Яна Галушкіна
Акварэль, акрыл, калаж, адбітак, графічны планшэт – чаго Яна толькі не выкарыстоўвае ў сваiм мастацтве. Яе ілюстрацыі – як стоп-кадр са сну, які ты забываеш пасля абуджэння. У сваім юным узросце мастачка ўжо атрымала поспех у кніжнай ілюстрацыі і цяпер штурмуе шафы моднікаў: менавіта на майках і сўітшотах зараз «плаваюць» яе акварэльныя акулы і пускаюць кветкі кактусы.
«Каб правільна перадаць настрой работ, я часта эксперыментую з колерам і кампазіцыяй. Каларыстыка – мой асноўны інструмент, каб найбольш дакладна адлюстраваць свае пачуцці і эмоцыі. Глыбіня колеру, інтэнсіўнасць, адценне, насычанасць, яркасць – усё гэта я старанна падбіраю і прапрацоўваю, каб на выхадзе атрымалася менавіта тое, што я бачу і адчуваю».
Саша Hade
У 2016-м гэты таленавіты стрыт-артыст трапіў у сотню лепшых мастакоў у Брысталі – на радзіме вядомага нам Бэнксi. На нашай Кастрычніцкай гэтак жа красуецца графіці з-пад рукі (і балончыкаў) Сашы. Але мастака не спыніць адной сценкай – ілюстрацыі Хадэ таксама пераўвасабляюцца ў стыкеры, аўтарскія фігуркі і асвяжаюць старонкі часопісаў.
«Каб з персанажа зрабіць нешта жывое, я пачынаю нанізваць на яго прыдуманую гісторыю, гронкі дэталяў і дробязяў, якія будуць раскрываць яго характар i звычкі. Калі гаворка iдзе пра сюжэтную ілюстрацыю, то наваспечаны герой трапляе ў прыдуманую сітуацыю або мы заспеем яго ў нейкі эмацыйна моцны момант. Пры ўсім гэтым, раздзімаючы працу дэталямі, адсылкамі ці складанымі эфектамі, важна не ўпусціць агульную ідэю, якая звяжа ўсе дробныя кавалачкі ў адно вялікае і адзінае цэлае».
Маргарыта Дабравольская
Тое, што дзяўчына чэрпае натхненне ад маці-прыроды, можна здагадацца па расліннай тэматыцы, якая суправаджае практычна кожную ілюстрацыю Рыты. А майстэрскае спляценне чорна-белых ліній і кропак злучае элементы ў адзіны пасыл.
«Важней за ўсё для мяне ў мастацтве, у сваіх і чужых работах, – гэта шчырасць. Нейкага канкрэтнага шаблону стварэння працы ў мяне няма, гэты працэс заўсёды хаатычны. Таму люблю працаваць без эскізаў, рабіць адразу “чыставік” і ў працэсе здзіўляцца ад таго, што атрымліваецца».
Іра Алюнiна
Лямпавыя і па-дзіцячы наіўныя карцінкі Іры пасля першага ж погляду пакідаюць максімальна далікатны прысмак: быццам ты скачаш па полі з вясёлкавымі поні. Вось кучаравы сабака разгойдваецца на драўлянам коніку, пасля – васьмiножак ласуецца воблачкамі. Ну як тут не растаць?
«Ілюстрацыя заваявала мяне тым, што адным малюнкам можна расказаць цэлую гісторыю, раскрыць персанажа. Гэта як фільм, толькі з аднаго кадра».
Ягор Keon
Гангста-стыль Кеона можна пазнаць за вярсту: тачкі, дошкі, гарматы – гэта ўсё пра яго. Маляванне ў Ягора ў прамым сэнсе ў крыві: ён не толькі з адукацыі мастак, але і пайшоў па творчых слядах бацькі. Часцяком хлопец пераганяе свае малюнкі ў анімацыю, а што з гэтага выходзіць – глядзі сам(-а).
Насця Малашонак
У Насцiных ілюстрацыях тэматыка казачнасці цесна суседнічае з сумнай задуменнасцю. Малюнкі, пададзеныя з элегантнай дзявочай рукі, хочацца доўга разглядаць, бо пачуцці яны выклікаюць неадназначныя. Насця актыўна займаецца дызайнам персанажаў і часцяком радуе сваіх шматлікіх падпісчыкаў у інстаграме свежымі ілюстрацыямі.
Max Lazar
Макс выбраў сваім галоўным палатном вінілавыя пласцінкі. Ён прызнаецца, што шчыра любіць як маляванне, так і музыку. Хлопцу падабаецца міксаваць яркія колеры і немудрагелістыя формы, што разам з вінілавым палатном задае аўтарскі панк-стыль.
Наташа Грабёнкіна
Ужо амаль з дзясятак гадоў Наташа штурмуе сваёй ілюстрацыяй розныя пляцоўкі: часопісы, дзіцячыя выданні, кнігі, настольныя гульні. Зараз дзяўчына працуе ў студыі «Саюзмультфільм». Спрытна спалучаючы акрыл, акварэль і аловак, Наташа выдае неверагоднай лёгкасці карцінкі. А на лагатыпы і афішы гэтай таленавітай лэдзі ты напэўна натыкаўся не адзін раз.
Падборачка семі беларускіх мастакоў, чые працы заражаюць і зараджаюць стваральная энергіяй.
Сем маладых беларускіх фатографаў, якія бамбяць свае кадры на мабілку і робяць з гэтага мастацтва.
Цяпер у Кіеве праходзіць эпахальная выстава ZBOR, якая падводзіць вынікі развіцця беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў. Адмыслова для беларусаў мы стварылі гайд па гэтым віртуальным музеі.
«Літаратура пра адчуванне часу тых, каго мы заўчасна страцілі».
Больш сінтоў і яскравыя калабы.
КАМЕНТАРЫ (1)
даа, иллюстраторы намного круче виджеев будут))