Навукпап па-беларуску: Вялікі Палескі калайдар, «Oppenheimer» і квантавыя камп’ютары ў зіне «PAMYŁKA»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 27.06.2024
- 3058
Па-беларуску можна чытаць не толькі мастліт, прэсу і гістарычныя экзерсісы, але і дужа займальны навукпап. Самвыдат-часопіс «PAMYŁKA» раскажа цікаўным людзям і пра квантавыя камп’ютары, і пра лазернае кіраванне маланкамі, і пра тэрапію спінальна-цяглічная атрафіі. Усе гэтыя веды дасяжныя бясплатна. Пакуль да друку рыхтуецца пяты нумар часопіса, мы сустрэліся з часткай яго каманды: фізіцай і сацыятэхніцай Светай Волчак, дызайнеркай і вярстальніцай Палінай Лістапад, рэдактаркай і перакладніцай Настай Кахан. Пагутарылі пра фармат зіна, адкрытыя веды і будаўніцтва навуковага беларускамоўнага кам’юніці.
Света
Наста
Самвыдат як інструмент супольнасці
– Чаму зін, а не мэгэзін? І ўвогуле чаму вырашылі друкаваць часопіс, а не папулярызаваць навуку праз сайт або пісаць тык-токі?
Света: У мяне быў досвед працы ў нефармальных супольнасцях, дзе я ўжо рабіла і дапамагала рабіць зіны – самвыдат-часопісы, якія ствараюцца супольнасцю дзеля інфармавання самой сябе, раскрыцця розных тэмаў, абмену энергіяй паміж людзьмі. І ідэя самвыдата мне заўсёды падабалася, бо не трэба ні ў кога прасіць дазволу. Можна проста раздрукаваць і раздаць сябрам.
У людзей, якія пачынаюць з нуля нізавую ініцыятыву, няма рэсурсу, каб разгарнуць дзейнасць паблішынг офісу, гэта нерэальна. А зрабіць самвыдат-часопіс яны могуць. Вось мы і пачалі. А паколькі мы беларусы, а беларусы – перфекцыяністы, то ўзровень часопіса нічым не саступае найлепшым сусветным часопісам узроўню Physics World.
Чаму папяровы? Бо інфармацыя, якая перадаецца як наратыў, ніколі не састарэе. Менавіта так перадаюцца веды. Тык-ток можа прыцягнуць увагу, але, калі чалавек хоча атрымаць веды, ён ідзе да настаўніка ці да настаўніка, які памёр, то-бок да кнігі. Ідэя была менавіта ў тым, каб ствараць і перадаваць веды, а не забаўляльны кантэнт, і прыцягваць людзей, якія хочуць таго ж. Фармат паперы не памёр і ніколі не памрэ.
Паліна: Знайсці актуальную навуковую інфармацыю ў тык-току вельмі складана, а калі няма інтэрнэту ці села батарэя, ты нават пашукаць не зможаш. Надрукаваны часопіс знікне, толькі калі згарыць хата.
«Калі чалавек хоча атрымаць веды, ён ідзе да настаўніка ці да настаўніка, які памёр, то-бок да кнігі»
– Якім вы бачыце ідэальнае жыццё нумара «PAMYŁKA»? Ён трапляе ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі? Ляжыць у кавярні ўсім даступны? Яго захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне?
Света: Што б ні зрабілі з часопісам – усё добра. Калі чалавек з яго нешта прачытаў, гэта, хутчэй за ўсё, пойдзе на карысць. І колькасць раздрукаваных часопісаў не такая, каб яны стаялі пыліліся. Друкуецца столькі, колькі прыкладна замаўляецца: гэта 50–100 нумароў, якія мы дасылаем у розныя краіны. У Беларусь з Польшчы мы не дасылаем, але расшарваем pdf-версію для друку, і людзі ў Беларусі могуць яго раздрукаваць.
Памылковыя памылкі і тэкст па-палеску
– Як складаецца план нумара? І ці сапраўды ў «Памылку» можа напісаць кожны, хто здольны напісаць рэферат?
Паліна: Мы заахвочваем усіх, хто зацікаўлены навукай і хоча пісаць на натуральныя, матэматычныя і сумежныя тэматыкі. Мы не абіраем тэмы і не ацэньваем стыль чалавека, а нумар камплектуем па меры таго, як паступаюць артыкулы. Не варта баяцца, што артыкул не будзе надрукаваны. Тут пытанне толькі: у гэтым нумары ці ў наступным? Быў выпадак, калі мы не ўзялі артыкул, бо чалавек даслаў відавочны капіпаст з «Пікабу», падпісаўшы сваім імем. Калі мы прапанавалі хаця б зрабіць праўкі, каб тэкст атрымаў уласны характар, чалавек проста знік. Але ў асноўным людзі вельмі адэкватныя, і ў мяне цалкам прыемныя ўражанні ад камунікацыі з аўтарамі і мастакамі.
– Вы не правіце стылістыку, але нехта прыводзіць усё да роўніцы? Чысціць залішні акадэмізм? Спрашчае?
Наста: Няма моцных патрабаванняў, якім мусіць быць тэкст. Мы заахвочваем людзей не баяцца пісаць і дасылаць. Большасць тэкстаў прыходзіць ад моцных навукоўцаў, якія напраўду стараюцца пакласці інфармацыю на паперу так, каб яна была зразумелая чалавеку, які далёкі ад тэмы. Перад чытачом тэкст чытаю я, якая ад навукі далёкая. І я на сабе выпрабоўваю, каб агульная падача ўспрымалася лёгка.
«Быў выпадак, калі мы не ўзялі артыкул, бо чалавек даслаў відавочны капіпаст з "Пікабу"»
– Якая ў вас моўная палітыка? У інстаграме бачу, што не ўсе задаволеныя мовай «Памылкі».
Наста: Беларуская мова, як яна гучыць і якую лексіку выкарыстоўвае, не залежыць ад правапісу. Існуе міф, быццам калі тэкст напісаны тарашкевіцаю, то яго цяжка зразумець праз выкшталцоныя словы, якіх «у жыцці ніколі не пачуеш». З другога боку, у наркамаўцы нежыццядзейныя канструкцыі і дзіўныя канчаткі. На тэкстах «Памылкі» можна заўважыць, што правапіс не адыгрывае вызначальнай ролі. Беларуская мова адна, нягледзячы на выбары словаў, канчаткаў і суфіксаў. Выбар, які праводжу я, не такі, якому вучаць у школе, але ён палягае на законах мовы. Мы не праводзім эксперыментаў і не ўсталёўваем новых правілаў.
Я шчыра радуюся, калі чалавек піша пра памылку, хоць гэта і не памылка. Бо ён сутыкнуўся, здзівіўся і зрабіў дзеянне. У побытавых стасунках шмат хто можа нешта пачуць і абурыцца, але той, хто выказаў сваё абурэнне і атрымаў тлумачэнне, – той даведаўся штосьці для сябе новае.
– Каму прыйшла ідэя апублікаваць у чацвёртым нумары тэкст на палескай гаворцы?
Наста: У працоўным чаце прагучала, што будзе тэкст пра Вялікі Палескі калайдар – і наступная думка ад кагосьці была: «Ну як гэта можа быць, калі не па-палеску?» Гэта на паверхні ляжыць, і гэта не я як моўная рэдактарка прыдумала. Калі мы разглядаем ідэю Вялікага Палескага калайдара, то гэта тая зямля, дзе жывуць палескія гаворкі, і цяпер у нас ёсць пяць перакладаў на розныя палескія гаворкі. На жаль, носьбіты гаворак часам саромеюцца казаць па-свойму, а хтосьці на дыялектнае слова рэагуе як на непрыстойнае. Дык вось, паглядзіце: на старонках навуковага часопіса пра Вялікі Палескі калайдар па-палеску пішуць!
«Паглядзіце: на старонках навуковага часопіса пра Вялікі Палескі калайдар па-палеску пішуць»
– То-бок аўтары могуць пісаць і Оўпэнхэймер, і Апенгамер?
Наста: Вось у дачыненні замежных імёнаў у беларускім тэксце мы акурат даводзім, што дзікай разнастайнасці няма. Гэта ў расейскай мове, адкуль пераважна прыходзяць адаптацыі ў беларускую, ёсць варыянты праз сістэмы, інструкцыі, падыходы, спасылкі на розных перакладнікаў. Усе нашыя варыянты – адтуль. А сістэмны падыход патрабуе перадачы найбліжэй арыгіналу сродкамі беларускай мовы. Таму ў «Памылцы» варыянт адзін: Робэрт Опэнгаймэр. Дарэчы, нядаўна з’явілася кніга з інструкцыямі, якая дапамагае засвоіць любое імя з 31 мовы свету, – гэта «Іншамоўныя найменні ў беларускім тэксце» Змітра Саўкі.
Назвы аблокаў і глабальныя змены для чалавецтва
– Распавядзіце пра дарагі сэрцу артыкул, які б рэкамендавалі першым пачытаць для знаёмства з «Памылкай».
Паліна: Я прапускаю кожны артыкул праз сябе і люблю кожны тэкст.
Света: У школе, дзе я зараз працую, даюць узнагароды вучням, калі ў іх адбыўся рост адносна таго, якімі яны былі ў пачатку года. Але вучні паміж сабой не параўноўваюцца, кожны ўнікальны. І я бачу каштоўнасць у разнастайнасці. Калі чалавек піша сваім стылем, ён дае свету больш, чым калі б пісаў уніфікаваным стылем, бо ён перадае свой характар, душу, імпэт. Гэта значна больш энергіі. І ў нас спаборніцтваў няма. Выйграюць усе, хто дзеляцца.
Наста: Выбраць немагчыма. Тэксты вельмі розныя, і тэмы разнастайныя. Бываюць цікавыя моўныя гісторыі. Напрыклад, быў тэкст пра віды аблокаў і вызначэнне надвор’я [гэты артыкул Ганны К. выйшаў у трэцім нумары. – заўв. 34], нескладаны, бо ўсе прыблізна разумеюць, як выглядаюць і называюцца розныя аблокі. Акурат таму тэкст быў прыдатны для таго, каб увесці беларускія тэрміны, якія – у адрозненне ад расейскіх – ведаюць не ўсе. Гэта тэрміны са слоўнікаў 1920-х гадоў, яны ёсць, яны перайшлі ў слоўнікі 1990-х, але не ўжываюцца шырока. І людзі давалі зваротную сувязь пра тое, што з гэтага артыкула даведаліся новыя словы.
– А што ўвогуле па зваротнай сувязі? І ці ёсць у вас уяўленне, хто яны – вашы чытачы?
Паліна: Зваротнай сувязі не стае. Мы вытрачаем час на тое, каб задаць пытанні, стварыць апытанку, аформіць у інстаграме пасты і сторысы, і мне, шчыра кажучы, крыху крыўдна, што людзі рэгулярна пішуць з запытам спасылак на бясплатныя версіі, але не вельмі рэагуюць на апытанкі.
Cвета: Зараз у нас каля 30 падпісчыкаў, якія ахвяруюць грошы штомесяцова на часопіс [праз buymeacoffee.com. – заўв. 34], і гэтая лічба расце. Значыць, людзям гэта важна і яны гэта цэняць. Мы не працуем на тое, каб сабраць колькасць, знайсці нейкую «мэтавую аўдыторыю», каб паставіць на яе рэкламу і больш людзей куплялі часопіс. У нас няма такой мэты. Наша мэта – ствараць дыялог паміж людзьмі, каб беларускія навукоўцы і тыя, каму цікава маляваць, пачалі размаўляць паміж сабой, абменьвацца досведам, таму што толькі так можа адбывацца развіццё навуковай думкі.
– У чым профіт удзелу бачаць аўтары?
Света: Мы задалі ідэю, і людзі прыходзяць на гэту ідэю, бо падзяляюць яе тым ці іншым чынам. Ёсць розныя ўзроўні матывацыі. Пачынаючы з таго, што чалавек геданістычна пераследуе ўласныя мэты, да высокаўзроўневай матывацыі, калі чалавек разумее, што далучаецца да глабальных зменаў для чалавецтва.
Супольнасць ствараецца павольна. Пакуль мы збіраем людзей пад ідэю і наша асноўная задача ў рэдакцыі – утрымліваць рамкі гэтай ідэі, каб фокус не змяшчаўся на іншае. І мы ствараем пэўную інфраструктуру. Тое, што артыкул на беларускай мове, – гэта правіла. Тое, што гэты артыкул пад свабоднымі ліцэнзіямі, – гэта правіла. Што б чалавек ні зрабіў па гэтых правілах пры любой матывацыі – ён працуе на карысць ідэі.
«Тое, што гэты артыкул пад свабоднымі ліцэнзіямі, – гэта правіла»
– Беларуская мова тут прысутнічае як асобная каштоўнасць? Бо, здаецца, усе веды пра што заўгодна і на любым узроўні можам знайсці па-ангельску.
Света: Наша мова беларуская, і мы хочам паказаць, што беларуская мова можа ўсё. Так, англійская мова – гэта мова навукі, бо на ёй хутчэй цыркулюе ўся інфармацыя, але пра іншыя мовы мы ўжо не можам сказаць, што на іх з’яўляецца больш актуальнай інфармацыі па нейкай тэме, чым на беларускай мове. Напрыклад, у нас адна аўтарка напісала ўжо другі артыкул пра квантавыя камп’ютары. Яна прасоўвае гэты дыскурс, а ў іншых краінах можа ўвогуле не быць людзей, якія яго прасоўваюць. А паколькі беларусы агулам вельмі інтэлектуальна разумныя людзі, мы можам паднімаць на самы высокі ўзровень абсалютна любыя тэмы.
Паліна: Для мяне было прынцыпова важна працаваць з беларускай мовай, каб паказаць, што яна жывая, і падтрымліваць яе жыццяздольнасць. Каб быў прагрэс, бо чалавецтва развіваецца, ва ўсіх мовах з’яўляюцца новыя словы – і чым беларуская горшая? Для мяне важна, каб яна была ў кантэксце сучаснасці.
Наста: Нашая мэта акурат у тым, каб нікога не здзіўляла беларуская мова ў навуковым кантэксце. Так, цяпер гэта і каштоўнасць, і разынка, але галоўнае, што гэта фундамент да разумення: пра ўсё на свеце можна выказацца па-беларуску – пра мастацтва, палітыку і навуку ды гэтак далей.
Паліна: Дарэчы, я адмыслова стварыла арнамент для нашага зіну: гэта відавочны культурны код наўпост на вокладцы, які адразу звязвае наш часопіс з Беларуссю.
Структуру арнаменту я пачынала з сімвала бясконцасці, бо ён наўпост пераклікаецца з навукай, і ў гэты сімвал я ўкладала сэнс навуковага шляху, які акурат бясконцы, бо навука развіваецца ўвесь час. І наш зін таксама на гэтым навуковым шляху.
Стварэнне кам’юніці на прынцыпах дзеякратыі
– Як пра вас даведваюцца людзі?
Света: Напачатку вельмі магутную падтрымку аказалі блогеры (АйЦіБарада зрабіў выдатнае інтэрв’ю са мной), некаторыя СМІ. Набралася першасная аўдыторыя, пасля нехта адсеяўся, а каму спадабалася, засталіся, і зараз ідзе такі больш натуральны рост, калі сябры распавядаюць сябрам. Сталыя падпісчыкі мінімальна забяспечваюць выхад нумара, таму асноўная патрэба – у аўтарах. Заахвочваем і тых, хто нам ужо пісаў, пісаць зноў, развіваць дыскурс. Такія артыкулы потым можна сабраць ва ўласную кнігу: тэксты вычытаныя і праілюстраваныя, застанецца проста сшыць.
– Так, навукпапу па-беларуску дужа бракуе.
Света: Вось мы і заахвочваем людзей. А калі хтосьці хоча распачаць свой уласны часопіс пра навуку ці не пра навуку, мы гатовыя падзяліцца тым, як мы працуем, і тым, што робім, каб гэта працавала на развіццё розных беларускіх выданняў.
Паліна: Дадамо, што акрамя аўтараў «PAMYŁKA» зараз шукае чалавека на адмалёўку тэхнічных выяваў: графікаў, рознай навуковай інфаграфікі і гэтак далей.
– Каго з беларускіх папулярызатараў навукі вы яшчэ можаце параіць?
Паліна: «Біябурбалка», АйЦіБарада.
Света: Я не шмат гляджу забаўляльнага кантэнту. Я задрот, мне цікава сесці пачытаць кнігу пра радон. Але для мяне важна, што мы пачынаем выходзіць на людзей, якія робяць нешта пра навуку як блогеры.
Наста: Адразу згадваюцца маленькія праекты, калі хтосьці проста піша ад сябе. Часта гэта вельмі якасна зроблена, а патрэба ў такім распаўсюдзе ведаў ёсць, я адзначаю попыт на аўтэнтычны падыход. У новым нумары ў нас будзе вялікі тэкст на тэму медыцыны, і мне акурат трапілася на вочы інстаграм-старонка пра сэкс па-беларуску. Асвятляючы тэму жаночага здароўя, там зрабілі слоўнічак з народнымі адпаведнікамі навуковым назвам, і выкарыстоўвалі менавіта гэтыя адпаведнікі, якія цалкам могуць увайсці ў навуковую тэрміналогію.
Света: Мы рады зрабіць рэкламу на нашых папяровых старонках такім старонкам ці падкастам. І заахвочваем людзей, якія пішуць артыкулы, зрабіць рэкламу на сябе. Мы толькі за. Я б з радасцю не рабіла гэты часопіс, калі б ён ужо быў. Мы робім таму, што гэтага няма. У нейкі момант у Беларусі я нібыта прачнулася і зразумела, што мне няма з кім гаварыць пра навуку, а гаварыць пра навуку па-беларуску – тым больш. А я хачу, каб было такое месца і калектыў, дзе гэта можна было б рабіць. І калі нечага няма, можна пачаць гэта рабіць самому.
«Я б з радасцю не рабіла гэты часопіс, калі б ён ужо быў»
Падкрэслю, што гэта не праект аднаго чалавека. А праект для таго, каб паказаць прыклад. Каб другія людзі пачалі капіпасціць, рабіць штосьці падобнае дзеля ідэі ў іх сэрцы. На маю думку, беларускія праекты часта пераўтвараюцца ў праекты аднаго чалавека. На жаль, людзям бракуе досведу гарызантальных камунікацый і яны часта рэплікуюць мадэль паводзінаў «начальнік і той, хто падпарадкоўваецца», «лідар і чалавек, які следуе за лідарам». Гэта не кепска. Але калі ёсць толькі гэта і няма іншага варыянта, то чалавеку вельмі цяжка ўявіць іншы.
Мы пішам пра тое, як ствараецца часопіс, пішам пра нябачную працу, каб была бачная не толькі верхавіна айсберга. Добры артыкул – гэта не толькі аўтар малайчына. Гэта ўсё сумасная праца, і ўнёсак кожнага мае велічэзнае значэнне.
– Атрымліваецца, што без дырэктара нічога не разваліцца?
Света: Ёсць навуковы тэрмін – «дзеякратыя», гэта прынцып, калі дзеянне важнейшае за іншае. Маецца на ўвазе, што той чалавек, які хоча зрабіць дзеянне і прыняць на сябе адказнасць, ён і прымае апошняе рашэнне. Калі Наста працуе з мовай, яна прымае апошняе рашэнне па мове. Калі мастак бярэ задачу намаляваць выявы, ён прымае рашэнне, што намаляваць. Але Паліна прымае рашэнне, як іх размясціць, бо за вёрстку адказвае яна. У чалавека прыкладна столькі свабоды, колькі адказнасці.
Гэта не значыць, што не здараюцца канфлікты. Напрыклад, я таксама працую з дызайнам і часам хачу сказаць Паліне, што трэба па-іншаму, але гэта няправільна, бо калі я не нясу адказнасць за вёрстку, то чаму я буду навязваць сваё меркаванне? Гэта як прытрымлівацца дэмакратычнага прынцыпу. Ты мусіш паважаць розныя меркаванні, і калі хтосьці будзе не паважаць твае, ты скажаш: «Чакай, у нас ёсць такі прынцып і мы яго прытрымліваемся». То-бок свабода не азначае адсутнасць межаў. Гэта адмысловы прынцып працы, і, каб ён здзяйсняўся, яго трэба ўвесь час мець на ўвазе як каштоўнасць.