Вечныя студэнты

  • 18.11.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 10918

Адныя з жахам угадваюць свае гады ва ўніверы, кажучы, што няма большага марнавання часу, чым сядзець за партай, іншыя ж зусім не супраць быць адвечнымі студэнтамі. Мы сабралі гісторыі людзей, якія зноўку і зноўку вяртаюцца ў адукацыйную сістэму: разбіраемся, навошта ім гэта трэба.

 

 

Алена, 42 гады

– Я працую псіхолагам ва ўстанове сярэдняй адукацыі. Дужа люблю сваю працу, выбар месца вучобы быў свядомы. З дзяцінства з бацькам сядзела і чытала кніжкі з серыі «Папулярная псіхалогія», праходзіла тэсты, абмяркоўвала артыкулы. Таму і цяпер мой занятак мне падабаецца: люблю падтрымліваць людзей, дапамагаць ім у складаных жыццёвых сітуацыях, а ў маім выпадку – яшчэ і дзеткам разбірацца ў сабе.

Шлях адукацыі ў мяне быў доўгі: спачатку адвучылася ў школцы з музычным ухілам (фу!), пасля паступіла ў педагагічны каледж, потым – у педагагічны ўніверсітэт імя Танка. Там я вучылася на факультэце сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, у дыпломе пазначана «практычны псіхолаг, настаўнік англійскай мовы». І калі настаўнік з мяне быў нядрэнны, то псіхолаг – жудасны, бо я адчувала адвечны недахоп ведаў; практычных тэхнік і методык нам ніхто не даваў, у працэсе далейшай працы я ўсё шукала самастойна. Маё абсалютна жаночае ВНУ, што цікава, стала для мяне не толькі альма-матар: там я сустрэла будучага мужа.

Пасля ўнівера я двойчы хадзіла падвышаць кваліфікацыю: гэта быў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, а таксама курс «Канфлікталогія» ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У 2012-м вырашыла, што мне неабходная другая адукацыя. Тады я паступіла ў той жа РІВШ на спецыяльнасць «Культуралогія». Выбрала яе, бо я абсалютна класічны гуманітарый і мне насамрэч цікава ўсё, што звязана з культурай, мастацтвам, гісторыяй. Падчас атрымання другой адукацыі паступіла ў Маскоўскі гештальт-інстытут, вучуся там ужо трэці год.

«На пастаянную адукацыю я пазіраю з пункту гледжання псіхолага: вучоба, новыя веды фармуюць новыя нейронныя сувязі, гэта карысна для прадуктыўнай працы мозгу, яго пластычнасці»

На пастаянную адукацыю я пазіраю, хутчэй, з пункту гледжання псіхолага: вучоба, новыя веды фармуюць новыя нейронныя сувязі, а гэта карысна для прадуктыўнай працы мозгу, яго пластычнасці. І класічная акадэмічная адукацыя, і нейкае ўласнае самаразвіццё дапамагаюць нам у раскрыцці свайго патэнцыялу. Актыўная інтэлектуальная дзейнасць дазваляе рабіць жыццё больш усвядомленым, а таксама зніжае рыск развіцця Альцгеймера (ну гэта я так, на будучыню).

Ёсць меркаванне, што вучоба займае шмат часу, з чым я не згодна. У мяне ёсць яшчэ і праца, але я ўсё роўна знаходжу час для сябе. Тады люблю чытаць, з перарывамі на сон, вандраваць па Беларусі з сям’ёй, гуляць па Менску.

З адукацыяй я спыняцца не збіраюся: з захапленнем даведалася пра Універсітэт трэцяга ўзросту ў Менску, так што ўжо пабудавала сабе планы на жыццё пасля 60. Буду вучыць новыя мовы, працаваць валанцёрам і тусавацца з такімі ж адчайнымі аматарамі вучобы.

 

 

 

 

Карэн, 27 гадоў

– У 2007 годзе я пачаў сваю вучобу ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, з якім і цяпер звязана маё жыццё. Падчас напісання дыплома я быў настолькі захоплены, што разумеў: магістратура стае лагічным працягам. У той жа час, у 2012-м, ва ўніверы запускалі пілотную англамоўную магістратуру, у якой было шмат цікавых прадметаў, так і ўзнікла жаданне паступіць менавіта туды. Група магістрантаў была інтэрнацыянальнай: з намі вучыліся два прадстаўнікі КНР, дзве дзяўчынкі з Ірана і яшчэ некалькі беларускіх студэнтаў. Калектыў выкладчыкаў таксама быў фантастычны: напрыклад, тады ў нас выкладаў сённяшні пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды.

Магістратуру я скончыў з адзнакай, а маё жаданне даследаваць тэму – канкурэнтаздольнасць – усё расло, таму паступленне ў аспірантуру таксама стала лагічным працягам. Цяпер я аспірант і асістэнт кафедры Сусветнай эканомікі ў родным вузе. Маю мару – распрацаваць уласную тэарэтычную школу і напрамак у навуцы. Таму на сённяшні момант навуковая кар’ера – гэта маё поле самарэалізацыі.

Што да матывацыі ў вучобе, дык я лічу, што кожны чалавек павінен пастаянна развіваць і пашыраць свой нематэрыяльны капітал, выражаны ў ведах, досведзе і практыцы. У сённяшнім свеце, дзе пануюць рынкавыя адносіны, кожнаму чалавеку варта падвышаць свой умоўны кошт: чым болей ведаў – тым даражэйшымі і запатрабаванейшымі становяцца твае паслугі.

 

 

 

 

Алена, 26 гадоў

– Я сышла са школы пасля 9 класаў, і ўжо тады атрымала два атэстаты: аб заканчэнні базавай школы з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы і аб заканчэнні школы музычнай. На далейшы выбар паўплывалі настаўнікі з музыкалкі, бо я паступіла ў каледж, каб стаць музыкаведам. Гэта быў насамрэч клёвы і непараўнальны са звычайнай школай досвед, хай троху пафасна гучыць, але і сёння памятаю словы аднаго з маіх настаўнікаў: «Веды – гэта тое, што застаецца, калі вы ўсё забылі, а калі і забылі – не праблема. Галоўнае, каб вы ведалі, дзе гэта можна аператыўна адшукаць». Гэта стала кшталту майго дэвізу, які я ўжо сама спрабую сёння перадаць маім студэнтам у ВНУ.

Працягнуць сваю адукацыю мне абавязкова хацелася ў ВНУ, звязаным з культурай, – так і атрымалася. Я скончыла Універсітэт культуры па спецыяльнасці «Менеджмент міжнародных культурных сувязей». Там я часу не марнавала: на першым курсе пайшла ў Społeczna szkoła Polonijna, каб вывучыць польскую, потым хадзіла на курсы іспанскай і ангельскай пры Беларускай гандлёвай палаце. Разумела, што гэта перш за ўсё мне патрэбна: мовы я прывыкла вучыць яшчэ са школы, а ва ўніверы з’явілася магчымасць стасункаў з замежнікамі дзякуючы розным культурніцкім праектам і валанцёрству.

Хутчэй праз дух бунтарства, каб даказаць, што і гуманітарыі ўмеюць ладзіць з матэматыкай, пайшла на перападрыхтоўку і ўжо на трэцім курсе Універсітэта культуры атрымала дыплом БДУ па спецыяльнасці «Інфармацыйнае і прававое забеспячэнне бізнэсу». Там было насамрэч класна, бо ўсе студэнты – людзі розных узростаў, з рознымі прафесіямі і хобі, але галоўнае – усе зацікаўлены ў адукацыі, бо такія рэчы звычайна больш асэнсаваныя, чым першае паступленне.

Апроч адукацыі акадэмічнай, я хацела надаваць час і сваім хобі. Так на чацвёртым курсе спачатку ўладкавалася на першую афіцыйную працу, папрацавала менеджаркай па працы з кліентамі, а ўжо тады ўласнаруч аплаціла курс «Стыліст. Імідж-дызайнер» у студыі моды і стылю Ірыны Ільінскай. Такое самаразвіццё таксама марным не лічу: цяпер я магу стылёва апранацца сама і даваць нейкія парады іншым, рацыянальна траціць грошы на шопінг.

«Увесь мой досвед прывёў мяне туды, дзе я цяпер, і ад гэтага я шчаслівая»

Пасля заканчэння бакалаўрыята ва Універсітэце культуры я паступіла туды ж у магістратуру па спецыяльнасці «Культуралогія». За год абараніла свой дысер і стала магістрам. Пасля скончыла курс «Спецыяліст па кантэкстнай рэкламе Яндэкс і Google» у Artox’е, папрацавала крыху ў гэтай сферы. Потым вырашыла працягнуць навуковую кар’еру і цяпер вучуся ў аспірантуры БДУКМ, пішу кандыдацкую дысертацыю. Неабходным элементам аспірантуры з’яўляецца прыдбанне настаўніцкага досведу, так што я працую выкладчыкам на кафедры міжкультурных камунікацый.

Акрамя таго, праходжу падвышэнне кваліфікацыі ў РІВШ’ы. У вольны час хаджу на лекцыі ў Imaguru, удзельнічаю ў канферэнцыях ды семінарах.  Увесь мой досвед прывёў мяне туды, дзе я цяпер, і ад гэтага я шчаслівая. Наперадзе шмат зменаў і магчымасцяў – я ведаю дакладна.

 

 

 

 
Францішак, 28 гадоў
 

– На дадзены момант я значуся рэдактарам «Радыё Свабода». Я пачаў працаваць, калі мне было 13 гадоў, на «Радыё Рацыя»: рабіў рэпартажы, звычайную журналісцкую працу. Пасля быў рэдактарам газеты «Трыкутнік», якая выходзіла ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, пісаў для агенцтва «БелаПАН», працаваў на «Белсаце». Я шчаслівы, бо заўжды займаўся тым, што прыносіла мне кайф. І – дзякаваць Богу – усе гэтыя справы мелі грамадскае значэнне. Апошнія гады маё жыццё звязана з «Радыё Свабода». Мы зрабілі акцэнт на лічбавых платформах, развівалі старонкі «Свабоды» ў сацыяльных сетках.

Адукацыйны шлях мой таксама ідзе амаль на працягу жыцця: спачатку гэта быў беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, пасля – журфак БДУ, дзе я правучыўся тры гады на «Інфармацыі і камунікацыі» і адкуль мяне адлічылі з палітычных прычын. Потым быў ЕГУ, з якім таксама не склалася, бо мяне прызвалі ў войска. Наступным крокам за некаторым часам стала вучоба на факультэце журналістыкі і палітычных навук Варшаўскага ўніверсітэта – толькі тады я скончыў бакалаўрыят. Праз некаторы час пачаў шукаць магістратуру недзе за мяжой і падаваўся на даволі вялікую колькасць праграм, але шчаслівай стала Civil Society Leadership Awards, дзякуючы якой я сёння вучуся ў Школе міжнароднай службы Амерыканскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне.

Мне падабаецца вучыцца, асабліва калі гэта тое, што я сам выбіраю. Адукацыя раскладае па палічках тое, што ты, магчыма, ведаў і раней. Таму, я лічу, важна вучыцца з перапынкамі. Скончыў школу – папрацаваў – атрымаў бакалаўра – папрацаваў – пасля магістратура. Тады адукацыя мае большы сэнс, ты маеш свой досвед, уласнае бачанне і нават жыццёвыя прыклады. Паколькі я паспрабаваў сябе ў трох адукацыйных мадэлях: постсавецкая-беларуская, еўрапейская-польская і амерыканская, – я магу параўноўваць.

У Амерыцы вучыцца найбольш складана: адукацыя інтэнсіўная, заснаваная на самаарганізацыі і самадысцыпліне. За тыдзень трэба прачытаць матэрыялу на 1-2 кнігі мінімум і напісаць некалькі прац, эсэ ці навуковых абгрунтаванняў. Канешне, гэта і прафесарскі склад: тут ёсць унікальная магчымасць кантакту з найлепшымі экспертамі ў сваёй галіне. Але. Трэба задаваць пытанні, калі хочаш нечаму павучыцца. Акрамя ўласна саміх заняткаў, у Амерыцы студэнты ходзяць на «прафесарскія гадзіны». Факультэт шукае табе працу, арганізуе практычныя семінары, сустрэчы з дыпламатамі і экспертамі. Самі класы – гэта траціна ад таго, што дае ўніверсітэт.

У Еўропе па-іншаму. Іншая атмасфера паміж студэнтамі, яны дапамагаюць адно аднаму. У Беларусі вучыцца класна, бо ўсё ж – свае людзі, свае праблемы, свае ідэі. Аднак надта шмат ідэалогіі і форма выкладання састарэлая. У Варшаўскім жа ўніверсітэце ты ў вялікай ступені сам фармуеш сабе расклад, да таго ж – усе заданні былі пабудаваныя на крэатыве і на жывых прыкладах.

«Таму, я лічу, важна вучыцца з перапынкамі. Скончыў школу – папрацаваў – атрымаў бакалаўра – папрацаваў – пасля магістратура»

Цяпер для беларусаў мноства адукацыйных праграм, стажыровак, стыпендый. Трэба спрабаваць, удасканальвацца, знаёміцца з людзьмі. Але самае важнае – вучыць мовы. Я ведаю ангельскую, французскую, польскую, украінскую – гэта заўжды плюс і ў працы, і ў вучобе.

 

 

 

Рацібор, 30 гадоў

– Я вучыўся ў класе з фізіка-матэматычным ухілам, але напрыканцы школы здолеў паўдзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. Таму вырашыў, што паступленне па гэтым профілі стане дастаткова простым для мяне: так я аказаўся на гістфаку БДУ. У той жа час мне «пашчасціла»: у ВНУ ўводзілася размеркаванне і нас наўпрост паставілі перад гэтым фактам. Сістэму я крыху перахітрыў: здаў акадэмічную розніцу ды перавёўся на завочнае. Такім чынам, свой дыплом я атрымаў раней за былых аднагрупнікаў.

Падчас вучобы, на трэцім курсе, паступіў на завочнае аддзяленне ЕГУ, на філасофію. Натуральна, што падыход ЕГУ пасля беларускай ВНУ мне спадабаўся болей: навучанне праходзіла збольшага дыстанцыйна, у нас было некалькі асноўных прадметаў, па якіх мы штотыднёва атрымлівалі заданні. Крута было, што тут, на дыстанцыйным навучанні, я кантактаваў з выкладчыкам болей, чым на дзённым аддзяленні ў свой час. Я адчуваў, што атрымліваю неабходныя мне веды. Тым не менш па шэрагу прычын тады літоўскі дыплом я не атрымаў. Але неўзабаве скончыў адукацыю ў Беларусі, і ўсё роўна было пытанне, што рабіць далей. Тады вырашыў штурмаваць літоўскую магістратуру.

Я падаў дакументы ў ЕГУ. Уражанні ад магістратуры выдатныя: усе студэнты былі вельмі матываванымі людзьмі, быў і не менш выбітны калектыў выкладчыкаў – Дубянецкая, Смалянчук, Баранец.

Найістотнейшая розніца паміж мадэллю ЕГУ і БДУ – гэта арыентаванасць на практыку. У Літве нам увесь час раілі думаць пра практычнае прымяненне нашых ведаў, пра тое, як мы зможам інтэграваць іх у жыццё, выкарыстаць. Але важна заўважыць, што беларуская сістэма, калі ты зацікаўлены студэнт, дае табе бліскучы багаж тэорыі, базавых акадэмічных ведаў, што неверагодна карысна.

Пасля магістратуры я сумленна вярнуўся на Радзіму і ўладкаваўся ў Музей гісторыі горада Менска, дзе працаваў на працягу двух год. У 2012-м далучыўся да праекту «Гісторыя гандлю ў Беларусі»: ён ініцыяваны прыватным бізнэсам, там я каардыную гістарычныя распрацоўкі.

«Думаю, што сапраўдны прафесіянал можа прыўнесці нешта новае ў сваю сферу»

Стымулам для пошуку далейшага месца вучобы стала маё адвечнае адчуванне незадаволенасці самім сабой: я заўсёды знаходзіў нейкія прабелы і недахопы ў ведах, таму думаў, як гэта можна «закрыць». Я паставіў мэту атрымаць PhD, першапачаткова хацеў зрабіць гэта ў Польшчы, бо там вывучаць гісторыю ВКЛ было б бліскуча праз распрацаванасць тэмы. Але неяк не шчасціла на пошук праграм, таму праз нейкі час я проста перагарэў і вырашыў, што вучобы з мяне хопіць.

Але лёс вырашыў па-свойму: сёлета я выпадкова ўбачыў абвестку пра ўніверсітэт Коўна, што акурат шукаў дактарантаў з Беларусі па гістарычнай тэматыцы, прычым са стыпендыяй (каля € 350-400). Даслаў сваё CV і тэму працы, пасля чаго мяне запрасілі на сумоўе ў Коўна. Мяне прынялі, так што ўжо амаль два месяцы я там вучуся.

Працэс вучобы прыносіць мне задавальненне, апроч таго, я ўпэўнены ў выбары сваёй прафесіі і бачу, якім чынам змагу рэалізаваць сябе ў якасці гісторыка пазней у Беларусі. Думаю, што сапраўдны прафесіянал можа прыўнесці нешта новае ў сваю сферу. Да таго ж у нашай яшчэ стэрэатыпнай краіне навуковая ступень насамрэч мае вагу, да цябе хаця б ставяцца з нейкай увагай. Але, у той жа момант, я маю шмат сяброў, што вучацца на чыстым энтузіязме: асабліва гэта тычыцца філосафаў (людзі спрабуюць шукаць там адказы на фундаментальныя пытанні, напрыклад). Ёсць яшчэ тыя, для каго вучоба – стыль жыцця. Напрыклад, еўрапейцы маюць шмат выгод пры адукацыі: зніжкі, стажыроўкі, стыпендыі, гранты – цэлая эканамічная стратэгія.

Пра адукацыю пасля аспірантуры я пакуль яшчэ не думаў, але ведаю дакладна, што і дактарантам і постдактарантам нашмат прасцей атрымаць стыпендыі, і гэта, канешне, цешыць.

 

Тэкст by Vanya Famchuk

 


КАМЕНТАРЫ (1)

happy wheels
happy wheels | 28.06.2018 05:41

але і ўсяму грамадству. https://happywheelsnew.com

0 0