Tilda пачала блочыць старонкі з «палітычным» кантэнтам
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.01.2020
- 5420
Папулярны канструктар сайтаў Tilda заблакаваў на сваёй платформе старонку, прысвечаную «растоўскай справе». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Ростовское дело». Цікава, што пра блакіроўку загадзя не паведамлялася, сайт проста раптоўна «знік з радараў» інтэрнэт-карыстальнікаў. Прычына: палітычны кантэнт.
Што такое «растоўская справа»?
У кастрычніку суд у Растове-на-Доне прысудзіў 19-гадовага Яна Сідарава да 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму, а 23-гадовага Уладзіслава Мардасава – да 6 гадоў і 7 месяцаў. Іх прызналі вінаватым у спробе арганізаваць «масавыя беспарадкі» на акцыі, якая павінна была прайсці ў Растове-на-Доне 5 лістапада 2017 года. Маладыя людзі планавалі выйсці на пікет з патрабаваннем адстаўкі абласнога ўрада. Пікета не адбылося: Яна і Уладзіслава затрымалі да пачатку акцыі. Падчас судовага працэсу падсудныя не аднойчы заяўлялі пра катаванні з боку праваахоўных органаў.
За што заблочылі?
«Паведамляем вам пра блакаванне вашага праекта ў сувязі з размяшчэннем у ім палітычна накіраванай інфармацыі. Tilda – гэта платформа, прызначаная для стварэння бізнэс-праектаў. На жаль, яна не прызначаная для размяшчэння і публікацыі інфармацыі і/або праектаў, якія маюць выкрывальны, абражальны, скандальны і іншы падобны характар», – цытуе «Ростовское дело» адказ юрыдычнай службы Tilda.
Пазней юрслужба дадала: «Мы разумеем вас і вашу пазіцыю чыста па-чалавечы і хацелі б дапамагчы. Але мы не можам ставіць пад пагрозу сайты іншых нашых карыстальнікаў, працуючы з такім кантэнтам, бо не маем магчымасці займацца мадэраваннем падобных праектаў».
Гэта законна?
Tilda спасылаецца на п. 7.8 сваёй аферты, дзе прапісанае абмежаванне на публікацыю палітычных матэрыялаў. У кампаніі заявілі, што не маюць велізарных юрыдычных магутнасцяў і не могуць якасна мадэраваць такі кантэнт. Там падкрэсліваюць, што гаворка не ідзе пра тое, каб шкодзіць апазіцыйным СМІ і выражэнню іншага меркавання.
Увесь «непажаданы» кантэнт знік?
Так яно б і адбылося, але адміністратары «Ростовского дела» запыталі ў сэрвіса html-копіі кожнай старонкі, каб сайт можна было аднавіць. У Tilda крыху падумалі і вырашылі кароткатэрмінова разблочыць сайт, каб яго стваральнікі мелі магчымасць усё спампаваць і размясціць на іншай платформе.
Гэта адзіны «палітычны» блок?
Не. «МБХ медиа» паведамляе, што таксама быў заблочаны сайт пра летнія пратэсты ў Маскве, створаны актывісткай Вольгай Місік. Паводле слоў Місік, сайт быў распрацаваны для студэнцкай курсавой работы па мультымедыйных тэхналогіях, а ў частцы пра вынікі пратэстаў згадвалася «Маскоўская справа». Сэрвіс не апавясціў стваральніцу старонкі пра блок. Яна выпадкова даведалася пра гэта, калі вырашыла праверыць сайт.
І што рабіць з гэтай тугою?
Кася Сырамалот
арт-дырэктарка 34mag
«Выкарыстоўваючы пабочныя сэрвісы, трэба заўсёды разумець, што гэта гульня па чужых правілах. Правілы выкарыстання сэрвісаў у любы момант могуць абярнуцца супраць карыстальніка. Як мінімум – раптоўны рост кошту паслуг. Як максімум – блакаванне з любой прычыны. Як правіла, калі ў сэрвісаў няма дастатковай колькасці адміністратараў (а іх заўсёды недастаткова), то сэрвіс адразу блакуе непажаданы кантэнт, і не факт, што ён захоча разбірацца ў сітуацыі. У любым выпадку пройдзе вялікая колькасць часу на вырашэнне праблемы. Таму, асабліва ў актывісцкіх справах, важна старацца выкарыстоўваць уласныя распрацоўкі альбо нейтральныя сэрвісы».