Купальскі «Варушняк» будзе віраваць 24 гадзіны
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.06.2024
- 2072
29 чэрвеня ў Варшаве зноў пройдзе Varušniak, і гэтым разам ён будзе двойчы святочным: па-першае, каманда адзначыць першую гадавіну тусоўкі, а па-другое, фэст прыпадае на Купалле.
Праграма купальскага «Варушняку» распісаная на 24 гадзіны бесперапыннага віравання ў кампаніі добрых людзей. Дзённая частка арыентаваная на аматараў сямейнага адпачынку, ноч абяцае быць цікавай для самаадданых рэйвераў.
Як Varušniak выглядаў летась – можна паглядзець на YouTube. Сёлета на фэсце зайграюць болей за 40 артыстаў і асаў дыджэінгу, сярод якіх – Ягор Забелаў, SPIEVY, Shuma, KOOB, Насця Рыдлеўская, Chornabrova, Эміль Зянько і былы рэдактар 34mag KorneJ. Летні дэнс зладзяць кракаўскія рабяты, вядомыя сталым праектам беларускага пікніка «Летуцень». Начное тэхна арганізуе тусоўка Campderschein (раней – «Ззянне»), галоўнай зоркай тут будзе берлінскае тэхна-дуа Schwefelgelb.
Акрамя музыкі ў праграме:
карагод пад адкрытым небам,
урок купальскіх спеваў,
дзіцячыя забаўкі ў бярозавым гаі,
арт-маркет і часовыя арнамент-тату,
майстар-класы, вянкі, кветкі і флірт-гульні,
ежа, піва, ліманады.
«Заварушым разам Варшаву ў Купальскую ноч, – запрашаюць арганізатары, – самую магічную і сэксуальную ноч у гісторыі Беларусі. Менавіта на Купалле здараюцца цуды паміж людзьмі і прыродай».
Калі: з 12:00 29 чэрвеня – да 12:00 30 чэрвеня
Дзе: Rejs Klub
Квіткі – тут
Фота: klacayu_po_fotiku