Што такое citizen science?
- 13.04.2020
- 5109
Сядзець на канапе, глядзець на карцінкі ў маніторы – і пры гэтым рабіць свой унёсак у навуку? Магчыма і такое, калі паўдзельнічаеш у праектах citizen science, грамадзянскай навукі.
Гэта калабарацыі паміж навукоўцамі і зацікаўленымі валанцёрамі (якія ганарова абвяшчаюцца грамадзянамі-навукоўцамі, citizen scientists), неабходнымі ў даследаваннях, дзе трэба апрацаваць вялікі масіў дадзеных. Напрыклад, адзначыць рыб ці водарасці на здымках марскога дна або каметы на здымках з космасу, што дазволіць вучоным праглядаць не ўсе мільёны фота, а толькі тыя, на якіх дакладна нешта ёсць. Ці не можа штучны інтэлект рабіць усё гэта? У пэўных выпадках чалавечае вока пакуль самы дасканалы інструмент. Некаторыя з такіх праектаў робяцца і афлайн: напрыклад, валанцёры могуць адзначаць узровень шумавога забруджвання ці рабіць замеры вады ў возеры.
Такім чынам, калі табе патрэбна легальнае абгрунтаванне для сваёй пракрастынацыі, то мы яго ўжо падрыхтавалі. Проста выбірай свой праект і пачынай навуковую кар’еру! Дарэчы, некаторыя з такіх валанцёраў у выніку становяцца суаўтарамі сапраўдных навуковых прац.