У тэлеграме запусціўся бясплатны курс пра экалагічны лад жыцця
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.02.2024
- 3682
Школа «Экаідэі» запрашае ўсіх ахвочых на борт «Экашатла» – так завецца бясплатны курс у тэлеграме, які дапамагае зрабіць свой лад жыцця больш адказным і ўсвядомленым.
«Гэты тэлеграм-курс – ваш праваднік у свет экалогіі і экадружалюбных звычак, – пішуць стваральнікі «Экашатла». – У гульнявой форме вы пазнаёміцеся з асноўнымі экалагічнымі тэмамі і даведаецеся, што трэба рабіць, каб весці па-сапраўднаму экалагічны лад жыцця».
Курс адрасаваны тым, хто хоча разабрацца ў экалагічнай «базе» і прыўнесці трушныя экалагічныя практыкі ў сваё жыццё. Усё адбываецца ў чат-боце ў фармаце гульні. Па легендзе, прафесарка Рэя бярэ ўдзельніцу ці ўдзельніка курса пад крыло як стажора: разам яны выпраўляюцца ў экспедыцыю на прыдуманую планету Нацюр, дзе даюць рады экавыклікам. Навучанне адбываецца праз задачы і тэсты, таксама на курсе можна атрымаць карысныя чэк-лісты і памяткі. Разлічаны тэлеграм-курс на шэсць дзён, але праходзіць яго можна ў сваім тэмпе.
Тэмы заняткаў: змяненне клімату, экалайфстайл, раздзельны збор смецця, устойлівае харчаванне, размовы з блізкімі, экамерапрыемствы.
У першых водгуках пра курс пішуць, што ён «пераўзыходзіць усе чаканні» і што ім «можна карыстацца не толькі ў штодзённым жыцці, але і на працы».