Вышыванка памяці. Працы 82-гадовай Вольгі Францкевіч

У Лондане паказалі працы беларускай мастачкі Вольгі Францкевіч. Ёй 82 гады, яна перажыла вайну, а на дзявятым дзясятку мастачка пачала вышываць гісторыі з уласнага жыцця. Пагаварылі з Вольгай і з куратарам «Галерэі ўсяго» Джэймсам Брэтам пра шлях ад фермерства да выставы ў Лондане.

 

Сюжэты з успамінаў

 

Дзяцінства Вольгі Францкевіч прыйшлося на ваенны час у вёсцы Сар’я пад Віцебскам. Там яна пражыла 33 гады.

– Як пачалася вайна, я не памятаю – мне было 4. Маці казала, што гарэлі ўсе хаты, людзі хаваліся ў лесе. Няма чаго было есці.

Мой бацька, Сяргей Гаўрылавіч Купрын, быў падпольшчыкам. Добра памятаю, як яго расстралялі. Карнікі ў чорным прыйшлі да нас і выхапілі яго. Катавалі, білі, а потым кінулі ў вогнішча наўпрост на нашых вачах.

Пасля вайны я пайшла ў школу. Мы вучыліся ў напаўразбураным доме. Ні кніг, ні сшыткаў. Харчаваліся крапівою. На мінах падрываліся дзеці. Спачатку мы жылі ў падвале, а потым у зямлянцы. Вайна – гэта вельмі цяжка.
 
Цётка Вольгі была медсястрой на фронце і пераказвала будучай мастачцы, што там адбывалася. Уласныя ўспаміны пра вайну і расповеды цёткі сталі сюжэтамі для вышыўкі.
 
Падлеткам Вольга пайшла працаваць у саўгас, а потым выйшла замуж. Калі ёй было 33, муж вырашыў паехаць працаваць у лестрансгас у Расію. Разам яны пераехалі ў пасёлак Пена ў Цвярской вобласці.

 

 

Як прыйшла да мастацтва

 

Вышываць Вольгу навучыла бабуля, аднак усур’ёз мастачка пачала займацца рукадзеллем толькі на пенсіі.

– Мая маладосць прайшла на ферме ў Беларусі. Тады ўсе былі ў працы, на іншае проста не хапала часу: трэба было сачыць за гаспадаркай.

Памятаю, як у 1955 годзе я перамагла ў сельскагаспадарчым конкурсе. На ферме за мною было замацавана 30 свінаматак. Пад кожнай атрымалася выгадаваць па 12 парсючкоў. І гэта быў рэкорд! Мы вазілі з Беларусі паказваць парсюкоў на сельскагаспадарчую выставу ў Маскве.

Пасля смерці мужа я не стала бедаваць, бо трэба было неяк жыць. Пайшла ў хор ветэранаў і занялася вышыўкай.

Вольга дасылала працы на конкурсы. У 2007 годзе яе работы ўпершыню ўзялі на раённую выставу, потым адзначылі на выставах і конкурсах ваеннай вышыўкі ў Маскве. Тэхніка вышыўкі ў Вольгі досыць рэдкая – суровай ніткай па мешкавіне.

 

 

«Галерэя ўсяго» ў Лондане

 

Летась лонданская «Галерэя ўсяго» (The Gallery of Everything) прапанавала Вользе Францкевіч зрабіць выставу ў Вялікабрытаніі. Знайшлі яе так: брытанская галерэя пастаянна ў пошуку новых мастакоў і мастачак. Апошнія дзесяць гадоў галерэя супрацоўнічае з арт-менеджаркай Аленай Дэвіс у Маскве. Яна і параіла брытанскаму куратару звярнуць увагу на працы Вольгі.

«Галерэя ўсяго» – ініцыятыва брытанскага куратара Джэймса Брэта. Гэта першая ў свеце галерэя раней не вядомых мастакоў ды мастачак і самавучак.
 
«Мы не працуем як класічная галерэя, – кажа Джэймс. – У нас няма асістэнтаў-мастацтвазнаўцаў. Арт-рынак не мае да гэтага ніякага дачынення. Гэта не камерцыйны праект, мы проста паказваем гэтых мастакоў. Але часам атрымліваецца, што імі цікавіцца і рынак».
 
Тэхніка вышыўкі існуе ўжо дзясяткі тысяч гадоў. Аднак толькі ў 20-м стагоддзі тэкстыльнае мастацтва перажыло рэнесанс і стала на адзін узровень з іншымі арт-формамі. Як кажа Джэймс, тэкстыльнае мастацтва цяпер – на піку папулярнасці.

Працу Вольгі запосціў у сваім Instagram вядомы амерыканскі арт-крытык Джэры Зальц.

 


«Вольга літаральна “вышывае” ўласную гісторыю. Кожная яе праца мацнейшая за папярэднюю. Натуральна, яна новая мастачка, і пакуль яшчэ зусім не вядомая шырокай аўдыторыі. Аднак мы атрымліваем пазітыўныя водгукі ад вядомых куратараў з Еўропы і ЗША, ад мастакоў і арт-крытыкаў. Мы ўжо нават атрымалі запыты ад іншых галерэй, якія хочуць уключыць працы Вольгі ў калектыўныя выставы», – кажа Джэймс.


Выстава ў Лондане для Вольгі – першая за межамі Усходняй Еўропы. У Беларусi яе работы яшчэ не выстаўляліся.

 

Фота: tverlife.ru, The Gallery of Everything, GalleriesNow