Дзе студэнтам і студэнткам падзарабіць летам?
- Рубрыка: ВАКАНСII
- 10.06.2019
- 7130
Каб зганяць на круты еўрапейскі фэст ці іншым спосабам аздобіць летнія канікулы, табе спатрэбяцца грошы. Вядома, можна чапляцца за стыпендыю або клянчыць нешта ў бацькоў, але мы раім зарабляць самастойна. Трымай пачак вакансій, да якіх ты можаш прыступіць без шматгадовага вопыту за плячыма.
Барыста
Азірніся вакол: кавярні тырчаць з кожнага закутка. Адны ўстановы прасоўваюць кававую культуру, іншыя проста забяспечваюць насельніцтва кафеінам, але аб'ядноўвае іх адно: тут заўсёды патрэбныя людзі, якія будуць разліваць напоі па кубках. Прафесіі барыста цябе могуць навучыць на спецыялізаваных курсах або ў самой кавярні. Мы знайшлі некалькі вакансій, дзе асновы рамяства ты асвоіш на месцы за пару дзён.
У «Депо» на Кастрычніцкай шукаюць кухара-барыста. Досвед працы не патрабуецца, а вось любоў да людзей, жаданне вучыцца і гатоўнасць да вялікага аб'ёму працы – абавязковыя.
Wake Up Coffee на Харужай шукае памочніка(-цу) барыста. Кампанія прапануе поўны курс навучання гатоўцы кавы і ўзаемадзеянню з гасцямі. Графік працы тут будзе гнуткі: 20-40 гадзін у тыдзень. У будучыні можна выйсці і на поўную стаўку.
«Перспектива. Кофе» таксама мае патрэбу ў памочніку(-цы) барыста. Працаваць трэба на Зыбіцкай: з цябе – работа з касай, узаемадзеянне з гасцямі і дапамога ў гатаванні, з кавярні – навучанне ў школе барыста, сістэма бонусаў і заработная плата ад 350 BYN.
Адміністратар(-ка)
Адміністратары патрэбныя ўсюды – ад фінтэс-цэнтраў да аніматарскіх пляцовак. Звычайна адміны выконваюць адразу некалькі задач ды спрабуюць эфектыўна фіксіць праблемы, якія ўзнікаюць то тут, то там. Вакансій дастаткова, мы адабралі самыя цікавыя.
Калі не хочаш расставацца з гульнямі нават на працы, станавіся адміністратарам кансольнага клуба. Трэба шарыць у Sony Playstation 4, кантактаваць з кліентамі і працаваць з сацыяльнымі сеткамі кампаніі. Абяцаюць заробак да 1200 BYN, афіцыйнае працоўнае афармленне і адэкватны дыялог з кіраўніцтвам.
На перыяд II Еўрапейскіх гульняў кампанія Bytechs.by. шукае сістэмнага адміністратара. Трэба ўстараняць непаладкі ў офіснай тэхніцы і кіраваць аперацыйнымі сістэмамі. Аплата пагадзінная – 5,5 BYN на рукі, а за ўвесь час менскіх ігрышчаў ты зможаш зарабіць 880 BYN.
Паспрабаваць сябе ў якасці адміністратара хостэла можна ў Hostel Trinity. Будзеш прымаць заяўкі па пошце і тэлефоне, весці справаздачнасць у Excel, засяляць гасцей. Твой гендар і адукацыя не маюць ніякага значэння: важныя базавыя веды ПК і англійскай мовы, камунікабельнасць ды ўменне пераключацца паміж задачамі.
Клінер(-ка)
Уборкай, якой ты перыядычна займаешся ў сябе дома, можна зарабляць. І не трэба з агідай думаць пра бляшанае вядро і драўляную швабру: у некаторых клінігавых сэрвісаў абсталяванне падобнае да трансформераў, а заробкі параўнальныя з тэсціроўшчыцкімі. Пры гэтым парог уваходжання ў прафесію досыць нізкі.
Сэрвісу GetClean, які спецыялізуецца на ўборцы прыватных кватэр, патрэбны майстар-клінер. Асноўныя задачы: навядзенне чысціні ў кватэры, мыйка бытавой тэхнікі і чыстка пасля генеральнага рамонту. Узнагароджанне: навучанне за кошт кампаніі, страхаванне, зарплата ад 750 BYN. Плацяць пасля кожнай уборкі: іх за тыдзень трэба выканаць мінімум чатыры.
У Менск прыходзіць рэстаран Black Star Burger, а разам з ім – вакансія прыбіральніка. Досвед працы не патрабуецца, трэба мыць посуд і падтрымліваць рэстаран у чысціні. У якасці плюшак – зарплата ў 600 BYN, графік 2/2 і самая «мощщная команда».
Прыбіральшчыкам адкрыты дарогі нават у IT-індустрыю. Так кампанія Wargaming шукае клінера ў свой бізнэс-цэнтр: неабходна падтрымліваць у чысціні плошчу ў 600-800 кв. м. У абмен на працу абяцаюць дэмакратычную атмасферу, гнуткі графік і канкурэнтную зарплату, абароненую ад інфляцыі. Тут, праўда, чакаюць ад кандыдатаў гадавы вопыт працы, але раптам ты ўжо не зялёны(-ая) у гэтай справе.
Кур'ер(-ка)
Калі ты не можаш усядзець на месцы, звярні ўвагу на вакансію кур'ера. Квэсты тут простыя: перамясціць груз з пункта А ў пункт Б, узброіўшыся ветлівасцю, пунктуальнасцю і асцярожнасцю. Грузы бываюць розныя, метады дастаўкі – таксама. Мы адабралі самае цікавае.
Сушыльня «Суши Вёсла» шукае пешага кур’ера, які будзе дастаўляць а-ля японскія прысмакі ў дамы і офісы ў крокавай дасяжнасці ад пункта выдачы на Лібкнехта. Прапануюць афіцыйнае ўладкаванне, графік 2/2, дадатковыя бонусы на сілкаванне. Заробіш тут столькі, колькі даставак выканаеш: дзесьці ад 400 BYN.
Не падабаецца грамадскі транспарт – перасаджвайся на ровар. Сетцы фаст-фуду Easy Soup патрэбны кур’ер, які вандруе на ровары, гіраскутары або скейтбордзе. Задачы такія: дастаўляць заказы і прэзентаваць кліентам прадукцыю Easy Soup. Калі заказаў няма, табе прыйдзецца дапамагаць калегам у кафэ, за гэта свеціць бясплатнае навучанне і заработная плата да 1000 BYN. Добрыя навіны: можаш выбраць частковую занятасць і ў будучыні сумяшчаць вучобу з працай.
Калі ў цябе ўжо ёсць вадзіцельскае пасведчанне, звярніся ў Domino's Pizza: яны шукаюць кіроўцу-кур'ера, які будзе развозіць піцу ў начны час. Пагадзінная аплата і выручка за кожную дастаўку, прэміі і даплаты за безаварыйны стаж кіравання – такія бонусы чакаюць цябе за прывоз піцы і дадатковую працу ва ўстановах кампаніі.
Рэдактар(-ка)
У некаторых выпадках да рэдактара не трэба дарастаць – ім можна стаць у адзін момант. Трымай тры вакансіі, на якіх табе прыйдзецца ствараць кантэнт і рэдагаваць чужыя тэксты.
Кампанія «Трансимпериал» адкрывае вэб-сэрвіс для сферы грузаперавозак, таму пашырае свой штат і шукае рэдактара. Разглядаюць кандыдатаў і без вопыту працы – важна толькі профільная журналісцкая адукацыя і жаданне працаваць. Працаваць трэба з 09:00 да 18:00 пяць дзён на тыдзень: пісаць артыкулы, рэпартажы і агляды, ствараць навіны, рэдагаваць тэксты і шукаць візуальныя матэрыялы.
Жаночы партал Velvet.by прапануе аплачвальную стажыроўку. Працаваць трэба будзе з медыякантэнтам і сацыяльнымі сеткамі. Працягласць стажыроўкі – тры месяцы. Плюсам для кандыдата/кандыдаткі будзе наяўнасць профільнай адукацыі: журналісцкай ці філалагічнай. Адклікайся на вакансію аповедам пра сябе, спісам СМІ/блогаў, з якіх любіш пачынаць дзень, і спасылкамі на асабістыя сацсеткі.
Службе дастаўкі ежы Menu.by патрэбны кантэнт-рэдактар, здольны напаўняць сайт разнастайнай інфармацыяй. Веданне англійскай і беларускай мовы неабходнае – будзеш займацца перакладамі меню. Афіцыйнае афармленне ў кампаніі пачынаецца з першага дня, зарплата – 400 BYN.
Афіцыянт(-ка)
Праца афіцыянтам – сапраўдная студэнцкая класіка. Яе можна ўспрымаць як прыступку на кар'ернай лесвіцы або як самастойную прафесію, здольную расцягнуцца на ўсё жыццё. Гэта ўжо табе вырашаць.
Пачаць сваю кар'еру ў грамадскім харчаванні можна з пасады памочніка афіцыянта ў рэстаране-бровары «Сябры». Табе забяспечаць заробак у 500 BYN, графік 2/2 і навучальны курс «Гасцінны сэрвіс». Наўзамен трэба будзе рыхтаваць установу да адкрыцця/закрыцця і абслугоўваць гасцей.
Вакансія афіцыянта выхаднога дня ў пякарні Brioche Paris – ідэальны варыянт для тых, хто хоча зарабіць грошай, не праводзячы ўсё лета на працы. Заробак стартуе ад 200 BYN, затое з’яўляцца тут трэба ўсяго два дні на тыдзень: у суботу і нядзелю. Задачы класічныя – камунікаваць з гасцямі і бойка прадаваць прысмакі.
Цяпер у Underdog можна не толькі вячэраць, але і працаваць. Афіцыянтам тут прапануюць штодзённае навучанне, кар'ерны рост і зарплату ў 1000 BYN. Дарэчы, чытай па спасылцы гісторыю самелье Underdog, магчыма, хутка будзеце ў адной камандзе.
Вiзуал: relax.by, fellowproducts.com, ozonecoffee.co.nz