У небе над заказнікам Ельня адыграюць электронны сэт
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.08.2019
- 5721
26 жніўня электроншчык Modd адыграе гадзінны сэт на паветраным шары, лунаючы над заказнікам Ельня. Мяркуецца, што музыка ў небе прыцягне ўвагу да праблемы асушэння балот.
Арганізуе ўвесь цуд каманда KURS:RA, гэта новенькі ютуб-праект, які падымае вострыя пытанні з дапамогай прыгожай музыкі ў прыгожых беларускіх лакацыях. У траўні KURS:RA перамог у найбуйнейшым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і атрымаў грашовую катлетку на добрыя справы. Чытачы 34mag ведаюць каманду KURS:RA па рэйве каля стогадовай воданапорнай вежы ў Менску.
У Ельні рэйву не атрымаецца, але там зусім іншая задача, нават дзве: зняць выступ Modd на паветраным шары і падрыхтаваць пра заказнік дакументальнае кіно. Над апошнім працуе рэжысёрка Kati Lee і відэастудыя Notakitchen. Яны пакажуць перадсвітальную Ельню і раскажуць, чым жа яна такая незвычайная і чаму вартая самага беражлівага стаўлення. Будучаму гледачу абяцаюць «матывацыйны паэтычны твор», у прадакшане якога ўдзельнічаюць захавальнікі Ельні і трэвэл-блогер Леанід Пашкоўскі. Запрэм'ераць фільм 19 верасня ў клубе Hide.
Сачыць за навінамі праекта прасцей за ўсё ў Instagram.
Пра тое, як самастойна зганяць на Ельню, можна пачытаць тут. Уявіць, наколькі ж там сімпатычна, дапаможа пяшчотны фотарэпартаж 34.