Улоў #7

Працягваем вывуджваць з сеціва цікавыя і значныя падзеі мінулага тыдня. Фотасток з медсёстрамі, камін-аўт ветэрана Другой сусветнай і музычная акцыя салідарнасці пад Акрэсціна – «Улоў» табе ў хату.

 

 

Дзіўная знаходка тыдня:

 

 

Пачнем наш агляд медыйнага невада са знаходкі, якая збівае з паўсядзённага панталыку не менш, чым сабаку, які на шпацыры выпадкова з’еў касяк. Японскі сайт па пошуку працы для медсясцёр адкрыў вельмі спецыфічны фотасток. Калі ты шукаеш выяву для рэкламы дастаўкі піцы медсёстрамі праз ліўневую каналізацыю ці рыхтуеш матэрыял пра медсясцёр-аўтастопшчыц, то вось ён – твой візуальны эльдарада. Сярод іншых, не менш торкнутых сюжэтаў: 10 гадзіннікаў на руках медсястры, пацыент назірае, як медсястра трубіць у марскую ракавіну ці грае ў палаце ў баскетбол.

 

 

 

 

Навінка тыдня:

 

 
30 сакавіка Telegram запусціў функцыю галасавых вызаваў. Цяпер ты можаш не толькі перадаваць інфармацыю дзяржаўнай важнасці ў сакрэтных чатах, але і бяспечна абмяркоўваць дэталі аперацыі – усе званкі зашыфраваныя. Сэрвіс запусціўся як вірусная акцыя: каб падключыць паслугу, неабходна, каб табе патэлефанаваў той, у каго ўжо гэтая паслуга ёсць.
 

 

 

Рэсайклінг тыдня:

 

 

Кулібін ХХІ стагоддзя Ілан Маск і яго кампанія Space X на днях ажыццявілі сапраўдны прарыў у касмічных справах. Яны ўпершыню запусцілі ў беспаветраную прастору ракету, якая ўжо лятала туды раней. Дагэтуль колькі разоў яны саджалі першую ступень ракеты на плывучую платформу – яна падала. Але ў выніку атрымалася. Прыйшоў час паказаць, што ракета – ледзь не рэйсавы аўтобус.

 


 

 

 

Артыкул тыдня:

 

 

На TJournal выйшаў перакладны артыкул пра камп’ютарныя гульні, якія прысвечаны тэкстынгу. Падавалася б, што ў іх можа быць цікавага? А ты ўяві, што можна ўступіць у перапіску з астранаўтам ці адчуць сябе работнікам Карэйскай разведвальнай службы, тэлефон якога таксама спрабуюць узламаць. Інтэрфейсы гульняў выразна перадаюць адчуванне, што гэта адбываецца з тваім рэальным смартфонам. Арыгінальны матэрыял шукай на The Verge.

 

 

 

Камін-аўт тыдня:

 

 

Яшчэ з трох гадоў Патрысія Дэвіс ведала, што нарадзілася не ў тым целе. Яна прайшла Другую сусветную вайну, ажанілася ў 21 год і толькі ў 60 распавяла жонцы пра сваю трансгендарнасць. Чаму вырашала аб’явіць публічна пад старасць? «Я адчуваю, як з маіх плеч здымаецца цяжар. Я жыла ў хлусні. Канешне, 100% гарантыі бяспекі няма, але цяпер атмасфера нашмат больш прыязная для такіх крокаў», – кажа яна.

 


 

 

 

Песня тыдня:

 

 

Акторы тэатра спяваюць пад сценамі турмы на знак салідарнасці з затрыманымі.

 


 

 

 

Кліп тыдня:

 

 

Гэтым разам кліп мы пакінулі на дэсерт. Прыгожыя танцы прыгожых людзей на тле ружовага заходу. Лакацыя падобная да Менска, але ж не – Лондан.

 


 

 
Улоў збіралі Sheeborshee i Manaxrom