У пагоні за блогерам: як прайшоў фестываль «Відак»?
- 19.09.2018
- 6517
«Гэта як паездка ў Дыснейлэнд». Чаму сённяшнія дзеці любяць блогераў больш, чым ты любіў(-ла) «Дысней-клуб» па раніцах. Наш аўтар Аляксандр Ляшкевіч вырашыў пагрузіцца ў свет відэаблогераў і іх фанатаў, каб зразумець, як ён уладкаваны і што там забыліся паўналетнія.
– Там Дзі-і-імка! Там Дзі-і-імка!
Варта было зрабіць крок на тэрыторыю «Ок16», дзе ў гэтую суботу праходзіў фестываль блогераў «Видак», як нас ледзь не збіў шумны натоўп маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў з прычоскамі, на выгляд даражэйшымі за мае красоўкі. Добра, што мяне своечасова выцягнула наша фатографка. Я адчуў сябе Сімбам, якога тата-Муфаса толькі што выратаваў ад немінучай гібелі пад капытамі зграі казуль у цясніне. Вылоўліваю з натоўпу хлапчука гадоў дзесяці:
– Гэй, бро, а хто там? Куды ўсе бягуць?
– Там Дзімка, ты што!
Маё невуцтва відавочна шакавала хлапчука. У яго позірку чыталася нешта накшталт: «Можа, ты яшчэ Папу Рымскага не ведаеш?»
– А, ну цяпер усё зразумела! Бяжы, бяжы!
Пазней дасведчаныя людзі падказалі, што Дзімка – гэта Дзмітрый Масленнікаў. Урбан-блогер з аўдыторыяй у амаль чатыры мільёны падпісчыкаў, які лазіць па закінутых бункерах, здымае пра гэта відэа і грабе бабло рыдлёўкай. На секундачку пашкадаваў, што ў мяне не было камеры, калі ў пятнаццаць гадоў я займаўся тым жа. Пакуль я думаў пра гэта, зграя дзетак-казуль пабегла ўжо ў іншы бок, за новым «Дзімкам», змятаючы на сваім шляху шматлікія палаткі з мерчам і ежай.
Не хочацца здацца старым бухцячым дзедам (аўтару 21 год. – заўв. 34mag): па мне, падобныя відэаблогерскія фестывалі – гэта крута! Цяперашнім дзецям YouTube замяніў нашы дыснееўскія мульцікі па суботах а дзявятай раніцы. І кожны падобны «Відак» для іх цяпер як паездка ў Дыснейлэнд, дзе можна сфоткацца з Чыпам і Дэйлам і спытаць у Русалачкі, як яна робіць ранішні мэйкап. І паралеляў з «Дыснеем» значна больш, чым вы думаеце. Вось Скрудж МакДак купаецца ў залатых манетах, а ўмоўны Улад Бумага – у велізарнай колькасці бульбы фры з «Макдональдса». І ў залатых манетах, хутчэй за ўсё, таксама – вы наогул ведаеце, колькі ў яго рэкламная інтэграцыя каштуе?
Наогул любыя спробы ў чарговы раз пагардліва паглядзець на блогінг папахваюць зайздрасцю. Прынамсі відавочна, што гэтыя маладыя рабяты ў крэслах на галоўнай сцэне значна прыгажэйшыя, багацейшыя і паспяховейшыя за нас з вамі. Я не ведаю і паловы з іх, але ўпэўнены, што пры патрэбе іх аўдыторыі з лішкам хопіць, каб сабраць сваё войска баявых гномаў і захапіць якую-небудзь маленькую краіну. Таму лепш з імі сябраваць. А таксама паспрабаваць зразумець хлапчукоў і дзяўчынак, якія іх глядзяць. Мы вырашылі прайсціся па тэрыторыі фестывалю і пагаварыць з яго гледачамі.
Лёша, 12 гадоў
На каго прыйшоў: Улад Бумага і Дзмітрый Масленнікаў.
Чаму яны табе падабаюцца: Улад сумленны, адкрыты і тыпу... бесцэнзурны – вось гэта мне падабаецца ў ім. І яшчэ падабаецца, як ён жыве – я б таксама хацеў быць такім багатым, каб замовіць дзвесце піц, а потым раздаць іх мінакам. А Дзіма – сапраўдны экстрэмал! Ён у такія месцы залазіць, у якія я б сунуцца пабаяўся. Я яго вельмі за гэта паважаю.
Пытанне блогеру: У Улада хацеў бы даведацца, колькі часу і грошай ён выдаткаваў на здымку кліпа «Баця». А ў Дзімы – ці было яму калі-небудзь па-сапраўднаму страшна ў час яго падарожжаў.
Першы ж «кліент», які пагадзіўся запоўніць нашу сціплую анкетку, выявіўся звышадэкватным для дванаццаці гадоў. Не ведаю, як вы, але я ў 12 гадоў жор снег за школай, і акрамя Спанч Боба мяне ў жыцці асабліва нічога не цікавіла. А тут – ладная гаворка, разумненькія вочкі, лёгкая, замілавальная сарамлівасць. Лёшу – рэспект, а мы ідзем шукаць новых ахвяр.
У чыл-аўт зоне на вуліцы знаходзім крутую матулю з двума выдатнымі дзяўчынкамі. Пра тое, што мама ў іх сапраўды крутая, сведчыць той факт, што ва ўсіх траіх на твар нанесены адзін і той жа мудрагелісты малюнак бліскаўкамі. А гэта значыць, што жанчына не толькі выстаяла велізарную чаргу ў б’юці-зону дзеля таго, каб парадаваць дачок, але і падтрымала агульнасямейны флэшмоб, паставіўшы сабе сапраўды такую ж пацешную бліскучую кляксу. Ідзем знаёміцца.
Ліза и Мар'яна, 11 гадоў
На каго прыйшлі: На Улада Бумагу і Сашу Чыстову.
Чаму яны вам падабаюцца: Ну проста... Улад Бумага прыгожы, разумны. І багаты! А Саша – яна проста мілашка, вы б бачылi. У яе такая ўсмешка! А на фэсце дужа крута – мы ўзялі некалькі аўтографаў, нам далі бясплатны папкорн, а цяпер мы катаемся на шыне!
Пытанне блогеру: Мы б хацелі даведацца ў Бумагі, як ён робіць гэта... ну... кантэнт!
Крутая мама Наталля радая за дзяўчынак, але агульнага захаплення не падзяляе:
– Я на такім мерапрыемстве ўпершыню, і шчыра кажучы, мяне вельмі моцна здзіўляе колькасць людзей. Практычна ў любую зону кіламетровыя чэргі. І вось мае дзяўчынкі ўзялі аўтограф у кагосьці і нават не ведаюць, у каго – там такі канвеер! Ну і трохі незразумела, а для чаго гэтыя блогеры, уласна, прыехалі? Яны ж не спяваюць, не выступаюць – яны проста сядзяць і гандлююць тварам. Улічваючы, што яны такія «зоркі на гадзіну», і не сёння дык заўтра іх заменіць нехта іншы, сумнеўная радасць паўгадзіны стаяць у чарзе дзеля фоткі. Але дзяўчынкам падабаецца, што рабіць ...
У цэлым усе апытаныя намі дарослыя, для якіх YouTube – гэта нават не «Дысней», а «Сам сабе рэжысёр», былі не ў вялікім захапленні ад таго, што адбываецца. Сапраўды, не паглыбляючыся ў кантэкст, складана зразумець, з-за чаго да такіх маладых і нічога быццам бы не вырабляючых людзей на галоўнай сцэне прыкавана столькі ўвагі. Гэта яны яшчэ не ведаюць, колькі гэтыя выдатныя людзі зарабляюць! Думаю, многія бацькі заўтра ж кінулі працу на заводзе і прыкупілі GoPro на апошнія зберажэнні.
Працягваем падарожнічаць па прасторах «Ок16» у пошуках цікавых персанажаў. Раптам маё вока чапляецца за знаёмае лога. Толькі што міма мяне прайшоў дарослы чувак у майцы Blink-182. Пераадолеўшы трохсекундны ступар, я даганяю хлопца і пачынаю катаваць яго пытаннямі. Паколькі сітуацыя нетыповая, давялося крыху адысці ад фармату анкеты.
Рэн, 18 гадоў
– Бро, рэспект за майку – «Блінкі» форэва! Скажы, а што панкі наогул забыліся на такім мерапрыемстве?
– Е-е-е, дзякуй! Слухай, ды я тут наогул выпадкова. Проста ў пабліку «Відака» быў конкурс на лепшы камент, і я выйграў у ім праходку. Там было пытанне, нешта накшталт «Якія ёсць выгоды ў тым, каб быць блогерам?». Усе пачалі адпісвацца тыповую ху*ню ў стылі: «Можна займацца самаразвіццём, набіраць аўдыторыю, бла-бла-бла», – ну, ты разумееш. Я напісаў, што самае вялікае хараство ў жыцці блогера – гэта калі ты сядзіш на дупе роўна, марнуеш бабкі на сябе, потым у нейкі момант вырашаеш зняць нешта вялікае, улятаеш у даўгі, выпускаеш – і ўсім нас*аць. Адміны адразу заскрынілі мой камент, сказалі, што я красава, і далі квіток. Але сёння я тут нікога незвычайнага з блогераў не бачыў, так што проста валэндаюся, угараю з малых. Можа, хіба што на лекцыю Яна Топлеса схаджу, паслухаю
– Як табе ў цэлым атмасфера на «Вiдаку»?
– Ой, шмат дзяцей, яны ўсе носяцца туды-сюды, я нават выйсці пакурыць нармальна не магу – прыходзіцца ледзь не пераступаць праз іх. Але яно і зразумела: сёння панаязджалі ўсякія Дзмітрыі Масленнікавы і Цімуры Сідзельнікавы. У плане творчасці яны, вядома, такое сабе, але для малых яны сапраўдныя бажкі.
– Што б ты хацеў спытаць у блогераў, калі б у цябе была сёння магчымасць?
– Нават не ведаю. Адзінае, што мяне цікавіць па-сапраўднаму, гэта якая адукацыя ў Яна Топлеса. Чувак столькі гадоў займаецца калянавуковай дзейнасцю і пры гэтым ніколі не паліў, дзе і на каго ён адвучыўся. А, вось яшчэ: спытай у Цімура Сідзельнікава, якім будзе Парк Горкага праз дзесяць гадоў, – ён зразумее. І папрасі перадаць прывітанне Сабяніну.
Гэта была рубрыка «Як апусціць самалюбства блогера-мільённіка за адну хвіліну». Гаворка, верагодна, ідзе пра нядаўні гучны скандал на YouTube, калі некалькі топавых відэамейкераў былі абвінавачаныя ў выпуску праплачаных прапагандысцкіх ролікаў, прымеркаваных да выбараў мэра Масквы. Цімур Сідзельнікаў быў адным з тых, хто літаральна расплываўся ў любові да адрэстаўраванага Парку Горкага і да вытарашчаных вачэй хваліў прыгажосці «белакаменнай», якая «так моцна змянілася за апошнія 10 гадоў».
Балбатаць з кімсьці вышэй пояса, не нахіляючыся пры гэтым на кожным пытанні, нам вельмі спадабалася, таму мы тут жа завабілі ў сваю сетку яшчэ аднаго дарослага хлопца.
Мікіта, 18 гадоў
На каго прыйшоў: Ды я ўвогуле вось прыйшоў паглядзець, як людзі ў «Доту» гуляюць, блогераў я асабліва і не ведаю. Я толькі-толькі зайшоў, і вы мяне адразу вылавілі. Ведаю толькі Стаса Давыдава – вось ён круты. Ну гэта дзяцінства, што сказаць.
Як табе атмасфера: Дзяцей вельмі-вельмі шмат, я ведаў, што будзе нешта падобнае, але каб прама так! Мне на ўваходзе сказалі, што гадзіну назад тут была вялізная чарга, ледзь не да Дынама – я афігеў. Не разумею прыколу, калі вакол чувака з інтэрнэту будуюць нейкі культ асобы.
Пытанне блогеру: У Стаса якраз хацеў бы спытаць, ці не надакучыла яму столькі гадоў здымаць адно і тое ж. Пры ўсёй бязмернай павазе, ён ужо колькі – дзесяць гадоў азірае смешныя відэа з інтэрнэту? Як ён не спёкся яшчэ ад такой працы?
Выходзім папаліць, сапраўды, як казаў Рэн, ледзь не пераступаючы цераз галовы маленькіх ютубераў. Іх так шмат, яны такія рознакаляровыя і шустрыя, што пачынае мітусіцца ў вачах. Заўважаю, што ўвесь гэты натоўп утварыўся не на пустым месцы: у яго цэнтры стаяла маленькая мілая дзяўчынка ў ружовай куртачцы і бясконца фатаграфавалася са сваімі аднагодкамі. Як потым аказалася, у гэтай маленькай ружовай дзяўчынкі восемсот тысяч падпісчыкаў, і яна адна з самых буйных хэдлайнераў на сённяшнім фестывалі. І гэта менавіта яна паўгадзіны таму спявала «Сыходзь, дзверы зачыні» з галоўнай сцэны «Відака». Зноў адчуў сябе старым, міма якога бронецягніком праносіцца жыццё.
Ад агульнага натоўпу адкалолася некалькі дзетак. На іх былі белыя майкі, цалкам спісаныя аўтографамі блогераў. Гэтым маленькім героям можна было смела выдаваць медалі – мяркуючы па ўсім, у чэргах яны сёння прастаялі мінімум чатыры гадзіны. Пазнаёміліся і папрасілі іх распавесці падрабязней, хто сёння пакінуў ім пазнакі на майках.
– О, глядзіце: гэта «Містар Дзімчык», «Данік», «Топавы Пінск», Саня з канала «Усё па Масле», Фікус з канала «Цікавы Фікус», «Эдысан», Дзіма Масленнікаў!
Пальчык трынаццацігадовага Сцёпы працягваў тыкаць у незразумелыя закавыкі на майцы, а мой бедны мозг ужо закіпаў. Як яны запамінаюць столькі інфармацыі? І навошта? У яго сябра Жэні закавыкі былі прыкладна тыя ж, толькі ганаровае месца пад сэрцам займаў аўтограф Сідзельнікава, а не Масленнікава. Мяркуючы па ўсім, у хлопцаў сёння 1:1 па аб'ёме і важнасці ўлову.
– Хлопцы, хацелі б што-небудзь спытаць у сваіх куміраў?
– Чаму Дзіма не выйшаў да нас фатаграфавацца? І Улад Бумага – чаму яму кожны раз «кепска» на такіх мерапрыемствах і ён збягае ў грымёрку?
Гэта гучала жорстка. Спадзяемся, у нас атрымаецца адпомсціць за хлопцаў. Трымайся, Улад Бумага! Пакуль ты ясі канапэшкі ў грымёрцы, рэальныя хлопцы пакутуюць!
У завяршэнні нашага сацапытання вырашаем зноў звярнуцца да каго-небудзь з бацькоў. Падыходзім і знаёмімся з Дзмітрыем. Яму 39 гадоў, і на «Відак» ён прывёў «выгуляць» свайго дзевяцігадовага сыночка Кірыла. Кіруха пасля пытання пра любімага блогера паказаў пальцам на нейкага сіневалосага «майнкрафтара» з прычоскай а-ля «Моргенштэрн для бедных». Дзмітрый пагладзіў сына па галаве і загаварыў з намі:
– Кірыл крыху саромеецца: столькі людзей, ён злёгку ў шоку. Ды я і сам у шоку – думаў, ну тысяча чалавек прыйдзе, а тут іх пяць-шэсць мінімум! Ну што рабіць: сыну было вельмі важна ўбачыць гэтага сіневалосага хлопца, сфатаграфавацца з кумірам. Я рады, што магу зрабіць яго больш шчаслівым. Хоць для гэтага і давялося адстаяць тры чаргі па паўгадзіны.
Развітваемся з Дзмітрыем і Кірухам і думаем, як бы нам пралезці на бэкстэйдж, каб выкупацца ў промнях ласкі саміх віноўнікаў урачыстасці. У іх там свая атмасфера: маленькі банкецік і зона адпачынку з кучай крэслаў-мяшкоў. На здзіўленне, даволі сціпла для ютуб-мільянераў. Ды і тыя, з кім нам удалося пагутарыць у грымёрцы, канчаткова развеялі наша снобства. Наймілейшыя хлопцы! Злавілі Стаса Давыдава і перадалі яму пытанне Мікіты: «Як табе рабіць адно і тое ж дзесяць гадоў запар?» – гучыць вельмі рэзка, пагадзіцеся. Але Стас без ценю сарамлівасці або крыўды растлумачыў нам за ўсё:
– Адно і тое ж – сумна. Таму я і стараюся неяк разводзіць кантэнт, прыдумляць нешта новае. Проста большасці людзей я вядомы менавіта па «This Is Хорошо», але гэта далёка не адзіны наш праект. Так што Мікіту трэба больш уважліва прыгледзецца да таго, што мы выпускаем.
– У якасці прома да выступлення на «Відаку» ты бязлітасна рэзаў бульбу ў сваім інстаграме. Два пытанні: па-першае, ці ёсць у цябе сумленне, і па-другое, ці не было ў цябе пасля гэтага праблем з беларускім заканадаўствам?
– Ха-ха! Ды не, ты што – нават з дакументамі не мучылі на мяжы асабліва. І прынялі ў Менску проста выдатна. Я, на жаль, у гэты раз не паспеў нічога паглядзець асабліва, але арганізатары вялікія малайцы, мне ўсё спадабалася.
– Карыстаючыся выпадкам, хацелася б сказаць дзякуй за шчаслівае дзяцінства. Мы глядзелі цябе яшчэ ў восьмым класе – і глянь, кім мы сталі!
– Вось тут я, шчыра кажучы, не ведаю, радавацца мне ці сумаваць.
– Крыўдна.
– Не, у сэнсе, у такія моманты я адчуваю сябе старым.
– Стас, ты вельмі высакародна старэеш – амаль не прыкметна!
– Вялікі дзякуй, стараемся!
Як на злосць, Стас аказаўся адзіным з тых, каму трэба было перадаць пытанні ад апытаных хлопчыкаў і дзяўчынак. Астатнія альбо ўжо з'ехалі, альбо адпачываюць недзе ў супер-віп-памяшканні, уваход у якое катэгарычна забаронены беднякам, у якіх няма як мінімум паўмільёна падпісчыкаў. Улад Бумага нас наогул адшыў. З нядаўніх часоў ён не кантактуе з прэсай з прынцыпу. Шкада – проста перад уваходам у бэкстэйдж адзін хлопец папрасіў мяне даведацца, ці змываецца ў Бумагі ўтулка.
Знаёмімся са Снейлкікам і 55\55. З пункту гледжання вядомасці і якасці кантэнту гэта адназначна каралі сённяшняй вечарынкі, і нам вельмі пашанцавала. Неверагодна простыя ў камунікацыі, сціплыя хлопцы. З апошніх навін для падпісчыкаў: Снейл стаў прадаваць свае знакамітыя матылькі, у якіх вядзе «Блог не блогера», а 55\55 спаліўся, што зводзіць свае песні ў Fruity Loops:
– Ой, я, вядома, у курсе, што «Фрукт» – гэта тыпу не модна, і цяпер мяне задзяўбуць. Але, па вялікім рахунку, няма наогул ніякай розніцы, у якім секвенсары ты працуеш. Галоўнае, каб у цябе рукі прамыя былі. Я тут нядаўна даведаўся, што Avicii, царства яму нябеснае, таксама працаваў ва «Фрукце». Хлопец рабіў гук сусветнага ўзроўню. Так што пытанне з секвенсарам для мяне цяпер закрыта канчаткова – у мяне з'явілася бранябойнае апраўданне.
Дзякуем арганізатарам за тое, што пусцілі ў святая святых, фоткаемся напрыканцы з любімымі «асобамі з тэлевізара» і ідзем глядзець выступы Лісы і Бакея. Да вечара, калі натоўп маленькіх суіскальнікаў фотачкі з кумірам ужо рассмактаўся, «Відак» стаў падобны на сапраўдны, паўнавартасны open air. Засталіся толькі самыя стойкія, хто пасля некалькіх гадзін у чэргах быў яшчэ здольны выдаваць танцы пад «Сын сяброўкі тваёй мамы» і пускаць слёзы пад «Мы з табой». Крадком, парушаючы ўсе правілы фестывалю, вымучваем сабе трошкі піўка і назіраем за выступленнем артыстаў, пагладжваючы хворыя ногі. Усё ж такі інтэрнэт – вялікая штука, якая аб'ядноўвае людзей. І піўко. Вып'ем жа піўка за інтэрнэт! Выбачайце, блогеры, але ўсё ж гэта была лепшая калабарацыя за дзень.
Фота: Назi Джанесары