Прыгожая гісторыя фільма Ugly
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 19.03.2018
- 7095
34mag не можа абысці любыя праявы антыэстэтыкі – мы заўсёды ў пошуку альтэрнатывы гладкаму малюнку. Таму наша ілюстратарка Даша Sheeborshee звязалася з аўтарам фільма Ugly Мікітам Дыякурам: у гэтых брыдкіх тэкстурах і персанажах жыцця больш, чым мы прывыклі бачыць у 3D-графіцы. Карціна ўжо аб'ехала літаральна паўсвету, а яшчэ Ugly – гэта гісторыя паспяховай кампаніі на Kickstarter.
Who is Nikita Diakur?
Мікіта Дыякур – аніматар, які нарадзіўся і да дзевяці гадоў жыў у Маскве. Вырас у Германіі, скончыў лонданскі каледж мастацтваў і дызайну Central Saint Martins. Цяпер жыве ў нямецкім Майнцы.
«Нядаўна вось мая сумка са штанамі Adidas у аэрапорце згубілася. Я так гараваў, – дзеліцца Мікіта. – Уся Германія ў спартыўкі пераапранулася пад уплывам моды на New East і бруталізм».
Усходнееўрапейскі бэкграўнд ты дакладна адчуеш у яго фільмах, нягледзячы на тое, што большую частку жыцця Мікіта пражыў у Германіі і Лондане. Усё ж такі дух рускага рэйву ў падваротні даецца ў знакі.
Давай зацэнім самую свежую працу Мікіты для амерыканскай праграмы AdultSwim, а потым грунтоўна пагаворым пра Ugly.
Ugly The Film
Фільм Ugly – гісторыя пра выродлівага ката. Што было раней: распрацоўка сюжэта або жаданне выкарыстоўваць такую графіку?
Гэта быў доўгі працэс у 4 гады. Некалькі гадоў я проста скетчыў, седзячы на плошчы, і думаў, як бы мне зрабіць фестывальны фільм з абмежаваным бюджэтам. Але канкрэтных ідэй не было. У канчатковым выніку я проста набраў у гугле «inspiration quotes» і знайшоў гісторыю, на якой і закруціўся сюжэт. Буду заўсёды цяпер так рабіць.
Ідэя фільма твая?
Так, гэта індзі-праект, які я задумаў рабіць адразу пасля вучобы і вяртання ў Германію. Вядома, на некаторых этапах мне дапамагалі розныя хлопцы. Так у сярэдзіне праекта над фільмам працавалі 10-12 чалавек. Фільм атрымаўся на 12 хвілін.
Раскажы пра тэхніку, у якой ты аніміраваў. Выглядае абсалютна ірацыянальна.
Так і ёсць. Я рабіў Ugly ў праграме Cinema 4D, і яна не прызначана для рэчаў, якія там дзеяцца. Анімацыя павінна быць цалкам пад кантролем аніматара, кожны маленькі рух. А ў нас часта ўсё жыве сваім жыццём і рухаецца рандомна – такая тэхніка бліжэй да live action. Гэтым, вядома, мы ўскладнілі сабе задачу, затое фільм выглядае нясумна. Падчас працы заўсёды атрымліваецца штосьці новае і нечаканае. Гэта быў выклік – кантраляваць увесь гэты зададзены хаос.
У адным з відэа я заўважыла, што вы джойсцікамі кіруеце машынамі. Што гэта наогул было?
Гэта быў эксперымент. У фільме мы не кіравалі джойсцікамі: гэта было б ужо занадта. Але гэта магло б стаць наступным крокам: сабралі б фільм у Unity, напрыклад. А так 3D-праграма не прызначана для таго, каб да яе далучалі джойсцікі.
«Я проста набраў у гугле "inspiration quotes" і знайшоў гісторыю, на якой і закруціўся сюжэт»
Звычайна працы ў 3D імкнуцца да дасканаласці: ідэальнае святло, тэкстура, рухі. Чаму, па-твойму, ugly-эстэтыка – гэта крута? Ці з'яўляецца пратэстам тое, што ты робіш?
Ха, ды ў мяне ўжо некалькі чалавек пыталі, ці з'яўляецца гэта пратэстам. Так, спачатку я таксама стараўся рабіць прыгожую графіку, як той жа Pixar. Такую карцінку цяжка, але ўсё ж можна зрабіць аднаму. А яшчэ гэта вельмі сумна, як па мне. Камп'ютары ўжо такія магутныя, што дома можна рабіць суперрэалістычныя анімацыі. А ў мяне быў пошук! Знайсці што-небудзь новае, новую тэхніку. Спачатку я збіраўся зрабіць абсалютна не эстэтычна, але ў нейкі момант намацаў межы нават у сябе. Пачаў выстройваць баланс паміж прыгажосцю і брыдкасцю. Напрыклад, вы заўважылі, якія ў Ugly прыгожыя захады сонца? Не горш, чым у Pixar!
Ugly backstage
Давай пра каманду! У фільме вельмі крутая музыка – распавядзі пра гэтых людзей у швэдарах ля сінтоў.
Гэта Седрык і Фелікс – мы з імі працавалі толькі ў пачатку фільма, але пасля стварэння тызеру разышліся. Вельмі таленавітыя тэхна-хлопцы. Далей я працаваў з Энрыкай – італьянкай, якая займаецца класічнай музыкай і жыве ў Лондане. Гэта яна стварыла індзейскую мелодыю з флейтай. Дэвід і Нікалас працавалі над астатнім гукам. Але ім усім было нялёгка са мной. Анімацыяй займаўся я сам, але ў мяне была практыкантка на паўгода, і яшчэ сябры час ад часу дапамагалі. Наогул пасля кампаніі на Kickstarter вельмі шмат людзей захацелі проста дапамагчы.
Дарэчы, пра Kickstarter. На якім этапе фільма ты пачаў кампанію?
На той момант ужо было гатова дзесьці 60%. О, гэта быў сапраўдны хаос, які доўжыўся чатыры месяцы. Цяпер я б запусціў кампанію ў канцы фільма, калі ўжо ёсць што паказаць.
Раскажы і пра сайт. Гэта ж асобны шэдэўр: укладка Spiritual wisdom і шрыфт, які выпадае.
Ха, я і Патрык яго прыдумалі, а Томі зрабіў праграмную частку. Хоць Патрык і мой кампаньён ва ўсім, але з некаторымі момантамі на сайце ён да гэтага часу не можа змірыцца. Паглядзі ў правы кут на press-kit. Гэта брыдкасць яго прам бесіць, а мне падабаецца (смяецца).
«Спачатку я збіраўся зрабіць абсалютна не эстэтычна, але ў нейкі момант намацаў межы нават у сябе»
Спіс паказаў і фестываляў кажа пра тое, што Ugly аб'ехаў увесь свет за мінулы год. Дзе было круцей за ўсё?
Заграб. Там я ўпершыню пабываў на фестывалі яшчэ ў часы студэнцтва. Проста родны горад, а яшчэ тады былі сілы на святкаванне. У Японіі было афігенна, у Паўднёвай Карэі, Канадзе. Імкнуся ўсюды ездзіць, куды клічуць. Калі сам не магу, то каманду адпраўляю. Усяго 92 фестывалі ў нас у скарбонцы. За год дакладна будзе 100!
Што далей, Мікіта?
Буду працягваць. Вось, напрыклад, цяпер для AdultSwim фільм зрабіў, потым MTV на чарзе. Стукнуцца ў VR хачу, папрацаваць з Game engine. Хутка паеду на рэзідэнцыю ў Вену і паспрабую пабудаваць інсталяцыю ў стылі Ugly. Яшчэ мы атрымалі фінансаванне на новы праект! Трэба прыдумаць, на што выдаткаваць грошы. Напрыклад, паедзем на пляж і здымем што-небудзь пра пляж.
Мікіта быў такі ласкавы, што дазволіў нам паказаць фестывальны Ugly ў Менску. Таму 22 сакавіка ў 19:30 мы будзем глядзець фільм у нашай утульнай прасторы .Punkt. Адрас – вуліца Кастрычніцкая, 23а (другі паверх).
Гэта кароткі метр, таму не спазняйся.
Уваход вольны
КАМЕНТАРЫ (2)
"Раскажы пра тэхніку, у якой ты аніміраваў. Выглядае абсалютна ірацыянальна"
Тут, верагодна, патрэбна слова "ірэальна", бо ірацыянальнасць зусім ні да чаго.
Добра было б пісаць тэксты з пэўным адчуваннем мовы)
Неа, тут иррационально и имелось в виду. С точки зрения классической анимации это так и есть.