Усіх няўрымслівых запрашаюць на «Валанцёрскі фэст 2019»

25 жніўня, у нядзелю, у Культ. цэнтры «Корпус» адбудзецца «Валанцёрскі фэст 2019», які ладзіць моладзевая арганізацыя «РАДА». Гэты фэст – выдатная магчымасць для тых, хто хоча рабіць нешта карыснае і патрэбнае людзям, пачаць нарэшце гэта рабіць.

 

 Як усё адбываецца? 

  Выбіраеш у спісе ініцыятыву, якая блізкая табе прынцыпамі і сэнсамі.

  Рэгіструешся на мерапрыемства.

  Прыходзіш да 12:00 часоў у «Корпус».

  Спрабуеш сабе ў ролі валанцёра(-кі).

 

 А што трэба ўмець? 

Ну, напрыклад, дызайніць, SMM-іць, піярыць, праграмаваць, фандрайзіць, фоткаць, складаць тэксты ці іх перакладаць. Але нават калі ў цябе няма нейкіх выбітных скілоў, аднак ты актыўны і неабыякавы чалавек, то цалкам верагодна, што ты ўвальешся ў валанцёрскі рух.

 

 Што будзе на фэсце? 

Ініцыятывы і арганізацыі прэзентуюць сябе. Новаспечаныя валанцёры паваланцёраць. Тыя, хто жадае паспрабаваць сябе ў мастацтве дэбатаў, змогуць зрабіць гэта з дапамогай рабят з «ДысКУТа». Увечары будзе музыка: за вяртушкі ўстане сам Papa Bo Selektah. Падчас фэсту будзе дзейнічаць рэлакс-рум.

 

 Што кажуць тыя, хто там бываў(-ла)? 

 

Сахарок

«Я прымала ўдзел у першым "Валанцёрскім фэсце" ў 2017 годзе і заўсёды рэкамендую ісці на яго, таму што, чым бы чалавек не цікавіўся, ён знойдзе для сябе нешта новае, няхай гэта будзе новая дзейнасць, любімая арганізацыя або тэма, якая раней здавалася не для цябе. Прыходзь і дапамагай, будзь супергероем або супергераіняй свайго горада разам з “РАДА!”».
 

 

Сабіна Аліева

«Я прымала ўдзел у двух валанцёрскіх фэстах ад “РАДА” ў 2017 і 2018 годзе, валанцёрыла ў Культ. цэнтры “Корпус” і ў Youth Labour Rights. У 2017-м мне вельмі запомнілася тое, як з Машай з “Корпуса” і астатнімі валанцёркамі мы цягнулі нейкую велізарную ўстаноўку, паказалі клас хлопцам. А ў 2018-м я знайшла арганізацыю, у якой мне камфортна, YlaR ўжо як сям'я.
 
Ва мне змянілася вельмі многае дзякуючы таму, якіх людзей я сустрэла на гэтых фэстах. Рабят, калі вы ў пошуках саміх сябе, то гэты фестываль – выдатная магчымасць паспрабаваць сябе ў такім спектры арганізацый, што я ўжо вам зайздрошчу».

 

 

 Дэталі: 

Уваход на фэст вольны.

Рэгістравацца трэба тут.

Праграма фэста вось.