім! Мажам! Пераможам! 9 жніўня!!!». Бібліятэка хуценька адхрысцілася ад гэтай гісторыі і заявіла, што «абураная неэтычным выкарыстаннем яе іміджу ў палітычных мэтах». Але, здаецца, да сёння засталіся людзі, якія ў гэтую містыфікацыю вераць. А гэта шмат чаго кажа пра агульны настрой: ужо, бадай, няма нічога, што адназначна ўспрымецца як казка дзеда Мазая.

 

 

 

Творчы зрыў івэнтаў

6 жніўня гукарэжысёры Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў уключылі на праўладным мітынгу, дзе павінен быў спяваць чужы-мілы Саладуха, трэк «Перамен!». І парвалі танцпол. Пазней гукачоў затрымалі, асудзілі на 10 сутак, падверглі гвалту і прэсінгу. Тады ж беларусы прадэманстравалі магутную салідарнасць: музыкам, якія страцілі працу і свабоду, сабралі больш за 30 тысяч даляраў. А неўзабаве ў Менску з'явілася «Плошча Перамен», упрыгожаная муралам у гонар мужных хлапцоў.

 

 

17 жніўня топ крамлёўскай прапаганды Уладзімір Салаўёў планаваў пагутарыць у жывым эфіры з рабочым «БелАЗа», але ўсё пайшло хранова: на дыялог выйшаў актывіст, які на пытанне аб тым, што робіцца на беларускіх заводах, паказаў прапагандысту чэлес.

 

 

 

Партызанінг: Цой паўсюль

У жніўні з'явілася інтэрнэт-радыё, якое 24/7 круціць пратэсны хіт 33-гадовай вытрымкі «Перамен!». Зручна: клікаеш па спасылцы – і ў родным двары спакваля падтрымліваецца пратэсны настрой. Спасылку, дарэчы, шэрылі па прынцыпе сарафана: так, дваровыя чаты сталі напаўняцца чымсь акрамя скаргаў на «паркуноў» ды віншаванняў з Вялікаднем.

 

 

 

Інтэрвенцыя: персанальная акцыя Аляксея Кузьміча

У дзень выбараў мастак Аляксей Кузьміч ажыццявіў акцыю «Верую, або Філістарскі свет палітычных жывёл». Акцыя складалася з дзвюх частак: спачатку мастак прыйшоў на свой выбарчы ўчастак у школу № 44 і прадстаў перад камісіяй з гулліва размаляваным бюлетэнем на аголеных грудзях; увечары ў той жа паставе распятага мастак паўстаў перад байцамі АМАПу на Стэле. Пазней Кузьміч быў затрыманы, заключаны ў турму і збіты.

 

 

 

Акцыя мастакоў «Мастацтва рэжыму»

15 жніўня, калі беларусы ўжо ведалі пра той гвалт, што адбываўся ў турме на Акрэсціна, мастацкая супольнасць зладзіла вялікі сумесны выхад: удзельнікі акцыі выйшлі да Палаца мастацтваў з фатаграфіямі параненых і збітых людзей. Уладам адрасавалі наступны мэсэдж: «Вы забралі ў нас наша мастацтва (працы з галерэі “Арт Беларусь”) і паказалі нам сваё. Кулі, дубінкі, аўтазакі – вашы кісці! Наша кроў і зламаныя косці – вашы фарбы! Нашы целы – вашы палотны ды карціны!» Да акцыі далучыўся закатаваны АМАПам Арцём Пронін.

 

Фота Лесі Пчолкі

 

 

Стратэгічны нягвалт

14 жніўня ў фінале вялікага шэсця па праспекце Незалежнасці пратэстоўцы дасягнулі Дома ўрада, дзе іх сустрэлі байцы ў амуніцыі, з дубінкамі і шчытамі. Паколькі дубінкі ўпершыню ў ход не пускалі, момант быў эмацыйны: некаторыя дзяўчаты пабеглі да хлопцаў, сталі іх абдымаць, дарыць кветкі – па ўзоры таго, як гэта здаралася раней у іншых краінах свету, там, дзе армія магла перайсці на бок мірных пратэстоўцаў.

 

 

 

Палітычныя перформансы

Адзін з самых яскравых і жудасных – «Мая камера», у ходзе якога былі адлюстраваныя ўмовы ўтрымання вязняў на Акрэсціна. У контур камеры, разлічанай на шэсць чалавек, усталі столькі сяброў і сваякоў тых, хто пабываў на ЦІП, колькі турэмшчыкі пхалі ў камеры пасля выбараў – пазбаўляючы свежага паветра, вады, ежы ды іншых базавых рэчаў.

 

 

Група ўдзельніц жаночага маршу закасплэіла «ціхароў», прадэманстраваўшы, наколькі абсурдна выглядаюць кадэбэшнікі ў цывільным, у «безаблічнай» вопратцы, з абавязковым хэндыкамам у руцэ.

 

 

Вялікая група дзяўчат у белым выйшла на Плошчу Перамогі, каб выканаць «Калыханку» – з вялікай мэтай усыплення рэжыму. Фінальныя радкі пры гэтым выправілі на «Вачаняткі адчыняй!» – гэта каб абудзіць тых, каму, наадварот, заплюшчваць вочы на відавочнае не варта б.

 

 

30 жніўня ў Менску маштабны марш салідарнасці збіраўся трэцюю нядзелю запар. Але яго асаблівасць была ў тым, што ён супаў з днём нараджэння Аляксандра Лукашэнкі. Дэманстранты сітуацыю абыгралі: прынеслі да Палаца Незалежнасці падарункі ў выглядзе пахавальных вянкоў ды труны. З масы вылучаліся групкі людзей, апранутых у чорнае, у вэлюмах і пальчатках.

 

 

 

Відэапраекцыі

Графіці жывуць нядоўга, а караюць за іх нярэдка. Затое праекцыя на сцяне – суперлегальная і эфектная. Шмат хто з гараджан спяшаўся гэтым скарыстацца. Спачатку праецыравалі ў асноўным «Пагоню», але ў далейшым сталі ўключаць актуалачку – падтрымліваць герояў: купалаўцаў, вымушаных пакінуць будынак на Энгельса; Марыю Калеснікаву, якая парвала пашпарт і апынулася за кратамі; Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе да абсталявання ў шахце.

 

 

 

Арт вакол забастоўкі

Забастоўка мастака не лясне па дзяржаўнай машыне. Але ён ці яна ў сілах падтрымаць страйкоўцаў сваёй творчасцю. Палюбуйся на працы Машы Святагор і супольнасці «Работай больше! Отдыхай больше!», якая, дарэчы, і да выбараў выступала за правы працоўнага класа.

 

 

 

Арт-тэрапія: #заЎтракожныдзень

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» арганізавала калектыўны – і вельмі прыгожы – мастацкі акт: кожны(-ая) жадаючы(-ая) мог(магла) далучыцца да стварэння дакументальнага палатна-вышыванкі па матывах новай беларускай гісторыі.

 

 

 

Рэйв на шэсці

Дыджэй Papa BO Selektah з дапамогай мабільнай саўндсістэмы арганізуе падчас буйных шэсцяў сваю атмасферу – гэта калі можна не проста гуляць, але і наталяць каранавірусны голад па клубных танцах. Рэйв на маршы потым таксама ладзіла і ЛГБТ-калона, але медыя больш зацікавіла дачка замежнага акцёра Міхаіла Яфрэмава.

 

 

 

Асэнсаванне сімвалаў

Сітуацыя Беларусі даволі ўнікальная з той прычыны, што ў краіны дэ-факта ёсць два сцягі. З аднаго боку, гэта вельмі зручна, бо прыхільнікам перамен не трэба прыдумляць нейкія сімвалы – яны ўжо ёсць, і вельмі годныя. З іншага боку, прапагандысцкія орды спрабавалі раздуць беларускія сцягі вятрамі нейкага «грамадскага расколу». У гэтым святле асабліва характэрнай аказаліся праца, дзе бчб і чырвона-зялёны злучаныя ў адзін, і праца Уладзіміра Цэслера «Loading».

 

 

Плакаты

Гэтым летам аказалася, што беларусы ўмеюць і ў сэнс, і ў шрыфт, і ў колеры, і ў прапорцыі. Цікавы ўнёсак у гэтую плынь зрабіў ад арт-супольнасці Аляксей Коваль: дызайнер выклаў у бясплатны доступ шрыфт Hleba Soli Ziamli Voli, які ідэальна пасуе да хвосткіх лозунгаў.

 

 

Працяг, вядома, будзе.

 

 Паглядзець Дашыну лекцыю цалкам можна тут: