Ян Ганчароў. Як стаць Робертам Майлзам, калі не бачыш амаль нічога?
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 08.04.2019
- 5666
Як схапіць мару за хвост, калі бачыш яе адным вокам, і тое на дзве сотыя? Адказ на гэтае пытанне ведае Ян Ганчароў – слабавідушчы «пілот сінтоў», які натхняецца музыкай Роберта Майлза і намагаецца атрымаць дыплом «інжынера музычнай прамысловасці» ў ЗША.
Я стаю вечарам каля гандлёвага цэнтра і спрабую разглядзець чалавека ў натоўпе. Але ён невідзімкай праходзіць паўз мяне. Зрок не заўжды дапамагае ўбачыць. Мой суразмоўца дакладна, як навігатар, тлумачыць, куды ісці, дзе павярнуць, і мы хутка знаходзім ціхую прастору са свабоднымі столікамі. «Я бачу аб’екты на тваім твары: іх адзін, два, але сказаць, якога колеру, або ўбачыць зрэнкі ўжо не магу».
Шнар, якога не відаць у люстэрку
У Яна Ганчарова было дзве аперацыі па выдаленні пухліны з галавы. Першая ў тры гады, другая сёлета. А шнар адзін. Дактары стараліся не псаваць знешнасць. Ян таксама стараецца рабіць усё максімальна прафесійна. Ён піша музыку.
«Нарадзіўся я нармалёвым, праблемы пачаліся ў 2 гады. Спачатку няправільны дыягназ паставілі. А калі б пухліну выдалілі поўнасцю, я б зусім нічога не бачыў, таму яе падрэзалі. На правым воку зрок застаўся – дзве сотыя. Як ёсць, так ёсць».
Музыка, маці і мова могуць замяніць штучныя антыдэпрэсанты, калі ты сапраўдны пілот музычных інструментаў і камп’ютарных праграм.
Ян Ганчароў – гукаінжынер, але на гэтым не спыняецца. Збіраецца паступаць у круты амерыканскі каледж, бо ў Беларусі не хапае сучасных спецыяльнасцяў. Паралельна з практыкай у музычнай студыі вывучае нямецкую мову. Раптам лёс прывядзе ў Германію не толькі на рэабілітацыю. Такі вопыт ужо быў, нядаўна Ян вярнуўся з Патсдама, дзе праходзіла мерапрыемства, прысвечанае сацыяльнай і палітычнай рэкламе. Адным з заданняў было знайсці рэкламу, якую можна пачуць або панюхаць. Такім чынам Ян даведаўся, што асаблівасць Патсдама – гэта пякарні. Ён і сам зацікавіўся кулінарыяй, калі набыў мульціварку. Цяпер прыгатаванне ежы – яго новае хобі. Ян з тых людзей, якія не сядзяць на месцы, а пазнаюць свет усімі даступнымі спосабамі.
«Была гісторыя, калі чалавеку вярнулі зрок – і ён не змог займацца сваёй справай. Скончыў жыццё самагубствам. Калі ўвесь час думаць пра тэхналогіі, можна патрапіць у дэпрэсію»
Першыя «круізы» па раёне Ян пачаў рабіць у 5-6 гадоў. Дэманстраваў свой маршрут бацькам, каб не хваляваліся, і ішоў. Прыдумаў свой спосаб катацца на скейце не стоячы, а седзячы, чым прыцягваў увагу дзяўчынак. Выхаванне было зусім не «дваровае», але пастаяць за сябе ўмеў. Разам з бацькам вучыў прыёмы барацьбы. А аднойчы пабіўся з другім хлопцам, каб той саступіў яго скейту дарогу. Ёсць у Яна адна асаблівасць: ён з цяжкасцю суадносіць сілу ўдару, таму стараецца ў такія сітуацыі не трапляць.
«Мне пашанцавала. Бог даў такую ўнікальную маці, што проста неверагодна, яе падтрымка – найлепшы антыдэпрэсант»
Вышэйшы пілатаж
Два разы ў дзяцінстве Ян з’ездзіў у Вялікабрытанію ад арганізацыі «Дзеці Чарнобыля». Ён быў так уражаны паводзінамі англічан, што лічыць іх сістэму адукацыі самай лепшай. Адукацыя – гэта галоўная тэма Яна, яго нялёгкі шлях да мары, па якім ён упарта праходзіць усё далей. Напачатку было цяжка, у Беларусі не ўсе хацелі бачыць у сябе слабавідушчага вучня.
З аднакласнікамі агульных тэм было няшмат. Ян тады захапляўся каналам «Дыскавэры», любіў глядзець праграмы пра інжынераў. Яго заўсёды ўражвала, калі людзі распавядалі пра створанае і казалі: «У нас бы гэтага не атрымалася, калі б мы не любілі сваю працу».
«Любіць сваю працу» стала для Яна ідэяй-фікс. Напачатку ён марыў звязаць жыццё з чыгункай, з транспартам, хацелася стаць кіроўцам, набыць машыну. Думаў, што нешта можна будзе зрабіць. Пасля зразумеў, што гэтай мары не наканавана здзейсніцца.
«У мяне аднойчы была дэпрэсуха, калі мае аднакурснікі на правы здавалі. Я ўсё ж такі хлопец. У дзяцінстве ў такім захапленні ад чыгункі быў, што аж немагчыма. Яшчэ авіяцыя была вельмі цікавая. У мяне асаблівае стаўленне да ўсіх, хто там працуе: сцюардэсы, пілоты. Гэта нешта неверагоднае. Але я таксама дайшоў да пілатажу. Пілатую розныя сінтэзатары. Раней людзі да мяне прыходзілі і казалі: “Слухай, у цябе тут сапраўдны касмічны карабель, усё гарыць, міргае!”»
Ян рана пачаў займацца музыкай. Хадзіў у музычны гурток ад ЖЭСа, які знаходзіўся ў адным будынку з аддзяленнем міліцыі і лазняй, на хатнія заняткі да настаўніцы, пасля ў музычную школу. Нават застаўся на дадатковы год, для лепшай падрыхтоўкі. А калі трэба было выбраць, куды пайсці далей, падумаў: чаму б не звязаць сваё жыццё з гукарэжысурай? У 16 год Ян набыў свой першы сінтэзатар.
Каханне праз радыёразетку
Ян кажа, што вушы – гэта яго інструмент. У тыя гады інтэрнэту яшчэ не было, але былі радыё і тэлебачанне. І Ян запамінаў вядомыя кампазіцыі, якія гучалі ў застаўках перадач. Ён і цяпер помніць іх назвы.
«У дзяцінстве на кухні стаяла радыё, як у кожнай кватэры, звычайны дынамік са спецыяльнай разеткай. Тады я не пераносіў палітыку, але была такая праграма: “Служу айчыне”. Там гучала адзіная інструментальная кампазіцыя гурта Seсret Service – “Aux Deux Magots”. І я ў гэтую кампазіцыю закахаўся».
«Ванэса Мэй выконвала “Classical Gas” у перапынку перадачы, дзе можна было па спецыяльным індэксе замовіць кнігу. А ў перадачы “Клуб падарожнікаў” вядучы пачынаў гаварыць на фоне павольнай кампазіцыі Jan Hammer – “Miami Vice Theme”».
Яшчэ ў дзяцінстве Ян закахаўся ў музыку 70-80-х. Ён аматар электроннай музыкі, але свой стыль пакуль вызначыць складана.
«У 12 гадоў, калі мае аднакласнікі слухалі “Прэм’ер-міністр” і “Рукі Уверх”, я падсеў на Tangerine Dream, нямецкі гурт, які працаваў у адзін час з Kraftwerk. Але ў маёй музыцы не асабліва гэта пачуеш. Помніш, быў такі Роберт Майлз? Бліжэй да яго, мабыць».
Пасля ўніверсітэта ў Яна былі думкі музыку больш не пісаць, бо нікуды яе не прадасі. Усё ўжо створана. Але з часам ён паверыў: нават калі ты ровар ствараеш, усё роўна трэба пісаць, бо штосьці сваё атрымаецца.
«У 12 гадоў, калі мае аднакласнікі слухалі “Прэм’ер-міністр” і “Рукі Уверх”, я падсеў на Tangerine Dream, нямецкі гурт, які працаваў у адзін час з Kraftwerk»
Камень у жорнах вышэйшай адукацыі
Ян умее дабівацца свайго і ўпэўнена ісці наперад. Прызнаецца, што дзякуючы маці, якая выхоўвала яго на еўрапейскі і амерыканскі лад, заўсёды адчуваў сябе свабодным і выпрацоўваў сілу волі.
У 16 год Ян ужо тэлефанаваў у Акадэмію мастацтваў, каб даведацца пра паступленне. А ў апошнім класе запісаўся на падрыхтоўчыя курсы. Выявілася, што дарма аддаў грошы, бо чалавек, які выкладаў на гэтых курсах, ніяк не быў звязаны з гукарэжысурай. На адным з экзаменаў трэба было падабраць да карцінкі музычнае афармленне. Ян падышоў да выкладчыка на курсах запытацца, якім чынам можна здаць гэты экзамен слабавідушчаму. Выкладчык адказаў: «Навошта вам увогуле гэта трэба?»
Ян з маці пайшлі ў Інстытут сучасных ведаў. Але прарэктар адправіў іх у Інстытут культуры. Думалі пра педуніверсітэт, але там даволі празрыста намякнулі на грошы. Урэшце Ян вырашыў паступаць ва Універсітэт культуры і мастацтваў на аранжыроўшчыка камп’ютарнай музыкі. Без каледжа на гэтую спецыяльнасць паступаць было нельга. Ян жа прыйшоў пасля школы. Ён хацеў пайсці ў каледж мастацтваў пасля 11 класа, але яго не прынялі. Сказалі, што можна толькі пасля 9-га. Не захацелі браць адказнасць праз асаблівасці здароўя. Паступленне было для Яна сапраўдным выпрабаваннем.
Пра інклюзію ў 2010 годзе ніхто не чуў. Прыйшлося пастаяць за сябе. Пайшлі на прыём да рэктара Універсітэта культуры і мастацтваў. На той час гэтую пасаду займаў Святлоў, будучы міністр культуры. Ён пачаў казаць, што патрэбныя спецыяльныя ўстановы і ўмовы для людзей з праблемамі зроку. Выправіла сітуацыю кіраўніца ўступнай камісіі для музыкантаў, адразу перайшла да справы, сказала: «Вы зможаце здаць экзамены? Паспрабуйце. Паступіце дык паступіце!» І Ян паступіў на бюджэт.
Калі пачаліся заняткі, Ян адчуў, што ўніверсітэт – гэта сапраўдны рай. Няма школьных прымусаў, ходзіш на лекцыі, рыхтуешся да семінараў. Часам было цяжка, у многіх праграм для гукарэжысуры не было доступу для слабавідушчых. Ян набываў абсталяванне і пісаў музыку на сінтэзатарах. З аднакурснікамі адносіны таксама склаліся добрыя, яны дапамагалі Яну з раскладам заняткаў, а ён дзяліўся канспектамі, якія рабіў на нэтбуку.
«Музыка – гэта яшчэ адзін антыдэпрэсант. Калі ты працуеш над чымсьці, яно вельмі дапамагае»
Не кажы «гоп», пакуль не перайшоў плошчу
Ян шмат падарожнічаў па Еўропе. І гэта не толькі рэабілітацыя пасля аперацый. У 2017 годзе мастак Руслан Вашкевіч прыдумаў праект «Праходзь міма!» і павёз групу невідушчых і слабавідушчых людзей на Венецыянскае біенале, каб праверыць, наколькі там мастацтва жывое.
Падарожжа было з прыгодамі – на машыне праз Еўропу. Прайшоўшы нагамі многія еўрапейскія краіны, цяпер Ян можа ацаніць недахопы гарадскога асяроддзя ў нас.
«Наколькі зручны Мінск, залежыць ад месца. У нас я баюся плошчаў. Першапачаткова думаеш, што плошча ўся роўная, але гэта не так. Да прыкладу, плошча перад Палацам Рэспублікі: там можна дзе-нідзе і спатыкнуцца, бо плітка тырчыць. Або калі ісці ўздоўж па праспекце Пераможцаў, здаецца, ідзеш па тратуары, але чамусьці раптам з’яўляюцца прыступкі, нічым не пазначаныя. На Нямізе трэба быць асцярожным, усё крыху незразумела і цесна. Не хапае спецыяльных рэльефных ліній, што вядуць да перахода. Гэта ж не так складана зрабіць. Пажадана, каб на гэта звярталі ўвагу».
Добры план шмат чаго варты
Ян збіраецца вучыцца далей за мяжой. Складана было вырашыць, на якую спецыяльнасць падаваць дакументы. Столькі розных напрамкаў: некалькі відаў кампазітараў, але самы незвычайны – музычны тэрапеўт.
«Калі паступаеш, ёсць прадметы абавязковыя, а ёсць тыя, што можна выбраць. Я б хацеў выбраць музычную тэрапію. Гэта вельмі цікава – падабраць да нейкага чалавека індывідуальную музыку».
Ян праходзіць практыку ў студыі гуказапісу і падаў электронную заяву ў амерыканскі каледж Берклі. Гэта не так проста. Трэба натарыяльна заверыць шмат дакументаў, перакласці адзнакі з дыплома на амерыканскую сістэму, аплаціць удзел ва ўступным экзамене. За ўсё атрымліваецца немалая сума. Для тых, хто паступае, ёсць уласны грант каледжа Берклі. Ён можа часткова ці поўнасцю пакрыць навучанне. Спецыяльнасць Яна там вельмі дарагая, у перакладзе гучыць як «інжынер музычнай прамысловасці». Але і гэта не ўся праблема. Кожны, хто паступае за мяжу, павінен мець фінансавую падушку бяспекі, у Амерыцы гэта сума каля 10 тысяч долараў на паўгода. На жыццё таксама патрэбныя грошы. Таму Ян не ведае, ці зможа паехаць, нават калі паступіць, але не здаецца. Не выключае, што можна асвоіць яшчэ нейкія спецыяльнасці, бо музыкай зарабляць складана. Многія студэнты, калі паступаюць за мяжу, шукаюць падпрацоўкі ў рэстаранах і кавярнях. Яну такія варыянты не падыходзяць.
Заўсёды ёсць пытанне да людзей з інваліднасцю, калі яны прыязджаюць вучыцца за мяжу: ці не прыехалі яны толькі па лепшае жыццё.
«Я не з тых людзей, хто будзе прасіць грошай, дапамогі. Я хачу сам. Трэба шукаць нейкія варыянты зарабіць. Будзем вырашаць».
«У мяне асаблівае стаўленне да ўсіх, хто працуе ў авіяцыі: сцюардэсы, пілоты. Але я таксама дайшоў да пілатажу. Пілатую розныя сінтэзатары»
Галоўнае – гэта здароўе?
Ян не марыць, каб зрок вярнуўся, не верыць у цуды і не сочыць за новымі тэхналогіямі ў медыцыне. Ходзіць у фітнэс-клуб.
«Зраблю я аперацыю, атрымаю добры зрок, а потым адаптацыя да новага жыцця. Чым старэйшы чалавек, тым складаней. Дзе потым сябе знайсці? Была гісторыя, калі чалавеку вярнулі зрок – і ён не змог займацца сваёй справай. Скончыў жыццё самагубствам. Калі ўвесь час думаць пра тэхналогіі, можна патрапіць у дэпрэсію. Са мной гэта ўжо здаралася, калі цяжка было канкураваць у падлеткавым узросце, ва ўніверсітэце. Трэба шукаць іншыя варыянты».
Нядаўна цуд у жыцці Яна ўсё ж здарыўся. Адна маленькая амерыканская фірма зрабіла праграму для гукарэжысёраў, дзе самому можна мяняць інтэрфейс, а невідушчы чалавек адаптаваў яе для такіх, як ён сам. Цяпер Ян можа рабіць усё, што робіць звычайны відушчы гукарэжысёр, а некалі нават і не марыў пра такую магчымасць.
«Выйсце заўсёды ёсць. Часам такое выйсце, пра якое нават не можаш марыць».
Фота: Ксенія Галубовіч