Убачыла свет кніга Касі Сырамалот «The Belarus Book»

Убачыла свет «The Belarus Book» – кніга фатографкі, дызайнеркі, арт-дырэктаркі 34 Касі Сырамалот. Гэта візуальны аповед пра Беларусь у 170 фатаграфіях з каментарамі аўтаркі.

Летась сродкі на выданне кнігі даволі хутка сабралі праз краўдфандынгавую платформу «Улей», але 11 чэрвеня рахункі «Улея» былі заблакаваныя, закруцілася ўсім вядомая сумная гісторыя, і банк дасюль не вярнуў грошы. Магчыма, іх давядзецца вяртаць праз суд, але тыя, хто чакаў кнігу, атрымалі (або яшчэ атрымаюць) яе раней. «Мне вельмі складана далося адчуваць сябе абавязанай цэлы год, – кажа Кася. – Мы знайшлі спосабы выдаць кнігу і надрукаваць яе ў Беларусі. Гэта было цэлым квэстам у сітуацыі пандэміі і закрытых межаў. Да таго ж беларуская кніжная вытворчасць не настолькі мадэрнізаваная, таму тыпаграфіі прыйшлося вучыцца працаваць з новым тыпам паперы і такой складанай замовай. Я была на друку і рада, што мы змаглі дасягнуць патрэбных колераў. Калі б мы друкавалі за мяжой і я не змагла прыехаць, мы дакладна не атрымалі б тых самых патрэбных адценняў».

Складаная гісторыя «The Belarus Book», на думку Касі, толькі падвышае каштоўнасць кнігі для нас усіх. Трапіўшы ў альбом – фізічны аб’ект у прасторы, – фатаздымкі сталі часткай нашай агульнай гісторыі, цяпер іх можна ўспрымаць на іншым, візуальна-тактыльным узроўні.

 

 

 

Кася Сырамалот,
аўтарка «The Belarus Book»


– Калі разважаць пра тое, што ўсяму сваё месца і час: кніга сама вырашыла, калі ёй з’явіцца. Я б хацела, каб яна стала падарункам для беларусаў і ад беларусаў. То-бок мне б хацелася, каб беларусы яе дарылі самім сабе. Як каштоўную гісторыю нашай агульнай сям’і. 

Адмыслова не ўключала ў кнігу стандартныя ракурсы, шукала архетыпныя і вельмі чалавечыя вобразы. Хацелася, каб кніжка не была проста дакументацыяй, а выклікала пачуцці. Вядома, чым больш рознымі яны будуць у кожнага, тым я буду болей задаволеная. Чым больш асацыяцый з’явіцца пры праглядзе, чым больш успамінаў будзе ажываць – тым лепей. Тады кніга сапраўды будзе паўнавартасна нашай супольнай, а мы ўсе – суаўтары Беларусі. 

Магчыма, «The Belarus Book» будзе таксама добрым падарункам замежным сябрам ці партнёрам, бо візуальная мова мае вялізны плюс: яна зразумелая без словаў. Я сама заўсёды мела вялікую праблему: што прывезці ў падарунак так, каб гэта было захапляльна і карысна? Мы адмыслова зрабілі кнігу ў фармаце, меншым за А4, каб зручна было пакласці ў невялікую торбу ці заплечнік і не надарвацца, калі вязеш яе за моры. Таксама выбіралі паперу, якая будзе шчыльная, але не будзе дадаваць лішняй вагі. 

 

 

Менш за ўсё мне хацелася б, каб кніжка ператварылася ў настальгію, сум па Радзіме. Мне хацелася б, каб яна была проста доказам таго, што Беларусь існуе, хочам мы таго ці не. Што яна розная, што яна такая, як ёсць, і без прыняцця і любові нічога не можа заквітнець і стаць такім, як ёсць. Бо ўсё, што паказана ў «The Belarus Book», – гэта не пра тэрыторыю. Гэта пра людзей, якія тут жывуць, пра мясцовы характар, пра прыярытэты, пра паўсядзённую эстэтыку, якая нас атачае. Усё тое, што нас атачае, – нас фармуе. І тое, што ў нас яшчэ засталося, а таксама нашая творчая энергія, якая ў многіх доўгі час была заблакаваная і толькі цяпер здолела прабіцца і дыхаць свежым паветрам, – усё гэта нас фармуе мацней, чым мы можам сабе ўявіць. 

Стагоддзямі да нас жылі людзі, якія верылі ў тое, што робяць, і рабілі гэта выдатна. Так не хочацца іх падводзіць. Для мяне лепшым эфектам будзе, калі кожны, паглядзеўшы кніжку, проста пойдзе і зробіць нешта добрае і карыснае для Беларусі альбо з дапамогай «The Belarus Book» распавядзе пра краіну замежным сябрам.

 

Набыць «The Belarus Book» можна на oz.by або ў «Акадэмкнізе» (Незалежнасці, 72). Калі ты аматар(-ка) выданняў з аўтарскімі вензелямі, заскоквай у краму заўтра, 12 чэрвеня: Кася Сырамалот ладзіць аўтограф-сесію з 14:00 да 16:00. 

 

Замовіць «The Belarus Book» з дастаўкай