Даследаванне: 42% слухачоў і слухачак падкастаў абіраюць гумар
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.10.2023
- 3145
22% беларусаў і беларусак ніколі не слухалі падкастаў, а з тых, хто слухае, 42% аддаюць перавагу шоу з гумарыстычнай падачай. Такія лічбы вынікаюць з даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні і Belarus Podcast Hub. Але як менавіта слухаюць падкасты тыя, хто на іх ужо падселі? 34 уважліва прачытаў матэрыял і выбраў самае важнае.
Хто слухае падкасты?
Цікава, што ў сацыяльна-дэмаграфічным плане слухачы і слухачкі падкастаў нічым істотна не адрозніваюцца ад тых, хто падкастаў не слухае. Унутры групы аматараў ды аматарак аўдыяшоу таксама зачапіцца амаль няма за што.
Агульны партрэт атрымаўся такі:
49% – жанчыны, 51% – мужчыны;
33% – ва ўзросце 25–34 гадоў, 29% – 35–44;
29% жывуць у Менску, 37% – у гарадах-стотысячніках;
34% атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, 32% скончылі ВНУ;
75% адказалі, што маюць сярэдні дастатак.
Як у Беларусі слухаюць падкасты?
Назіранні, на якія варта звярнуць увагу беларускім падкастарам і падкастаркам:
Якія падкасты заходзяць лепш?
Цікава, што большай папулярнасцю карыстаюцца размаўляльныя фарматы тыпу інтэрв’ю ці ток-шоу. Аўдыядакументалкі і сола-падкасты тут крыху прайграюць.
Нельга ігнараваць той факт, што беларусы і беларускі, як вынікае з даследавання, шукаюць у кантэнце найперш магчымасць атрымаць станоўчыя эмоцыі і адцягнуцца ад клопатаў. Большасць апытаных слухае падкасты, каб бавіць час, і тэмы абірае адпаведныя: музыку, гумар, кіно, псіхалогію, здароўе. Запыт на «сур’ёзныя» топікі, кшталту палітыкі, гісторыі, эканомікі, таксама ёсць, але такія падкасты заўсёды будуць больш нішавымі. І нішавымі ўнутры нішавых былі і застаюцца падкасты, арыентаваныя на нацыянальную мову і культуру. Падкрэслена беларускі кантэнт рэдка з’яўляецца забаўляльным.
«Беларускае – гэта амаль заўсёды праблемнае, балючае, цяжкае, гэта сегмент рэальнасці, які нячаста выходзіць у паўсядзённасць ці які большасць лічыць за лепшае не бачыць у сваёй паўсядзённасці, Ён проста не адпавядае запытам большасці слухач_ак, – канстатуюць у БАМ. – Стварэнне беларускага кантэнту, які б адпавядаў запытам больш шырокай аўдыторыі (напрыклад, забаўляльны кантэнт, самаразвіццё, адукацыя і іншыя “няцяжкія” тэмы), магчыма, маглі б змяніць сітуацыю і скарэктаваць успрыманне “беларускага” ў цэлым».
Зразумела, што і «складаны» кантэнт заўсёды знойдзе сваю публіку – можа, нават болей адданую. Гаворка тут хутчэй пра тое, што ў беларускім падкастынгу ёсць незанятыя нішы, актыўнасць якіх пайшла б на карысць усёй індустрыі. Агулам атрымліваецца, што да беларускага падкастынгу аўдыторыя, калі яна яго ведае, адносіцца станоўча, і тут бачыцца вялікі патэнцыял, які пакуль не надта рэалізаваны.
Цалкам даследаванне пра тое, як у Беларусі цяпер заходзяць падкасты, можна пачытаць па спасылцы.
Фото: Palasatka