Экс-рэдактар 34mag Аляксандр Карнейчук асуджаны на 15 сутак арышту
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.07.2020
- 8700
Падчас акцый пратэсту, што разгарнуліся ў Менску 14 ліпеня, быў затрыманы наш сябра і выдатны чалавек Аляксандр Карнейчук. Пра яго месцазнаходжанне не было вядома амаль суткі. 16 ліпеня суд Першамайскага раёну асудзіў Сашу на 15 сутак арышту.
Аляксандра затрымалі 14 ліпеня яшчэ да 20:00. Гэты момант трапіў у аб'ектыў фатографа TUT.BY Вадзіма Заміроўскага (здымак у шапцы навіны). Амаль суткі родныя і блізкія людзі не маглі даведацца, дзе Саша знаходзіўся. У РУУС адказвалі, што ён да іх не паступаў. Бліжэй да вечара новага дня стала вядома, што Саша знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.
16 ліпеня справу Аляксандра Карнейчука разгледзелі ў судзе Першамайскага раёна. Яму прад'явілі артыкулы 23.34 КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў». Аляксандр віну па абодвух артыкулах не прызнаў. З ягоных слоў, ён гуляў па праспекце ад плошчы Кастрычніцкай у бок плошчы Перамогі, як робіць гэта звычайна, ён не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, а калі супрацоўнікі АМАП яго затрымалі, ён прайшоў у аўтазак, не задаючы пытанняў.
Сведкамі ў судзе выступілі два супрацоўнікі АМАП. Яны сцвярджалі, што Аляксандр стаяў у ланцугу, крычаў «Ганьба» і пляскаў у ладкі, а пры затрыманні аказваў супраціў – сядаў на зямлю і біўся. Па ідэі, Аляксандр мог хадайнічаць аб далучэнні да справы фатаграфіі, на якой добра відаць, што супраціву ён не аказвае, але хутчэй за ўсё ён нават не ведае пра яе існаванне, паколькі знаходзіцца ў няволі з моманту затрымання. Суддзя Максім Трусевіч палічыў, што віна Аляксандра Карнейчука высвятленая і даказаная, і прызначыў 15 сутак арышту. Раней Аляксандр прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці выключна па лініі ДАІ.
Cаша доўгі час працаваў рэдактарам 34mag, ён вынасіў і выгадаваў музычны праект «Пяршак», які публікуе класныя рэлізы, распавядае пра беларускую музыку і ўключае яе ў сусветны кантэкст. Многія знаёмыя з Сашам менавіта праз музыку – як дыджэй ён выступае пад імем KorneJ. Саша – адзін са стваральнікаў радыё, якое мы заўсёды слухаем у офісе (і не толькі), – Radio Plato.
Падтрымай годнага хлопца лістом ці паштоўкай: Карнейчуку Аляксандру Пятровічу, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, завулак 1-ы Акрэсціна, 36, г. Менск, 220089.
Free KorneJ!
Спіс затрыманых па ўсёй Беларусі даступны на сайце ПЦ «Вясна». Там жа знойдзеш кантакты актывістаў, якія гатовыя дапамагчы.