2272 0

Аляксандра Лазарэнка

Арганiзатарка арт-праекту «Прамянi Дабрынi» Аляксандра Лазарэнка распавядае, як праз мастацтва дапамагаць дзецям, якія апынуліся ў складаных умовах, і чаму варта гэтым займацца.

 

Чым займаюцца: працуюць з дзецьмі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Гомелі.

Дата заснавання: 2015 год.

Структура: 1 чалавек + валанцёры.

Кантакты:
VK

З кім гутарым: Аляксандра Лазарэнка, 23 гады. Студэнтка ЕГУ, маладая маці, стваральніца праекту «Прамянi Дабрынi».

 

 

Гісторыя Сашы

– Я нарадзілася і жыву ў Гомелі, вучуся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце па спецыяльнасці «Візуальная культура і крэатыўныя індустрыі». Планую потым паступаць у магістратуру, на «Публічную палітыку», якая трошкі бліжэй да таго, чым я хацела б займацца, – праектны менеджмент, праца з НДА, сацыяльная дзейнасць і нефармальная адукацыя.

«Магчыма, калі б я жыла адна і ў мяне не было дзіцяці, ездзіла б па бясплатных міжнародных праграмах падымаць пінгвінаў і пераварочваць чарапах»

Памятаю, як на 2 курсе марыла быць валанцёрам, дапамагаць людзям, рабіць нешта добрае, але пры гэтым не пакутаваць ад недахопу сродкаў да існавання. Магчыма, калі б я жыла адна і ў мяне не было дзіцяці, я б ездзіла па бясплатных міжнародных праграмах падымаць пінгвінаў, пераварочваць чарапах і жыла б за кошт арганізацый, якія адпраўляюць людзей на такія выдатныя місіі. Але ў мяне ёсць сям’я, ёсць маленькая дачка, а разам з тым адказнасць і абавязкі.

 

 

 

«Прамяні Дабрынi»

– Праект «Прамяні Дабрынi» нарадзіўся ў Вільні ў кастрычніку 2013 года, а ў красавіку 2015-га стартаваў у Гомелі.

Ідэю прыдумалі мы з актывісткай Сашай Грышкевіч падчас школы праектнага менеджменту. Саша хацела стварыць валанцёрскі рух, а ў мяне было жаданне рабіць нешта для дзяцей. Мы прыйшлі да таго, што нам трэба аб’яднаць свае сілы і зрабіць доўгайграючы праект для выхаванцаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў і дзіцячых дамоў, які будзе адрознівацца ад астатніх.

Пачалі з малога: прыходзілі да дзетак, сумесна малявалі, ляпілі. Потым ужо панесліся ідэі – дэкупаж, лега-канструяванне, дыджэінг і г.д.

Мне вельмі моцна дапамагае сям’я. Без мамы, бабулі, мужа я б нічога не змагла зрабіць. Яны сядзяць з дачкой, гадуюць яе, пакуль мяне няма побач.

Часта дачка Варвара ездзіць са мной на сустрэчы «Прамянёў». Яна – адзін з галоўных валанцёраў, які азарае сваёй усмешкай сцены цэнтра.

«Нарэшце я зразумела, што людзі вераць у мяне, цэняць, разумеюць, што я раблю і навошта»

Я складаю план, накідваю ідэі, а потым дзейнічаю па месцы і сітуацыі. Шукаю людзей, якія могуць нешта расказаць і паказаць, правесці які-небудзь цікавы майстар-клас, шукаю месцы, куды дзяцей можна адвесці.

Пакуль на пастаяннай аснове мы працуем толькі з адным сацыяльным цэнтрам. Сутнасць у тым, каб дзеці разумелі, што мы не проста адзін раз прыйшлі, а каб ведалі, што за сценамі ёсць канкрэтныя людзі, да якіх заўсёды можна звярнуцца, якія могуць дапамагчы, нешта расказаць і падказаць. Гэта, з аднаго боку, інфарматыўны адукацыйны праект, а з другога – заснаваны на сяброўскіх узаемаадносінах.

Калі мы рабілі калядную вечарынку для дзяцей, яны мне ўручылі грамату, і там былі такія словы: «за чулыя адносіны да дзяцей». Гэта было не проста «ўзнагароджваюцца ордэнам працы...», а вельмі ўтульна, па-хатняму. Было нечакана! Нарэшце я зразумела, што людзі вераць у мяне, цэняць, разумеюць, што я раблю і навошта. Гэта вельмі прыемна. Кожны раз, калі мы сустракаемся, яны кідаюцца мяне абдымаць. І вось гэтая аддача, сумленная і адкрытая, – галоўная заслуга, якую можа атрымаць чалавек, працуючы з дзецьмі.

 

 

Праекты ў праекце

– Па ходзе справы я стараюся вылазіць за рамкі фармату, арганізоўваць не проста майстар-класы і варкшопы, а знаходзіць новыя падыходы і шляхі працы.

Ад «Прамянёў Дабрыні» адгаліноўваюцца іншыя маленькія тэмы. Напрыклад, анімацыйная школа «Рухавiчок». Падчас школы мы з дзецьмі вучыліся рабіць мульцікі. Было 15 удзельнікаў пад кіраўніцтвам двух трэнерак з Менску: Марты Герашчанкі і Марыі Пучковай. За 2 гадзіны зрабілі 4 маленькіх мульціка. Дзеці былі шчаслівыя, дарослыя задаволеныя, а я наогул на сёмым небе.

«Сутнасць у тым, каб дзеці разумелі, што за сценамі ёсць канкрэтныя людзі, да якіх заўсёды можна звярнуцца»

Зараз робім такі «праект у праекце» – «Лялькi». Я пазнаёмілася з рэжысёркай гомельскага лялечнага тэатра, і мы вырашылі паставіць маленькі спектакль. Пачалі ўжо рабіць персанажаў. Калі ўсё атрымаецца, пакажам пілотную версію дзецям з сацыяльнага цэнтра, а потым паедзем з ім жа ў Дом дзіцяці.

 

 

Каманда

– Ёсць я, галоўны арганізатар ідэй і сустрэч, і ёсць валанцёры, чалавек дзесяць пастаянных, а таксама людзі, якія аднаразова праводзяць які-небудзь майстар-клас. Праблема, ад якой я трошкі пакутую, – адсутнасць каманды. Яе няма не таму, што я не хачу, не таму, што нейкая ўласнiца або эгаістка. Я б з радасцю падзяліла абавязкі з чалавекам, якому гэта таксама было б цікава. Ёсць сябры, ёсць знаёмыя, якія дапамагаюць і падтрымліваюць, не кідаюць мяне ў цяжкую хвіліну. Але пастаянных удзельнікаў, з якімі мы маглі б сесці і прыдумаць новае, падзяліць абавязкі – такіх, на жаль, няма. Я разумею, што ўва ўсіх ёсць сваё жыццё: хтосьці вучыцца, хтосьці працуе, не заўсёды атрымліваецца вырвацца. Я сама яшчэ вучуся, у мяне сям’я, але, мабыць, я проста жыву гэтым.

Нашых рабят, якія дапамагаюць, я вельмi люблю за тое, што яны да гэтага часу прыходзяць і жаданне не знікае.

Спадзяюся, усё ж такі каманда з часам складзецца. Акрамя таго, хацелася б зарэгістраваць усё афіцыйна, каб нас успрымалі сур’ёзна.

 

 

Падтрымка і партнёрства

– Фінансавую падтрымку нам аказвае толькі ЕГУ. Лічу, што гэта мая слабасць. Зразумела, універ будзе дапамагаць мне да таго часу, пакуль я з’яўляюся іх студэнткай (хоць выпускнікоў яны таксама падтрымліваюць), але нельга ж вечна сядзець на шыі.

На шчасце, патроху развіваецца партнёрства, нам ідуць насустрач і дапамагаюць арганізацыі, да якіх мы звяртаемся. Так, сетка крам «ПолитеХ» дала бясплатна камп’ютары для анімацыйнай школы, дзіцячы клуб «Йети и дети» дазволіў правесці вечарынку за іх кошт, тайм-клуб «Флэт» увесь час выдзяляе памяшканне для нашых сустрэч.

«Быў адзін вельмі непрыемны выпадак, калі мастак, якога мы хацелі прыцягнуць да праекту, сказаў: “Дык яны ж хворыя”»

Многія, калі не могуць зрабіць бясплатна, прапаноўваюць нам дастаткова вялікія зніжкі. Калі мы вазілі дзяцей на лазертаг, з нас узялі грошы толькі за транспарт. І тое таму, што арганізатары павінны плаціць кіроўцу, які прывозіць удзельнікаў на месца гульні за горад.

Я думаю, калі б не партнёры, «Прамянi» завяршыліся б яшчэ паўгода таму. Кожная зэканомленая капейка – гэта крок на заўтра, на планаванне наступнага мерапрыемства.

 

 

 

Пра складанасці

– Цікава будаваліся адносіны з кіраўніцтвам сацыяльнага цэнтра. Я выказала дырэктарцы сваё жаданне пасупрацоўнічаць. Яна, даволі абстрагаваная ад жыцця ў цэнтры, прыняла мяне, выслухала і адразу ж забылася, хто я такая. Я не крыўдую, у асноўным цяпер падтрымліваю сувязь з намеснікам і псіхолагам.

Ёсць некаторыя дэталі, якія не дазваляюць скласці пазл цалкам. Адна з іх – стэрэатыпнае стаўленне да дзяцей.

Быў адзін вельмі непрыемны выпадак, калі мастак, якога мы хацелі прыцягнуць да праекту, сказаў: «Дык яны ж хворыя». Прычым гэта прагучала нават не як пытанне, што паказвае ступень негатовасці некаторых быць часткай «Прамянёў».

На шчасце, нашыя валанцёры ведаюць, што гэта далёка не так, што дзеці такія ж, як усе, проста яны знаходзяцца ў іншых умовах, апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

 

«Мне здаецца, гэта вельмі важна, каб дзеці бачылі не толькі “іншых” дарослых, але і “іншых” аднагодкаў»

Гэтыя дзеці – у падвешаным стане, яны не ведаюць, наколькі трапілі ў сацыяльны цэнтр, пойдуць потым у дзіцячы дом, вернуцца ў сваю сям’ю альбо іх забяруць у прыёмную. Некаторыя па 2-3 разы вяртаюцца сюды. Гэта месца, дзе, на мой погляд, вельмі цяжка знаходзіцца. І зразумела, што кожны чалавек у складанай сітуацыі псіхалагічна рэагуе па-рознаму. Але калі ў нашым сучасным грамадстве, якое выхоўваецца талерантным (кажуць жа, што беларусы такія), чую падобныя нават не пытанні, а сцвярджэнні, мне робіцца страшнавата.

Я працую з тымі, у каго няма падобных перадузятасцяў. Хацелася б, каб больш людзей убачылі знутры, як гэтыя дзеці жывуць, што яны такія ж, як усе. Ім патрэбныя зносіны, як і любому іншаму чалавеку. Мы дапамагаем з’явіцца магчымасці атрымліваць новую інфармацыю, практыкавацца ў творчых кірунках, камунікаваць з людзьмі, з якімі яны, магчыма, ніколі б у жыцці не сустрэліся.

Ёсць ідэя аб’яднацца з яшчэ адным праектам. Магчыма, да канца лета – пачатку восені пачнуцца сумесныя сустрэчы дзяцей з сацыяльнага цэнтра з дзецьмі-інвалідамі. Мне здаецца, гэта вельмі важна, каб дзеці бачылі не толькі «іншых» дарослых, але і «іншых» аднагодкаў.

 

 

Тэкст by jstarin
Фота by Наталля Трукутулая


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.