Запусціўся сайт Фонду Паўла Шарамета
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.11.2020
- 6883
Сям’я, сябры і калегі Паўла Шарамера стварылі Фонд «Свабода і салідарнасць» з мэтай захаваць усё тое, што стварыў журналіст, і працягнуць яго справу – падтрымаць свабоду слова ў краінах, дзе Павал працаваў: у Беларусі, Украіне, Расіі.
На сайце Фонду, які пачаў працу 28 лістапада – у дзень народзінаў Паўла, сабраныя яго інтэрв’ю, артыкулы, фільмы і кнігі. Тут жа будуць з’яўляцца абвесткі пра магчымасці фонду для журналістаў(-ак). Фонд імя Паўла Шарамета плануе штогод даваць прэмію найлепшым журналістам(-кам) Беларусі, Украіны і Расіі, а таксама выплачваць імянную стыпендыю таленавітым студэнтам(-кам) журфакаў трох краін.
Старшыня Фонду Людміла Шарамет, маці Паўла, адзначае: «Час імкліва імчыць наперад. Вось ужо чатыры гады, як з намі няма Паўла. Вельмі хацелася б, каб сайт, які пачынае сваю працу ў памяць пра яго, з'яўляўся рупарам для ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і простых людзей, якія не баяцца казаць праўду. Таму што дэвіз, з якім жыў і працаваў Павел: "Сіла не ў сіле, сіла – у праўдзе!”».
Глеб Койпіш, дырэктар гарадзенскай студыі «Іквадрат», кажа: «Мы ўзяліся за праект праз асобу Паўла Шарамета, які быў сумленным і моцным чалавекам. Такіх людзей нельга забываць, пра такіх людзей трэба распавядаць».
Павел Шарамет нарадзіўся ў Менску, вучыўся ў БДУ і БДЭУ. Быў галоўным рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты», працаваў на беларускім тэлебачанні, потым у беларускім офісе ОРТ. Праз пераслед за крытычныя матэрыялы ў 1997 годзе (пагуглі, дарэчы, «арышт Паўла Шарамета», «Марш у турэмных робах», «Турэмны дзённік Паўла Шарамета») журналіст быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягваў асвятляць знакавыя падзеі на радзіме і ініцыяваў стварэнне «Беларускага партызана». У 2010-м Паўла пазбавілі беларускага грамадзянства. З 1998-га ён працаваў на буйных тэлеканалах Расіі, здымаў дакументальныя фільмы, рабіў спецпраекты. Але ў канцы 2000-х Шарамет, не пажадаўшы мірыцца з цэнзурай і ціскам на Першым, пакінуў расійскае ТБ. З 2012-га Павел працаваў у Кіеве: быў аўтарам і вядоўцам late-night-show па тэлевізары і ранішняга шоу на радыё. 20 ліпеня 2016 года Павел загінуў ад выбуху ў аўто. Паўлу было 44. Ён пахаваны на Паўночных могілках у Менску. Замоўцы і выканаўцы забойства Паўла Шарамета дагэтуль невядомыя.
Перайсці на pavelsheremet.com