«Грэмі» і выступ цяжарнай Беёнсэ, новы кліп Moby, фабрыка фэйкавых навін у Македоніі – глядзім, што яшчэ ўрывалася ў нашыя медыйныя стужкі і вартае тваёй увагі.
Хайп тыдня:
На мінулым тыдні добры шматок медыйнай увагі быў прыкаваны да 59-й цырымоніі «Грэмі». Як і кожны год, мы скрыжоўваем пальцы за найбольш прасунутыя музычныя праекты, але, акрамя намінацыі Best Dance/Electronic Album, якую ўзяў Flume замест, напрыклад, Underworld ці Жан-Мішэля Жара, у нас прэтэнзій няма. Лепшы новы артыст – Chance The Rapper (хаця, на нашую думку, Anderson .Paak быў больш новым артыстам у 2016-м), лепшы выступ поп-гурта – Twenty One Pilots (барані божа напісаць «21 Pilots»), некалькі рок-намінацый для нябожчыка Боўі, Саланж са сваім упэўненым соўл-вакалам, заслужаная ўзнагарода для смешных танцаў Дрэйка. Ну і, канешне, Адэль, якая ўзяла пяць намінацый з пяці. Але, тым не менш, галоўны цвік праграмы – Беёнсэ, якая хоць і атрымала толькі дзве намінацыі, але ўразіла ўсіх сваім выступам: цяжарная двайнятамі, у касцюме Багародзіцы, у таямнічай праекцыі на дзіўным механічным крэсле. Карацей, глядзі сам(-а) (так, дарэчы, нармальнай якасці ва ўсім інтэрнэце не адшукаць).
Артыкул тыдня:
Амерыканскі slow media часопіс Wired падрыхтаваў падробны інвестыгейшн пра фабрыку фэйкавых навін у Македоніі. 18-гадовы хлопец пад выдуманым імем Барыс на працягу прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША посціў фіктыўныя навіны пра крымінальнае абвінавачванне Хілары Клінтан ці пра ўхвалу Трампа Папам Рымскім, якія мелі шалёную папулярнасць у Штатах. Скеміўшы пра фінансавую прывабнасць такіх матэрыялаў, ён кінуў школу і арганізаваў цэлую індустрыю фэйкавых навін, якая склала каля 100 пратрампавых сайтаў, і зарабіў за чатыры месяцы $16 000. Як краіны з маруднай эканомікай уключаюцца ў глабальны рынак, на якіх пазіцыях і якую гэта нясе небяспеку – феномен постпраўды на далонях у гэтым артыкуле.
Фраза тыдня:
Мілая і такая шчырая рэакцыя Дар’і Домрачавай на срэбра ў нядзельнай гонцы пераследу на Чэмпіянаце свету па біятлоне ў аўстрыйскім Хохфільцэне. Чаго ўжо тут падбіраць выразы – гэта сапраўды трыумф: зноў быць на п’едэстале пасля такога доўгага перапынку.
Кліп тыдня:
У Дзень святога Валянціна Мобі са сваім гуртом The Void Pacific Choir выпусціў новы кліп на трэк A Simple Love пра тое, што свінкі – нашыя сябры, а не ежа. У роліку паказаныя парасяты і мітынгі абаронцаў жывёл з заклікамі не забіваць свіней. Некаторыя кадры, якія ўвайшлі ў відэа, былі знятыя ў прытулках для жывёл зааабарончай арганізацыяй Farm Sanctuary. Гэтых свінак удалося выратаваць з жывёльных бойняў. «Гэтае музычнае відэа – мая валянцінка жывёлам і ўсім тым, хто іх любіць і ратуе», – каментуе Мобі ў прэс-рэлізе. Мобі – знаны веган і абаронца жывёл. Ён таксама аўтар саўндтрэка да культавага дакументальнага фільма «Зямляне», які атрымаў шэраг кінематаграфічных узнагарод.
Выхадка тыдня:
Чувак пераканаў ахоўніка клуба прапусціць яго ў віп-зону на канцэрце The Sherlocks у Манчэстары, паказваючы на артыкул у «Вікіпедыі», які ён сам жа папярэдне адрэдагаваў. Згодна з яго праўкамі, ён стрыечны брат фронтмэна і наогул натхняльнік іх галоўнага хіта. Ну, хто тусаваўся ў Еўпаторыі з Міхалком?
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.