«ТЭАРТ» абвясціў праграму
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.08.2019
- 6482
З 20 верасня па 8 кастрычніка ў Менску ў дзявяты раз пройдзе Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ». 34mag хуценька аб'яўляе праграму і распавядае пра бонусы і падарункі, у тым ліку – адрасаваныя выключна нашым чытачам і чытачкам.
Слоган «ТЭАРТу» сёлета просты і ёмісты – «Канцэнтрат». Маецца на ўвазе, што гледачоў і глядачак чакае «канцэнтрат смелых рэжысёрскіх рашэнняў, правакацыйных ідэй, актуальных тэм, яркага выканання і новых эмоцый». Карацей, суцэльная магія.
Чым уразіць беларуская праграма (Belarus Open)
Прадэманструюць блокбастар ад свету тэатра – «ГЭТАМЫ» пра жыццё і творчасць суперпапулярнага беларускага аўтара Андруся Горвата. Гэта праца ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова. На Belarus Open пакажуць таксама яго «Паляванне на сябе».
Пакажуць аж два творы рэжысёра Юры Дзівакова: сучаснае прачытанне старазапаветнай гісторыі «Песнь песней» і «Павятовы лекар» паводле Франца нашага Кафкі.
Будуць два лепшыя спектаклі сезона 2018/2019 па версіі TUT.BY: «Вартавыя Тадж-Махала» Аляксандра Янушкевіча і «Паветра» Вольгі Лабоўкінай (апошні – твая магчымасць азнаёміцца з такім жанрам, як танц-спектакль).
Прывязуць Вальтэра, якога хочацца глядзець у 2019-м. «Кандыд, або Аптымізм» Ігара Казакова – інтэрпрэтацыя круцельскага рамана, па яго тэатралы гатовыя ехаць нават у такую далеч, як Магілёў.
Упершыню ў рамках беларускага шоукейса пакажуць спектакль Беларускага Свабоднага тэатра. Гэта будзе «Дом № 5», які складаецца з гісторый людзей з інваліднасцю.
Таксама ўпершыню на форуме адбудзецца прэзентацыя праектаў «Тэатр сацыяльных даследаванняў». Праекты Лабараторыя Тэатра сацыяльнага ECLAB, HUNCHtheatre і «Крылы халопа» пакажуць табе такі тэатр, які здольны мяняць грамадства. Пакажуць, адпаведна, «Родныя людзі?» пра хатні гвалт, «Левыя дысідэнты» пра супрацьстаянне чалавека і сістэмы, «Brest Stories Guide» пра знішчэнне берасцейскай габрэйскай абшчыны ў 1941–1942 гадах.
Чатыры сланы міжнароднай праграмы:
пастаноўка на няіснай мове – «Адысея» аднаго з найстарэйшых тэатраў Германіі;
мудрагелісты мікс харэаграфіі і 3D з аптычнымі ілюзіямі – «Піксель» Мурада Мярзукі;
псіхалагічнае даследаванне польскага рэжысёра Крысціяна Люпа на тэму нацыяналізму і фашызму – «Плошча герояў»;
марыянеткавы спектакль Рэзо Габрыадзэ (гэта той самы, які сцэнарыст «Кін-дза-дза») «Сталінград» – лепшы паводле New Yorker у 2010 годзе.
Зніжкі і падарункі для тых, хто дачытаў(-ла)
Калі купіць білет на спектакль, а потым зазірнуць у Ruin Bar на Кастрычніцкай, там нальюць што заўгодна са зніжкай 20%. А яшчэ спецыяльна да «ТЭАРТу» там прыдумаюць тры новыя кактэйлі.
Калі сфатаграфавацца з білетам на пастаноўку «ТЭАРТу» ў якой-небудзь з кавярняў «Зерне», можна выйграць праходку на яшчэ адзін спектакль.
Больш падрабязна пра ўсё чытай на сайце «ТЭАРТу» або ў яго сацсетачках.
Квіткі на івэнты прадаюць на teart.by, bycard.by, kupalauski.by, smsbilet.by, bezkassira.by.