Улоў #4

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 11.03.2017
  • 9972

Канешне, галоўнымі топікамі мінулага тыдня сталі 8 Сакавіка і грандыёзны выступ BRUTTO на «Менск-Арэне», але мы з лёгкасцю знайшлі для цябе яшчэ парачку медыйных дыяментаў. Новы кліп Дорна, музычны фестываль Gorillaz і «галоўнае дасягненне беларускага футбола 2017-га» – у тыднёвым дайджэсце ад 34mag.

 

 

Музычная навіна тыдня:

 

 

Вялікія камбінатары аб’явілі дату свайго выступу – першую за 6 год – і не на нейкіх там «Гластанбэры» з «Каачэлай», а на ўласным фестывалі Demon Dayz у брытанскім Маргіце, графства Кент. Івэнт адбудзецца 10 чэрвеня, продаж квіткоў стартаваў учора і скончыўся солд-аўтам за 2 гадзіны. Дарэчы, у студзені выйшаў іх свежанькі кліп Hallelujah Money, а летам музыкі плануюць выпусціць новы альбом, з якім, мы спадзяемся, яны заедуць і на «Басовішча».

 

 

 

 

Кліп тыдня:

 

 

На днях Іван Дорн пульнуў першы англамоўны сінгл і кліп з новага альбома, у якім ён апявае прастытутак і (спойлер!) становіцца адной з іх. Кліп здымаў малады і таленавіты фільмэйкер з Казахстана Айсултан Сеітаў. Хочаш больш падрабязнасцяў? Вось міні-док пра запіс альбома ў LA.

 

 

 

 

Артыкул тыдня:

 

 

Вялікае даследаванне нью-ёркскага монатэматычнага часопіса Refugees Deeply на тэму сучасных спраў мігранцкага крызісу ў Грэцыі. Аўтары кажуць, што з 2015 года краіна атрымала амаль мільярд даляраў у якасці фінансавай падтрымкі, што стала самай дарагой гуманітарнай кампаніяй у свеце: пры належным размеркаванні на кожнага ўцекача прыходзілася б па $ 14 тыс. Але праз бязвольнасць уладаў 70% гэтых сродкаў папросту знікаюць у паветры. Чаму часам грошы прыносяць больш шкоды, чым карысці, і чаму ўлады Грэцыі тармазяць вырашэнне крызісу – павольнае чытво на выходныя.

 

 

 

Краўдфандынг тыдня:

 

 

Хлопцы з амбіцыйнай футбольнай каманды «Расток» з Жабінкі вельмі хочуць гуляць у гэтым сезоне, але пакуль што не закрылі доўг перад федэрацыяй футбола за мінулы год. У «Растка» ёсць і дзіцячыя гурты, яны праводзілі турнір для дзяцей з дзіцячых дамоў. Няма перашкодаў, каб не дапамагчы пацанам.

 

 

 

 

Ветэран тыдня:

 

 

35-гадовы беларускі футбаліст Цімафей Калачоў, які цяпер перажывае другую маладосць, правёў у складзе «Растова» бліскучы матч супраць «Манчэстар Юнайтэд», выдаў галявую перадачу і паспеў паслаць куды падалей Жазэ Маўрынью – аднаго з самых дарагіх футбольных трэнераў у свеце. Галоўрэд «Трыбуны» Алег Гаруновіч нават назваў гэта «галоўным дасягненнем беларускага футбола ў 2017 годзе». Што асабліва прыемна, сяброўства і прафесіяналізм перамаглі – пасля гульні беларускі ветэран і знакаміты коўч абняліся і нават пра нешта коратка перацёрлі.

 

 

 

 

Трэк тыдня:

 

 
 
Брытанскія індзі-рокеры alt-J на гэтым тыдні выпусцілі першы сінгл з новага альбома Relaxer, выхад якога запланаваны на чэрвень 2017-га. Атрымліваем асалоду разам!

 

 

 

Тэкст by Sheeborshee, Oro Uostas і Manaxrom