Працягваецца набор на лабараторыю пісьма «Карані \ Лісце»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.09.2023
- 2847
17 верасня стартуе лабараторыя дэкаланіяльнага пісьма «Карані \ Лісце». Тут чакаюць жанчын, транс і небінарных людзей з Беларусі, якія жадаюць стварыць свае тэксты ў полі фемінісцкіх ідэй.
Лабараторыю арганізуюць архіў фемінісцкага пісьма «Расцяжэнне» і літаратурны зін «Фігуры». Пачытаць архіў можна тут, зін – тут.
Падчас восеньскіх і зімовых сустрэч прапануюць сфакусавацца на тэме дэкаланіяльнага пісьма, абмеркаваць пытанні мовы і культуры, уплыву імперый на гістарычную памяць, а таксама парэфлексаваць над сямейнымі наратывамі. І – па магчымасці, канешне, – напісаць свой тэкст.
Мовы пісьма: беларуская і руская. Форма, жанр, фікшн або не – гэта не мае значэння. Ці пісалі нешта раней – таксама не прынцыпова. Да таго ж, у анонсе падкрэсліваюць, што вучыць пісаць на лабараторыі не будуць, бо пісаць умеюць усе. Каб зразумець, ці падыходзіць табе фемінісцкае пісьмо ўвогуле, можна арыентавацца на гэта апісанне: «У рамках фемінісцкага пісьма асэнсоўваюцца тэмы жаночай* сэксуальнасці, цялеснасці і фізіялогіі, гвалту, насалоды, сэксу, палітычнага ўдзелу, сям'і, рамантычных і сяброўскіх адносін, хваробы ці страты, спосабаў гаварэння і пісання пра досвед гістарычна выключаных груп і шмат чаго іншага».
Удзельніц і ўдзельнікаў «Карані \ Лісце» чакаюць 14 сустрэч з тымі, хто ўжо распрацоўваюць фемінісцкае і дэкаланіяльнае пісьмо. Гэта будуць паэткі(-ы) і пісьменніцы(-кі) з Беларусі, Сакартвела, Казахстана, Кыргызстана, Татарстана і Арменіі. Сярод іх – Ганна Янкута, Вольга Гапеева, Юля Цімафеева.
Дамашнія заданні будуць, фідбэк – таксама. Але ўсё гэта ў вольнай форме, па жаданні. Для падтрымкі ў пісьменніцкім працэсе, які можа быць няпростым праз крананне траўматычных тэмаў, на «Карані \ Лісце» прапануюць бясплатныя псіхалагічныя кансультацыі анлайн.
Найлепшыя тэксты, напісаныя на занятках, пойдуць у друк. Тыя, хто жадаюць застацца ананімнымі, змогуць гэта зрабіць і падчас заняткаў, і ў момант публікацыі.
Удзел у лабараторыі бясплатны. Заяўкі прымаюць да 11 верасня.