На сёлетнім Viva Braslav можна прэзентаваць сваю ініцыятыву

Сёлетні фэст Viva Braslav – гэта не толькі магчымасць пачыліць каля вадзіцы і растрэсціся пад трэкі Цімы Беларускіх і Gruppa Skryptonite. Упершыню на гэтай тусоўцы з’явіцца пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў ад «Асамблеі НДА Беларусі». Вось і рамантычная магчымасць распавесці пра сваю ініцыятыву ў нястрыманых фарбах.

Фэст адбудзецца ў Браславе 26–27 ліпеня. Фармат удзелу прапануюць прыкладна такі: актыўныя-ініцыятыўныя стаяць на беразе возера на адкрытай пляцовачцы і з запалам распавядаюць пра свае гераклічныя подзвігі. Стэнд просяць зрабіць ярчэйшым – фестываль усё ж такі.

А галоўнае вось што: «Асамблея НДА» арганізуе трансфер, забяспечвае пражыванне і нават двухразовае харчаванне (вячэру аддай ворагу).

Ад кандыдатаў на ўдзел чакаюць практычнага ўяўлення і дэталёвага апісання актыўнасці на фэсце. Таксама трэба быць матываваным прэзентаваць сваю дзейнасць праз інтэрактыў.

Заяўкі прымаюць тут да 8 ліпеня.
 
Падрабязней пра прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца, можна пачытаць тут. Уявіць, як выглядаюць івэнты ад «Асамблеі НДА Беларусі», можна з нашага свежага рэпорта.