Пратэсты ў 2019 годзе: дзе, навошта, чым скончылася?

«Жоўтыя камізэлькі» ў Францыі ўсё яшчэ незадаволеныя, але не яны сталі галоўнымі ньюсмэйкерамі па тэгу «пратэсты» ў 2019 годзе. Сёлетні топ: надзвычайны неспакой у Паўднёвай Амерыцы, жорсткі «вінтаж» мітынгоўцаў у Ганконгу і раптоўная зацікаўленасць мясцовымі выбарамі ў Расіі.

 

Венесуэла    Вялікабрытанія    Чэхія    Ізраіль    Расія    Грузія    Ганконг   Каталонія

Чылі    Балівія    Мальта    Фінляндыя    Беларусь

 

Венесуэла

Пратэст: 23 студзеня кіраўнік парламента Венесуэлы, апазіцыйны палітык Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны і паабяцаў пакончыць з «тыраніяй і ўзурпацыяй улады», не звяртаючыся да гвалту. Яго абвяшчэнне прызналі ЗША і краіны ЕЗ, гэтыя падзеі сталі чарговым абвастрэннем палітычнага крызісу ў Венесуэле, які разварочваецца на глебе катастрафічнага стану эканомікі і масавай эміграцыі, што хутчэй нагадвае эвакуацыю.

Лозунг: «Да, мы можам!»

Вынікі: Паколькі армія знаходзіцца на баку дзейнага кіраўніка краіны Нікаласа Мадуры, статус-кво захоўваецца, але пратэст перыядычна выбухае зноў – штопраўда, без значных вынікаў, калі за вынікі не лічыць узрастаючую колькасць параненых і загінулых. Канца шматгадоваму палітычнаму крызісу ў Венесуэле пакуль не бачна.

 

 

Вялікабрытанія

Пратэст: Сёлета ў Брытаніі было некалькі значных акцый, датычных мажлівага выхаду з Еўразвязу. 23 сакавіка каля мільёна чалавек выйшлі на пратэст, яны патрабавалі новага рэферэндуму. Паводле ацэнак арганізатараў, гэта была самая масавая дэманстрацыя ў Брытаніі з 2003 года – тады пратэставалі супраць уварвання ў Ірак. У жніўні пратэсты адбыліся ўжо супраць прыпынення працы парламента, які не дазваляў дэпутатам уплываць на працэс выхаду з ЕЗ.

Лозунг: «Пакіньце гэта народу».

Вынікі: Хаця гэта нельга назваць наўпроставым вынікам пратэстаў (хутчэй нязгода парламента з дзеяннямі ўраду) – «брэксіт» двойчы быў адкладзены. Выхад Брытаніі з ЕЗ, які ўшчэнт зруйнаваў палітычную кар’еру прэм’еркі Тэрэзы Мэй і з вялікай доляй імавернасці гэтаксама зруйнуе палітычны лёс дзейнага прэм’ера Борыса Джонсана, можа ўвогуле не адбыцца – далейшы шлях краіны вырашаць пазачарговыя парламенцкія выбары 12 снежня.

 

 

Чэхія

Пратэст: 23 чэрвеня і 16 лістапада ў Празе каля 250 тысяч чалавек выйшлі на пратэст супраць прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша. Мітынгоўцы патрабуюць ад Бабіша да новага года ці сысці з пасады кіраўніка краіны, ці прадаць уласны бізнэс. Прэм'ера абвінавачваюць яго у махлярстве і злоўжыванні службовым становішчам. Адно з галоўных патрабаванняў мітынгоўцаў – адстаўка міністаркі юстыціі Чэхіі Мары Бенешавай, якая лічыцца паплечніцай Бабіша. Пратэсты сталі самымі вялікімі па колькасці ўдзельнікаў з часоў «аксамітнай рэвалюцыі», якая зруйнавала камуністычны лад у колішняй Чэхаславакіі.

Лозунгі пратэсту: «Ганьба Бабішу!», «Усё залежыць ад нас».

Вынікі пратэсту: Пратэст трывае.

 

 

Ізраіль

Пратэст: 30 чэрвеня ў горадзе Кір’ят-Хаім паліцэйскі застрэліў 19-гадовага прадстаўніка эфіопскай габрэйскай супольнасці Саламона Така. Грамада эфіопаў Ізраіля, пратэстуючы супраць перавышэння паўнамоцтваў паліцэйскім, правяла шэраг масавых акцый. Самая буйная адбылася 2 ліпеня, у ёй удзельнічалі больш за 5 тысяч чалавек. Яны перакрылі асноўныя дарогі ў краіне, што выклікала транспартны калапс. Пацярпелі больш за 150 чалавек, некалькі сотняў былі затрыманыя.

Лозунгі: «Гэта пакаранне без суду», «Няма розніцы паміж крывёю і крывёю», «Далоў паліцэйскае самавольства».

Вынікі: Паліцэйскага судзяць за «халатнасць». Цяпер ён знаходзіцца пад хатнім арыштам, яму пагражае да трох гадоў зняволення, суд працягваецца.

Таксама: 30 лістапада адбылася шматтысячная акцыя супраць дзейнага кіраўніка ўраду Ізраіля Бін’яміна Нетан’яху. Пратэстоўцы патрабуюць яго адстаўкі пасля таго, як чыноўніка абвінавацілі ў карупцыі. Нягледзячы на пратэст, прэм’ер, здаецца, сыходзіць не збіраецца, барацьба трывае.

 

 

Расія

Пратэст: У ліпені тысячы чалавек выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў і нядопуску апазіцыйных кандыдатаў на мясцовых выбарах у Маскве – гэта быў самы шматлюдны пратэст у Расіі за апошнія некалькі гадоў.

Лозунг: «Дапускай».

Вынікі: Некалькі тысяч чалавек затрыманыя, супраць некаторых узбуджаныя крымінальныя справы за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі» – гэты пераслед займеў агульную назву «Маскоўская справа». Некаторыя ўдзельнікі пратэстаў былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў, некаторыя – да ўмоўных. Хваля абурэння несправядлівымі выракамі пракацілася нават сярод расійскіх селебрыці, але значнага плёну гэта не дало.

Таксама: Пратэст супраць самага вялікага ў Еўропе смеццевага палігону, які плануюць пабудаваць каля чыгуначнай станцыі Шыес у Архангельскай вобласці, трывае больш за год і ў нечым перагукаецца з берасцейскімі пратэстамі супраць запуску акумулятарнага завода. Людзі літаральна кладуцца пад будаўнічую тэхніку, каб уратаваць родную зямлю. Апошнія месяцы найбліжэйшы да Шыеса пасёлак Урдама фактычна знаходзіцца ў стане аблогі – туды ўведзена Расгвардыя, адключаны інтэрнэт, сувязь і нават электрычнасць. А пратэст усё адно працягваецца.

Таксама: У Элісце, сталіцы расійскага будызму, гараджане пратэставалі супраць прызначэння мэрам горада Дзмітрыя Трапезнікава – колішняга кіраўніка так званай ДНР. Больш за 2 тысячы мітынгоўцаў для статысячнага горада – гэта вельмі шмат. Пратэст быў безвыніковым.

 

 

Грузія

Пратэст: З сярэдзіны 2019 года ў Грузіі працягваюцца пратэсты супраць кіруючай партыі «Грузінская мара». Першай нагодай для пратэсту стаў выступ дэпутата расійскай Дзярждумы Сяргея Гаўрылава ў грузінскім парламенце. Пратэстоўцаў абурыла тое, што ён заняў месца спікера парламента і прамаўляў на рускай мове. Грузінскае грамадства ўспрыняла гэта як здраду з боку кіруючай партыі, што было не дзіўна, улічваючы расійскую агрэсію 2008 года супраць Грузіі. Пратэст быў жорстка задушаны.

Другой нагодай для пратэстаў стала правальнае галасаванне ў парламенце наконт закона пра наступныя выбары парламента, якія павінны былі адбыцца цалкам па прапарцыянальнай сістэме, што зусім не выгадна кіруючай партыі. Закон не быў прыняты, людзі зноў выйшлі на вуліцы – і зноў былі жорстка разагнаныя.

Лозунг: «Вернем Грузію».

Вынікі: Старшыня парламента Іраклій Кабахідзе сышоў у адстаўку. Некалькі чалавек страцілі зрок з-за паранення гумовымі кулямі. Кіраўнік МУС Грузіі Гіоргі Гахарыя, які кіраваў разгонам акцыі ў ліпені, неўзабаве стаў кіраўніком ураду.

 

 

Ганконг

Пратэст: Сотні тысяч ганконгцаў пратэставалі сёлета супраць законапраекта, які б дазволіў экстрадаваць грамадзян Ганконга, у тым ліку і на мацерыковы Кітай. Мітынгоўцы лічаць, што гэты закон істотна падрывае ганконгскую аўтаномію. Пасля таго як праект закона быў адазваны, пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Ганконга Кэры Лам, расследавання празмерна жорсткіх дзеянняў паліцыі супраць дэманстрантаў, вызнання свайго права на пратэст і змянення выбарчага права – правядзення ўсеагульных наўпроставых выбараў. Цяпер толькі палова чальцоў парламента абіраецца народам, астатніх абіраюць прадстаўнікі бізнэс-супольнасці Ганконга.

Лозунг: «Ганконг – гэта не Кітай».

Вынікі: Законапраект быў адазваны, на выбарах у мясцовыя саветы разгромную перамогу атрымалі прыхільнікі прадэмакратычных сілаў Ганконга. Пратэст працягваецца.

 

Каталонія

Пратэст: Нездавальненне выбухнула 14 кастрычніка, пасля абвяшчэння выракаў палітычным лідарам рэгіёна, якія былі прыгавораныя да шматгадовых тэрмінаў зняволення за арганізацыю рэферэндуму па пытанні незалежнасці ад Іспаніі. Афіцыйны Мадрыд палічыў спробу волевыяўлення каталонцаў «падбухторваннем да паўстання». Былы кіраўнік Каталоніі Арыёл Жункерас атрымаў самы вялікі тэрмін – 13 гадоў. Пратэстоўцы блакіравалі чыгуначныя шляхі і спаралізавалі працу барселонскага аэрапорта Эль-Прат. 18 кастрычніка адбылася забастоўка, удзел у якой прынялі каля 600 тысяч чалавек.

Лозунгі: «Свабоду», «Наш прысуд – непадпарадкаванне», «Мы ведаем, яны невінаватыя».

Вынікі: Вынікаў няма, пратэст перыядычна выбухае зноў і зноў.

 

 

Чылі

Пратэст: 6 кастрычніка школьнікі і студэнты, незадаволеныя другім за год павышэннем кошту на праезд у метро, выйшлі на вуліцы. 18 кастрычніка, пасля жорсткага разгону і абвастрэння сітуацыі, прэзідэнт Чылі ўпершыню з часоў Піначэта абвясціў у некаторых частках краіны надзвычайнае становішча. 25 лістапада пратэст сабраў рэкордныя для Чылі 1,2 мільёны чалавек. 24 чалавекі загінулі, некалькі тысяч былі параненыя.

Лозунг: «Гэта не 30 песа, а 500 гадоў чужой гісторыі».

Вынікі: Кошт на праезд быў зніжаны, урад па просьбе прэзідэнта сышоў у адстаўку.

 

 

Балівія

Пратэст: Сотні тысяч балівійцаў выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацый і парушэнняў на выбарах прэзідэнта краіны і супраць новага тэрміну для дзейнага кіраўніка краіны Эва Маралеса. Не менш чым 23 чалавекі загінулі, некалькі тысяч параненыя.

Лозунг: «Жадаем справядлівасці».

Вынікі: Пасля пераходу арміі на бок мітынгоўцаў 10 кастрычніка прэзідэнт краіны Эва Маралес сышоў у адстаўку і збег у Мексіку, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Часова ягонае месца заняла віцэ-спікерка парламента Балівіі Жанін Аньес. Цяпер Балівія – на мяжы грамадзянскай вайны, бо Маралес таксама мае прыхільнікаў, якія не гатовыя саступаць.

 

 

Мальта

16 кастрычніка 2017 года загінула журналістка Дафна Каруана Галіцыя. Яна расследавала выпадкі карупцыі сярод вышэйшага кіраўніцтва краіны. Найбагацейшы мальтыец Юрген Фенек, які праходзіць па справе сведкам, нядаўна назваў главу апарата прэм’ера Кіта Шэмбры замоўнікам забойства, пасля чаго быў затрыманы сам. Гэта выклікала выбух незадаволенасці ў грамадстве, тысячы людзей выйшлі на вуліцы з патрабаваннем адстаўкі прэм’ера Мальты Джозефа Муската. Яны настойваюць, што кіраўнік краіны калі і не замешаны ў забойстве сам, то зробіць усё, каб ягоны падначалены пазбег адказнасці.

Лозунг: «Прэч!»

Вынікі: Прэм’ер, які дагэтуль лічыўся адным з самых паспяховых палітыкаў у гісторыі Мальты, абвясціў, што не будзе балатавацца на наступных выбарах у студзені 2020-га, але мітынгоўцы патрабуюць ад Муската тэрміновай адстаўкі.

 

 

Фінляндыя

Пратэст: З 11 лістапада ў Фінляндыі трывае забастоўка супрацоўнікаў пошты – усё з-за таго, што паштальёнаў вырашылі перавесці з аднаго прафсаюзу ў іншы. Гэта азначае для іх страты ў заробку. Паступова салідарнасць з лістаношамі выказваюць супрацоўнікі авіяцыі, маракі, чыгуначнікі і сфера паслуг. Забастоўка паштальёнаў павінна трываць да 22 снежня. Улічваючы, што 23 снежня ў Фінляндыі пачынаюцца навагоднія вакацыі, можна сказаць, што страйк працягнецца да канца года.

Вынікі: Прэм’ер-міністр Фінляндыі Анцы Рыннэ сышоў у адстаўку 3 снежня, у выніку пратэстаў партнёры па кааліцыі выказалі яго кабінету вотум недаверу. Цікава, што яго кадэнцыя – адна з самых кароткіх у гісторыі краіны: прэм’ер-міністрам ён стаў 3 чэрвеня 2019-га. Новай кіраўніцай ураду стала 34-гадовая Санна Марын – самая маладая дзейная прэм’ер-міністарка як у гісторыі Фінляндыі, так і ў свеце на дадзены момант. Цікавы факт з яе біяграфіі: Санна – сірата, якую ў дзяцінстве ўдачарыла аднаполая пара.

 

 

Беларусь

Пратэст: Каля тысячы чалавек пратэставала на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 7–8 снежня супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй, дакументы пра якую Лукашэнка і Пуцін павінны былі падпісаць у Сочы 7 снежня. Пратэстоўцы небеспадстаўна лічаць, што паглыбленне інтэграцыі небяспечнае для беларускай незалежнасці і абмяжуе суверэнітэт краіны. Прыхільнікі грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці правялі акцыю «Свежы вецер» – некалькі сотняў чалавек саставілі жывы ланцуг, узяўшыся за рукі ўздоўж цэнтральных вуліц Менска.

Лозунг: «За незалежнасць».

Вынікі: Дакументы пра інтэграцыю пакуль не падпісаныя, наколькі на гэта паўплываў пратэст – адказаць складана. Наступная сустрэча кіраўнікоў краін – 20 снежня, на гэты ж дзень запланаваныя новыя акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.