Краўдфандынг дня: кніга пра Шагала, Суціна, Цадкіна для дзяцей
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.10.2018
- 12415
Падрыхтаванае да друку новае выданне пра сусветна вядомых мастакоў-суайчыннікаў у калабарацыi са знакамiтымi пiсьменнiкамi Беларусі. Кніга «Мастацтва Беларусi ХХ стагоддзя. Парыжская школа» для дзяцей – гэта выдатная магчымасць у самым далікатным узросце прышчапіць гонар тымі, кім варта ганарыцца.
Кніга распавядае пра беларускіх мастакоў, якія прадстаўлялі Парыжскую школу нароўні з Пабла Пікаса і Амадэа Мадзільяні. Размова ідзе пра Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Файбiша-Шрагу Царфiна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя.
Выданне складаецца з карцін, ілюстрацый, казак, вершаў і гульняў. Можна лічыць яго прасунутым падручнікам па гісторыі мастацтва з сучасным падыходам да засваення інфармацыі ў займальнай форме. За такі падгон табе будуць удзячныя і твае малыя, і твае знаёмыя, у якіх ёсць дзеці.
Ёсць як мінімум чатыры прычыны зрабіць перадзамову выдання. Гэтыя прычыны на сваёй старонцы ў Facebook пералічыла аўтарка гульняў Сафія Садоўская:
1. Драйв. Мы вельмі любім беларускае мастацтва. Але яшчэ мы разумеем: ніхто не абавязаны любіць і ведаць нашых мастакоў. Гэта ж асабісты выбар. Іншае пытанне: чаму ж не ведаць, калі гэта весела і цікава, калі мастакі аказваюцца казачнікамі і яшчэ дапамагаюць фантазіяваць, маляваць і крыху хуліганіць рабятам, якія кнігу чытаюць.
2. Партызанінг. Упадабаная нацыянальная тактыка. Бацькі, мы ведаем, што, пакуль вы чытаеце сваім дзецям гэтыя казкі і вершы, вы і самі даведваецеся шмат цікавага аб нашым мастацтве.
3. Кайф. Вы памятаеце гэта цудоўнае, наэндарфіненае пачуццё пазнавання мастака, карціны, асабліва дзесьці ўдалечыні ад дому, у музеях Парыжа або Нью-Ёрка. Оп, мы ведаем, ды яшчэ задавальненне ад ведаў атрымліваем! Мама, тата, цукеркі можна схаваць у шафу, пайшлі ў музей па задавальненне.
4. Вяртанне каштоўнасці імёнам. Гэта сур'ёзная і важная для нас частка – удзел у фарміраванні прасторы памяці.
Казкі для праекта напісаў Адам Глобус, за вершаваную частку адказвалі Андрэй Хадановіч і Лявон Вольскі, а задызайніў гэтае цудоўнае выданне Bazinato.