Па Беларусі едзе «Вандроўная Кнігарня»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 07.10.2019
- 5946
Літаратурны дом «Логвінаў» запусціў праект «Вандроўная Кнігарня»: цэлы год па беларускіх глыбінках будзе калясіць аўто з кніжкамі і літаратарамі. Мэта катання такая: давезці арыгінальную і перакладную літаратуру на беларускай мове туды, дзе яна ў дэфіцыце.
Да верасня 2020 года літаратарскі бус будзе з’яўляцца ў малых гарадах і вёсках, каб «прапагандаваць» роднае слова. Будуць творчыя сустрэчы з усялякай багемай, аўтарскія чытанні, варкшопы пра тое, як пісаць цікава і з аганьком, музыка, забаўкі для малых.
Рэферэнсам для «Вандроўнай Кнігарні» сталі амерыканскія перасоўныя бібліятэкі. «Як і нашы заходнія калегі, мы мяркуем, што літаратура і чытанне з’яўляюцца не толькі арганічным складнікам асабістага вопыту кожнага, але і абавязковым элементам грамадскага жыцця краіны», – заяўляюць аўтары праекта. Яны спадзяюцца, што кнігарня на колах здолее ўключыць жыхароў рэгіёнаў у паўнавартаснае грамадскае жыццё, якое прадугледжвае актыўную работу мозга і цягу да аналізу ўсяго.
Першая вылазка «Вандроўнай Кнігарні» здарылася на выходных: бус трымаў курс на замак Гальшанскі, а галоўнай зоркай трыпу стаў Альгерд Бахарэвіч. Пісьменнік прэзентаваў кнігу «Мае дзевяностыя» і даў майстар-клас. Людзей было няшмат, але – верым – гэта толькі пачатак.
Сачыць, калі кнігарня заруліць на вёску да тваёй бабулі, прасцей за ўсё праз Facebook.