Валанцёрства на дыстанцыёнцы: 7 варыянтаў дапамагчы

  • 12.06.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4473

Зразумела, жаданне зрабіць свет лепшым цяпер у асноўным варта рэалізоўваць у ініцыятывах, што займаюцца дапамогай медыкам у барацьбе з каранавірусам (#ByCovid19) ці змагаюцца за сумленныя выбары («Сумленныя людзі»). Калі раптам табе хочацца нечага іншага ў дадатак, знайшлі яшчэ колькі ініцыятыў, дзе тваім скілам будуць рады. Большую частку валанцёрскіх заданняў можна рабіць цалкам бескантактна!

 

Арганізацыі, якая займаецца, дарэчы, не толькі птушкамі, а ўсёй дзікай прыродай Беларусі, патрэбныя творчыя асобы: перакладчыкі, ілюстратары, дызайнеры. Таксама тут не адмовяцца ад кансультацый дасведчаных таргетолагаў ці СЕО-шнікаў.

Калі ты самаізалюешся недзе на прыродзе, то можаш пашукаць нару дзікага хамяка! Раней гэта быў звычайны для Беларусі від, але цяпер невядома, ці застаўся ён увогуле. Як вызначыць нару, жывёлу і куды кідаць фоткі, глядзі тут. Калі ў працэсе пошукаў убачыш іншых грызуноў, гэта таксама можна пазначыць тут. А калі ўвечары ты ходзіш слухаць салаўёў, дык можаш паставіць кропку, дзе яны спяваюць, на спецыяльную карту. Твая ўвага патрэбная і рыбам, у прыватнасці вугру. У 2008 годзе Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў уключыў вугра ў Чырвоны спіс як від, што знаходзіцца «на крытычнай мяжы знікнення». Ведаеш, дзе ёсць або былі раней вугровыя месцы? Занясі іх, калі ласка, на карту. Не ведаеш – распытай бацькоў, дзядулю з бабуляй: магчыма, яны памятаюць, дзе сустракаўся вугор. Запішы тое, што яны расказалі табе, калі будзеш дадаваць звесткі на карту.

Яшчэ адна цудоўная магчымасць зрабіць свае прагулкі больш разнастайнымі – гэта крэйдавая батаніка. Падпісвай знаёмыя расліны крэйдай па-беларуску ці па-руску, дадавай хэштэг #расліныгорада і кідай фота ў сацсеткі! Калі складана вызначыць расліну, можна карыстацца мабільным дадаткам plantsnap. Мэта акцыі – каб людзі ўсвядомілі прысутнасць дзікай расліннасці, зацікавіліся ёй і пачалі ставіцца да яе з павагай. Падрабязнасці тут.

 

«Беларуская арганізацыя працоўных жанчын»

 Кантакты:  boww.belarus@gmail.com

«Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» шукае тых, каму блізкая тэма гендарнай роўнасці; хто не баіцца рознабаковых задач; у каго ёсць навыкі мантажу і расшыфровак аўдыя або жаданне і магчымасць навучыцца гэтаму.

Што трэба будзе рабіць: расшыфроўваць аўдыяфайлы (ад 1 да 2 гадзін) – інтэрв'ю і круглыя сталы гендарнай тэматыкі; часам камунікаваць з гераінямі, прызначаць час запісу і сустрэч і г.д. Калі чуеш у гэтым апісанні блізкія ноткі, пішы на пошту boww.belarus@gmail.com, у тэме адзнач «валанцёрка», а ў лісце распавядзі трохі пра сябе і дадай спасылкі на свае сацыяльныя сеткі.

Яшчэ можна запоўніць анкету пра тое, як сітуацыя з каранавірусам уплывае на жанчын у Беларусі.

 

 

Тут дапамагаюць сацыялізаваць людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі і псіхалагічнымі праблемамі, аказваюць дапамогу і падтрымку іх блізкім, пры гэтым арыентуюцца на роўныя адносіны і барацьбу са стыгматызацыяй.

У цэнтры будуць рады мастакам і дызайнерам, якія дапамогуць зрабіць афішы і мерч па тэме псіхаактывізму: стыкеры, брашуры, ілюстрацыі для кніг. Напрыклад, адзін з будучых праектаў – кніга для дзяцей пра псіхічныя захворванні. Як і ўсюды, будуць рады СММ-шчыкам для стварэння паўнавартаснага кантэнт-плана для ўсіх сацсетак.

Яшчэ ў цэнтры шукаюць актывістаў, якія маглі б распавесці для СМІ сваю гісторыю хваробы. Бо без увагі медыя цэнтру ніхто не дапамагае, і яго могуць наогул закрыць. Вось якіх канкрэтна людзей шукаюць:

  мужчын і жанчын, якія перажылі хатні гвалт і могуць расказаць пра тое, як гэта паўплывала на іх псіхалагічны стан, як яны перажылі траўму, што і хто дапамагае спраўляцца з наступствамі;

  тых, чые бацькі пакутавалі ад разладаў псіхікі, і гатовых расказаць, як гэта было, як успрымалася тады і як змяніліся стан і ўспрыманне цяпер;

  людзей, якія перажылі суіцыд блізкага (сваяка, сябра);

  людзей з ЛГБТК-супольнасці, гатовых паразважаць на тэму, чаму статыстыка паказвае высокі працэнт дэпрэсій, разладаў харчовых паводзін, дысмарфафобіі, трывожных разладаў у ЛГБТК-людзей (адна з асноўных гіпотэз – уплыў сацыяльнай стыгмы на стан чалавека, але многія не разумеюць, у чым стыгма).

  Яшчэ шукаюць спецыялістаў для групы падтрымкі людзей з разладамі харчовых паводзін: эндакрынолага і дыетолага.

 

Гэтая магчымасць падыдзе тым дзяўчатам, хто хоча паспрабаваць сябе ў маркетынгу і PR або цікавіцца тым, як уладкаваная некамерцыйная арганізацыя знутры.

Гэта нават стажыроўка, а не валанцёрства, і праходзіць яна ў сувязі з самаізаляцыяй выдалена, а ўсе задачы будуць звязаныя са стварэннем кантэнту і анлайн-праектамі ProWomen By.

Разам з камандай стажорка будзе вырашаць штодзённыя задачы: пісаць тэксты, працаваць з эксперткамі над артыкуламі і інтэрв'ю, рыхтаваць канспекты лекцый і ўдзельнічаць у арганізацыі анлайн-мерапрыемстваў. Вядома ж, ментаркі будуць дапамагаць і падтрымліваць.

Ты зможаш: працаваць з прафесіяналамі сваёй справы, атрымаць суправаджэнне і куратарства; палепшыць свае навыкі ў маркетынгу і PR; паспрабаваць сябе ў маркеталогіі, PR, арганізацыі мерапрыемстваў; даведацца, як працуе медыярэсурс, і нават аформіць афіцыйнае праходжанне практыкі, атрымаць афіцыйныя рэкамендацыі і сертыфікат.

 

 

Ізноў звяртаюцца да тых, хто ў самаізаляцыі на прыродзе: можна маніторыць нітраты ў вадзе. Пішы на editor@ecoidea.by – і табе дашлюць буклет з інструкцыяй і палоскай для вымярэнняў. Атрыманыя дадзеныя трэба будзе занесці на watercontrol.info.

Працягваецца і яшчэ адзін водны маніторынг. У артыкуле напісана, што ён ідзе да 31 сакавіка, але насамрэч ён адбываецца кожны месяц, бо трэба сачыць за дынамікай. Для ўдзелу трэба раз на месяц запаўняць анкету. Самаму актыўнаму ўдзельніку ці ўдзельніцы месяца абяцаюць маленькі падарунак ад ЦЭРа.

Нарэшце, калі за месяцы самаізаляцыі ты якраз разабраў(-ла) шафы, то можаш распавесці пра свой самы стары пластык. Гэта дапаможа зрабіць больш бачнай праблему пластыкавага смецця, а самыя цікавыя гісторыі апублікуюць на сайце.

 

Цэнтр дапамагае ўладальнікам хатніх жывёл у прававых пытаннях і супрацьдзейнічае жорсткаму абыходжанню з катамі і сабакамі. Для дапамогі патрэбныя людзі, якія будуць займацца кантэнтам для сацсетак (сумесна з менеджарам), і спецыялісты па YouTube.

 

 

 Бонус:  Citizen Science

Сядзець на канапе, глядзець на карцінкі ў маніторы – і пры гэтым рабіць свой унёсак у навуку? Магчыма і такое, калі паўдзельнічаеш у праектах Citizen Science, грамадзянскай навукі. Гэта калабарацыі паміж навукоўцамі і зацікаўленымі валанцёрамі, неабходнымі ў даследаваннях, дзе трэба апрацаваць вялікі масіў дадзеных. Напрыклад, адзначыць рыб ці водарасці на здымках марскога дна або каметы на здымках з космасу, што дазволіць вучоным праглядаць не ўсе мільёны фота, а толькі тыя, на якіх дакладна нешта ёсць.

Мы сабралі некалькі такіх праектаў у асобным матэрыяле: можаш шукаць планету за межамі Сонечнай сістэмы, даследаваць расліннасць на дне акіяна ці папуляцыю пінгвінаў у Антарктыцы.

 Падрабязнасці 

 

Фота: Ivan Samkov, cottonbro, Vlada Karpovich (pexels.com)