Закон РБ ад 4 студзеня 2016 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях» пачаў дзеяць 4 красавіка 2016 года.
Змены, якія нас цікавяць, унеслі ў артыкул 9.21 КоАП «Парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці». Згодна з імі, калі ты захоўваеш на сваім кампе, планшэце або любым іншым носьбіце пірацкую музыку, відэа, літаратуру ды іншы кантэнт «з мэтаю яго распаўсюду», табе пагражае штраф ад 20 да 40 базавых велічыняў (базавая сёння складае Br 210 тыс.) і канфіскацыя носьбіта. На шчасце, даказаць намер распаўсюду не так проста, калі толькі ты не трымаеш у шафе сотню аднолькавых дыскаў з фільмамі Таранціна і раней цябе не лавілі за падобныя дзеянні.
«Справа ў тым, што адміністратыўны кодэкс патрабуе, каб было даказана, што асоба ведала пра тое, што яна выкарыстоўвала неліцэнзаваны прадукт, і тым не менш яго выкарыстоўвала. Ты сам даказваць сваю невінаватасць не абавязаны», – каментуе сітуацыю адвакат Сяргей Зікрацкі.
У выпадку, калі на тваім смартфоне, кампе, планшэце ці флэшцы знайшлі неліцэнзаваны прадукт, ты можаш адбрахацца: маўляў, сапраўды, спампаваў недзе, але думаў, што, калі файл з інтэрнэту, значыць той, хто размясціў, дазволіў табе яго выкарыстоўваць. І раз намер даказаць складана, як і тое, што ты ведаў, што незаконна выкарыстоўваеш незаконна размешчаны прадукт, да адміністратыўнай адказнасці прыцягнуць амаль немагчыма.
Калі цябе «бяруць» беспасярэдне за распаўсюд, сума штрафу павялічваецца – ад 30 да 50 базавых велічыняў.
Паводле адміністратыўнага кодэксу, у Беларусі складаць пратаколы паводле гэтага артыкулу можа вялікая колькасць органаў: міліцыя, мытня, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Пазоўнік пры гэтым – дзяржава. Раней адказнасць за распаўсюд пірацкага кантэнту таксама існавала, але рэгулявалася грамадзянска-прававымі зносінамі. На практыцы гэта значыць, што дакалупацца да парушальніка раней маглі толькі ў выпадку, калі сам праваўладальнік (музыка, пісьменнік, лэйбл) звяртаўся ў суд з пазовам. Але тут ужо адбрахацца дакладна не атрымалася б.
Паводле грамадзянска-прававой адказнасці, ты ў любым выпадку не маеш права юзаць той прадукт, на выкарыстанне якога ты не атрымаў згоды праваўладальніка. Самое захаванне на кампе і выкарыстанне файлаў, якія былі залітыя на торэнты без дазволу, – супраць закону. Гэткім чынам, праваўладальнік можа прыцягнуць цябе да грамадзянска-прававой адказнасці, а вось дзяржава – да адміністратыўнай, але толькі калі дакажа твой злачынны намер.
Так, згодна з адміністратыўнымі правазносінамі, тут якраз мае месца намер і падрыхтоўка да распаўсюду. То бок ты паведамляеш усім, дзе перабывае аб’ект аўтарскага права, які можна незаконным чынам выкарыстоўваць. Памятай, калі ты дзелішся пірацкім кантэнтам, заліваючы яго на файлаабменнік, торэнт ці размяшчаючы ў сацсетках, тут парушэнне становіцца відавочнае. Ты мусіш усведамляць, што, каб распаўсюджваць кантэнт далей, неабходна атрымаць на гэта дазвол праваўладальніка.
Магчыма, самі праваўладальнікі яшчэ не вельмі актыўныя ў абароне сваіх правоў. Магчыма, у дзяржавы былі складанасці з доказам некаторых фактаў парушэнняў. Тая адказнасць, якая з’явілася ў адміністратыўным кодэксе менавіта цяпер, датычыць падрыхтоўкі да распаўсюду. Раней пакараць за партыю дыскаў на складзе было нельга, цяпер – можна. Тое ж самае з файламі, якія запампоўваюцца на торэнты і файлаабменнікі. Калі раней сама сабою запампоўка ў інтэрнэт пірацкага файлу не прадугледжвала адказнасці, то цяпер гэта разглядаецца як падрыхтоўка да распаўсюду і караецца.
«Не думаю, што проста зараз пачнуць масава прыцягваць да адказнасці карыстальнікаў – хутчэй за ўсё, гэта будуць рабіць па скаргах праваўладальнікаў, – лічыць Сяргей Зікрацкі. – Ужо былі каментары прадстаўніка МУС, што пакуль яны не збіраюцца штрафаваць за рэпосты ў сацсетках. Хутчэй, гэтая рэформа накіраваная на выяўленне буйных распаўсюднікаў. У першую чаргу гэта закране гандляроў дыскамі ды іншаю неліцэнзаванаю прадукцыяй, каб можна было прыйсці да іх на склад і сканфіскаваць. Далей, верагодна, могуць заняцца буйнымі файлаабменнікамі ды торэнтамі, а таксама правайдарамі, якія дазваляюць карыстальнікам бясплатна пампаваць кантэнт на сваіх сайтах. А ўжо пасля таго, як разбяруцца з імі, зоймуцца больш дробнымі парушальнікамі, то бок намі».
Памятай, што ты можаш выкарыстоўваць адміністратыўныя і грамадзянска-прававыя адносіны і сабе на карысць. Калі твой твор незаконна юзаюць без твайго дазволу: публікуюць на навіновым сайце твае фоткі з фэйсбуку, выконваюць твае песні і г. д. – ты як праваўладальнік можаш падаць пазоў з просьбаю разгледзець факт парушэння, і працаўнікі праваахоўных органаў мусяць правесці праверку. Але мы ўсё ж найперш раім звярнуцца да парушальнікаў і паспрабаваць развязаць пытанне мірным шляхам.
Падвойнае грамадзянства, пашпарт серыі РР – разбіраемся, як аформіць свае стасункі з нашай краінай, калі ты ўжо адной нагой за мяжой.
Канспект лекцыі эксперта АБСЕ Дэніз Язычы пра тое, як павінна працаваць права на доступ да інфармацыі і як абараніць асабістыя дадзеныя ў эпоху digital.
Заўжды актуальны мануал пра тое, чаго чакаць ад хуткай і куды скардзіцца, калі парушаюць твае правы.
Тлумачым, як працуе пагадненне аб невыдаванні і чым табе пагражае яго парушэнне.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
"Раней пакараць за партыю дыскаў на складзе было нельга, цяпер – можна. Тое ж самае з файламі, якія запампоўваюцца на торэнты і файлаабменнікі. Калі раней сама сабою запампоўка ў інтэрнэт пірацкага файлу не прадугледжвала адказнасці, то цяпер гэта разглядаецца як падрыхтоўка да распаўсюду і караецца."
I раней было магчыма.
Зараз тупа паднялi штрафы (дзяржаве на карысць) i дадаткова паяснiлi пра "храненне з мэтай распаусюду", каб правауладальнiкам было прасцей прыцягнуць да адказнасцi.
Па сутнасцi нiчога для прастых юзерау не мяняецца. Толькi што баяцца будуць больш з-за iнфармацыйнага шуму ))