Бібліятэка Гётэ-Інстытута бясплатна даставіць кнігі на дом
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.06.2020
- 6630
Бібліятэка Гётэ-Інстытута ў Беларусі запусціла бясплатны сэрвіс дастаўкі сваіх скарбаў на дом. Заказаць можна кнігі, фільмы, гульні, аўдыякнігі, музыку і выданні для вывучэння нямецкай мовы як замежнай. Працуе толькі ў межах Менска.
Схема простая: рэгіструешся ў бібліятэцы (калі яшчэ не), гартаеш каталог, выбіраеш патрэбнае, кладзеш у карзіну для тавараў, адпраўляеш заказ і чакаеш. Падрабязней пра заказ бібліятэка распісала тут. Кур’ер даставіць выданні да дзвярэй праз некалькі дзён. Выданні папярэдне дэзынфікуюць.
Усе бібліятэчныя пазіцыі выдаюць у часовае карыстанне да 1 верасня 2020-га. Здаць іх можна таксама бескантактна – пакласці ў адмысловую скрыню на чацвёртым паверсе бізнэс-цэнтра «Тэрмінал» (гэта на вуліцы Веры Харужай).
Калі заказанага выдання не знойдзецца ў бібліятэцы, замову дапоўняць чымсьці іншым. Акрамя таго, можна заказаць «сюрпрыз-пакет» выданняў: проста паведаміць улюбёную тэму і атрымаць пакет з трох падыходзячых рэчаў.
Сэрвіс будзе працаваць да 1 ліпеня, далей – залежыць ад эпідсітуацыі.
Фонд бібліятэкі Гётэ-Інстытута складаюць больш за 12 000 друкаваных і аўдыявізуальных носьбітаў інфармацыі на нямецкай мове. Гэта навучальныя матэрыялы па нямецкай, мастацкая літаратура нямецкамоўных аўтараў у арыгінале і пераклады іх твораў на беларускую або рускую, літаратура для дзяцей і падлеткаў, галіновая літаратура па мастацтве, гісторыі, краіназнаўстве, псіхалогіі, сацыяльных навуках.
Фота: Vlada Karpovich (pexels.com)