«Мне адгукаецца гісторыя вечных чужынцаў»: размова з мастачкай Марыяй Гвардзейцавай
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 12.11.2024
- 1023
Мастачка Марыя Гвардзейцава жыве ў Лондане, але трымаецца каранёў. У сваіх шматслойных працах яна пераплятае рэальнасць і міфалогію, іронію і балючае асабістае. Яе праекты, якія закранаюць памяць і ідэнтычнасць, ствараюць прастору, дзе Беларусь сустракаецца з вялікім светам. Мы паразмаўлялі з Марыяй пра яе новую выставу «The Adoration of Mystic Goat. The Fall», спрэчныя сімвалы, жыццё ў эміграцыі і тое, што сёння азначае быць «вечным іншым».
Пра беларускую ідэнтычнасць
– Як ідэя выставы «The Adoration of Mystic Goat. The Fall» суадносіцца з вашай асабістай гісторыяй і ідэнтычнасцю?
– Праект у цэлым прысвечаны вывучэнню сябе ў рамках і па-за межамі ідэнтычнасцей. Я шмат пра гэта думаю. Кім я сябе адчуваю? Што ўплывае на выбар тых ці іншых ідэнтычнасцей? І ці з’яўляецца гэта выбарам? У цэнтры праекта – мой перформанс з такой жа назвай. Калі я думаю пра сваю беларускую ідэнтычнасць, мне прыходзіць вобраз каляднага абраду, дзе каза ўпала [гульня калядоўшчыкаў, калі пераапрануты ў кажух і маску казы чалавек падае, каб пасля, калі дадуць пачастункі, зноў устаць. – заўв. 34]. Каза на Калядах – гэта архетып дабрабыту, і вобраз казы ў маёй галаве поўны сіл. Але каза ляжыць. І я не ведаю, ці ўстане яна. Гэта патрабуе намаганняў.
Я скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, і менавіта ў ліцэі была сфарміравана мая беларуская ідэнтычнасць. Цяпер, пасля 16 гадоў міграцыі, мне даводзіцца прыкладаць намаганні, каб падтрымліваць сваю сувязь з беларускай ідэнтычнасцю, – і гэта асэнсаваныя намаганні. Мне вельмі важнае кола маіх беларускіх сяброў, я наведваю мерапрыемствы ў беларускай бібліятэцы ў Лондане, час ад часу слухаю анлайн-канферэнцыі на культурную тэматыку, чытаю кнігі. Я свядома не хаджу на мерапрыемствы, звязаныя з рускай ідэнтычнасцю – хоць размаўляю па-руску і ў мяне шмат сяброў з Расіі. Але гэта не маё, мова не стварае прыналежнасці. Мова хутчэй адносіць мяне часткова да homo soveticus – як і ўсіх выхадцаў з постсавецкай прасторы. Мая беларуская ідэнтычнасць у чымсьці падобная на мігатлівыя агні на балоце. Я іх бачу, але блікі знікаюць. Гэтаму пульсуючаму святлу і прысвечаны праект.
«Мая беларуская ідэнтычнасць у чымсьці падобная на мігатлівыя агні на балоце. Я іх бачу, але блікі знікаюць»
– Вашы работы часта будуюцца на метафарах. Адкуль прыходзіць натхненне для такіх вобразаў, як балоты ці алтар?
– Мае мастацкія практыкі шмат у чым заснаваныя на вывучэнні сябе і перапрацоўцы майго асабістага досведу. Я жыву з гэтымі вобразамі, яны проста выходзяць на першы план у той ці іншы перыяд жыцця.
– У праекце «Drygva. Breathe In Breathe Out» вы даследуеце беларускую ідэнтычнасць і знікомую памяць пра карані. Якія былі рэакцыі гледачоў на гэтую працу? Што асабіста для вас азначае гэтая інсталяцыя?
– Гэта адна з маіх любімых работ. Яна экспанавалася ў музеі Роткі ў Даўгаўпілсе, Латвія. Мне было важна выбраць менавіта гэтую ўстанову для праекта, бо Даўгаўпілс знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Беларусі, і для мяне гэта мела значэнне. І Ротка – адзін з маіх любімых мастакоў. На інсталяцыі быў аншлаг увесь час – атрымалася вельмі медытатыўная прастора. Я працавала ў гэтым праекце з гукамі, пахамі, святлом. Мая сяброўка ароматэрапеўт Наталля Дзічкоўская спецыяльна распрацавала сумесь аромаалеяў, якую мы назвалі «квітнеючае балота». Дзеці скакалі на падлозе з memory foam, дарослыя сядзелі на лаўках – і ніхто не хацеў сыходзіць. Асабіста для мяне гэта вельмі важны праект. Я рыхтавала яго для Венецыянскага біенале, якое ў мяне не адбылося. Праект атрымаў выдатныя водгукі і ў Латвіі, і ўвогуле ў Еўропе, быў на вокладцы французскага Quotidien de L’Art. Вельмі хацелася б яго яшчэ экспанаваць.
Drygva. Breathe In Breathe Out
– Які досвед вы лічыце пераломным у сваёй кар’еры мастачкі?
– Напэўна, маё вяртанне ў мастацтва можна назваць пераломным досведам. У 17 гадоў я спужалася прысвяціць сваё жыццё мастацтву. Я не разумела, як буду зарабляць, як змагу забяспечваць сябе. І я звязала сваё жыццё з камунікацыямі і тэкстамі. І вось шэсць гадоў таму я трапіла на біенале ў Венецыі і раптам зразумела, што вярнулася дадому. Гэта было адчуванне дому. У мяне да сябе тады было толькі адно пытанне: як я магла столькі гадоў займацца чымсьці, акрамя мастацтва? Праз два месяцы пасля вяртання я зрабіла сваю першую выставу. І пайшло-паехала.
«У мяне да сябе тады было толькі адно пытанне: як я магла столькі гадоў займацца чымсьці, акрамя мастацтва?»
Пра лонданскую вучобу і адчуванне сябе «паўсюль чужой»
– Як навучанне ў Лондане паўплывала на ваша мастацкае бачанне?
– Я вельмі грунтоўна падыходзіла да выбару навучальнай установы. У той момант я разумела, што мая мастацкая мова ўжо была сфарміравана, і таму мне будзе складана вучыцца на студыйнай праграме. Я хацела лепш асэнсаваць свае практыкі. Голдсмітс лічыцца адным з лепшых месцаў менавіта для канцэптуальнай падрыхтоўкі – з вельмі высокімі акадэмічнымі патрабаваннямі.
Чытаць даводзілася па 6–8 гадзін у дзень. Я выбрала праграму «мастацтва і палітыка», таму неабходна было чытаць тэарэтычныя тэксты па паліталогіі, мастацтве і філасофіі. Вялікая перавага праграмы ў тым, што прафесары ўмеюць працаваць з мастакамі, і я магла рабіць арт-праекты замест эсэ. Я ніколі не думала, што ва ўзросце 39–40 гадоў могуць змяняцца каштоўнасці і погляды на жыццё, – але менавіта гэта адбылося са мной падчас навучання. Я дагэтуль асэнсоўваю досвед і веды, атрыманыя ва ўніверсітэце.
«Ніколі не думала, што ва ўзросце 39–40 гадоў могуць змяняцца каштоўнасці і погляды на жыццё»
– Як працэс эміграцыі і канчатковая адмова ад грамадзянства ў 2022 годзе паўплывалі на вашу ідэнтычнасць і творчасць?
— Я ў эміграцыі ўжо 16 гадоў – з кароткімі вяртаннямі і апошнім прыездам у Менск у сакавіку 2020 года. Я жыла ў шасці краінах. Я вельмі добра разумею, што я паўсюль чужая, заўсёды мігрант. Мне здаецца, я ўспрымалася чужой і дзіўнай нават і ў Беларусі, калі вярнулася туды на пару гадоў пасля жыцця ў ЗША. Я ўжо была іншай. Як мне жывецца з гэтым? Жывецца нармальна. У гэтым ёсць вялікая крыніца творчасці і даследавання самой сябе. У праекце «The Adoration of Mystic Goat. The Fall» я звяртаюся да фармату рэтабло [традыцыйны фармат мастацкай працы, часта ў выглядзе алтара або панэлі, які адлюстроўвае сцэны рэлігійнага або міфалагічнага характару. – заўв. 34]. Мне ў цэлым цікавыя алтары як мастацкая форма. Але менавіта ў фармаце рэтабло я знайшла шмат суаднясенняў з маімі даследаваннямі ідэнтычнасці. Першыя рэтабло ствараліся па замове ваяроў-крыжакоў, з выкарыстаннем артэфактаў, часта з іншых рэлігій, прывезеных імі з вандровак. Яны адсутнічалі і па дзесяць гадоў, а пасля вяртання былі вечнымі чужынцамі. Мне вельмі адгукаецца гісторыя вечных чужынцаў, вечных вандроўнікаў, дзіўнага спалучэння розных аб'ектаў і розных культур.
Пра культуру памяці
– Многія вашы праекты закранаюць пытанні асабістай і калектыўнай памяці. Як, на вашу думку, мяняюцца формы памяці ў эпоху глабалізацыі і палітычных змен?
– Мне важна адзначыць два аспекты, якія, як мне здаецца, вызначаюць фармат нашага часу і нашай пакаленчай памяці. Першае – уплыў фатаграфіі і відэа. Асаблівасць памяці ў тым, што мы запамінаем убачанае – ці то ў люстэрку, ці то на фатаграфіі, ці на відэа. І гэтая памяць вельмі маніпулятыўная, бо ёсць і іншыя гісторыі, якія не былі запісаныя. У сваім праекце я выкарыстоўваю люстэркі – гэта мой адсыл да феномена «люстэркавай памяці».
Другое – мы адносімся да пакалення, што існуе ў фармаце пастаяннага рэаліці-шоу, створанага палітычнымі і бізнэс-інстытутамі. З часоў Персідскага канфлікту вайна, смерці, тэракты сталі часткай тэлевізійнага забаўлення. Ніколі ў свеце не было столькі ваенных канфліктаў – і ніколі яны не былі так добра задакументаваныя. Але веды і дакументацыя – гэта не памяць. Каб, скажам, выбары прэзідэнта ЗША ў 2024 годзе сталі памяццю, нам патрэбны рамкі, якія звяжуць нас з гэтай падзеяй у прасторы часу і ідэнтычнасці. Калі гэтыя сувязі адсутнічаюць, мы маем справу з ведамі, а не з памяццю. Памяць – адкрытая сістэма, і нашы ідэнтычнасці яе вызначаюць.
Мне падабаецца метафара філосафа Кваме Энтані Апіа, які кажа, што ідэнтычнасці для людзей з’яўляюцца жывымі праваднікамі. Памяць і ідэнтычнасць – гэта жывы, вечна змяняльны працэс. Менавіта гэтая змяняльнасць структуры і прыцягвае мяне для мастацкіх даследаванняў.
Пра новую выставу ў Варшаве і пра паняцце «дому»
– Як паўстаў праект «The Adoration of Mystic Goat. The Fall»?
– Тут я працавала з формамі вокнаў і люстэркаў. Ідэнтычнасці – гэта ярлыкі, якімі мы вызначаем сябе для іншых і іншых для сябе. Мне падалося, што вокны, у якія можна зазірнуць, а там праз люстэркі, новыя і вінтажныя, убачыць сябе і мяне як мастачку – гэта цікавы фармат для размовы пра ідэнтычнасць і памяць. У цэнтры праекта – мая беларуская ідэнтычнасць, і я адсылаюся да Містычнага ягняці Генцкага алтара. Я абапіралася на так званую вялікую васьмёрку ідэнтычнасцей – так у сацыялогіі азначаюць асноўныя чалавечыя ідэнтычнасці (пол, раса, рэлігія і гэтак далей), але нечакана для сябе самой мне захацелася казаць пра сябе і праз сувязь з мужчынамі і жанчынамі майго роду, і праз сувязь з маім унутраным «глебішчам». Работы экспануюцца ў фармаце рэтабла. І ў мяне ёсць адчуванне, што ў гэтага алтара з’явяцца новыя ярусы ў будучыні. Я яшчэ не выказалася да канца.
Фота: Ганна Шот
– Вашы работы часта ўключаюць вобразы болю і страты. Як вы спадзеяцеся, што гледачы будуць успрымаць гэтыя тэмы? Ці ёсць для вас важнае адрозненне паміж асабістым і калектыўным болем, якія вы дэманструеце ў сваіх работах?
— Я разумею, што ў эпоху метамадэрнізму мая роля як мастака заканчваецца там, дзе глядач пачынае ўспрымаць твор. І глядач праз свае перажыванні і свой асабісты досвед становіцца су-стваральнікам твора. Я бачу сваю задачу як мастака дапамагчы гледачу выйсці з матрыцы ўспрымання – і пачаць адчуваць. Мне не цікава працаваць толькі з палітрай радасці як эмоцыі. Боль, як і смерць, – гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх людзей. Мы ўсе адчуваем боль, і менавіта гэта робіць нас жывымі. Я заўсёды кажу і пра асабісты, і пра калектыўны боль – няма сэнсу казаць пра тое, што цябе асабіста не кранае.
«Боль — гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх людзей. Мы ўсе адчуваем боль, і менавіта гэта робіць нас жывымі»
– На ваш погляд, наколькі ўспрыманне вашых праектаў у Лондане або Варшаве адрозніваецца ад таго, як бы іх успрынялі ў Беларусі?
– Мне вельмі складана пра гэта казаць, бо маё ўспрыманне Беларусі капсулізавана ў часе і ў маёй свядомасці. Майго Менска няма ў рэальнасці — ён ёсць толькі ў маёй памяці. Гэта мой асабісты сферычны конь у вакууме.
– Як вы адчуваеце працэс пераезду праз гады? Што было самым складаным у гэтым досведзе, можа, быў пераломны момант?
– У мяне было шмат, вельмі шмат пераездаў. Вельмі складана змясціць жыццё ў некалькі чамаданаў. Складана не мець магчымасці вярнуцца. Складана губляць сувязь з фізічнымі рэчамі. Складана падтрымліваць сувязь толькі праз званкі і рэдкія сустрэчы – і не мець магчымасці фізічнага дотыку да блізкіх людзей. Складана, калі замест працэсу пражывання і стварэння агульнай памяці ёсць толькі калажы сустрэч і абдымкаў.
«Складана, калі замест працэсу пражывання і стварэння агульнай памяці ёсць толькі калажы сустрэч і абдымкаў»
– Адмова ад грамадзянства Беларусі стала значнай вяхой у вашым жыцці. Як гэтая страта паўплывала на ваша стаўленне да паняцця «дом»?
– Я даўно пераасэнсавала сваё паняцце «дому». Як кажа мая блізкая сяброўка, каб адчуваць сябе дома, трэба знайсці сваіх і супакоіцца. Сваіх людзей, свае месцы. Мая сям’я і сябры раскіданыя па свеце, і з кожным з іх я дома, калі мы побач. Цяпер дом – гэта Лондан. Там мая малодшая дачка, мае карціны, мае любімыя сябры, мая студыя і мае кубкі.
***
Выставу Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall» можна паглядзець у Варшаве да 15 лістапада ўключна па адрасе вул. Foksal, 11.
Гадзіны працы выставы: панядзелак – пятніца з 16:00 да 20:00,
субота – нядзеля з 12:00 да 20:00.